Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Ці табе чакаць дзіва, вастразады? Багі вашыя заплылі золатам, як бараны лоем. Ты – Бог?– Накшталт таго. Часова.– Цікава мне будзе паглядзець, якая ў Бога кроў.Хрыстос дастаў нож і разануў ім сябе па руцэ. На запясці.– Вось, – спакойна сказаў ён.– Тц-тц-тц, – сказаў хан. – Як ва ўсіх.– Як ва ўсіх. І добрая, і злая, калі пакрыўдзяць. Таму бяры ты свае сорак тысяч грабніц для падлы дый бяжы. Таму што я сваю кроў магу паказаць, але не табе праліваць яе.Марлора ўздзеў вочы. Ён гневаўся больш і больш.– Вы – баязліўцы, вы – людцы. Мы гналі вас. Не паможа табе тваё дзіва, гнойны робак, сын сабакі. Хутка ты будзеш лямантаваць на палі, як ужо раз лямантаваў у Ерусаліме, і ні людзі, ні Бог твой за цябе на заступяцца! Убачыш ты яшчэ ганьбу і попел зямлі сваёй. – У глотцы хана клекатала, каламутнай плеўкай заслаліся вочы. – Вы не ўмееце бараніцца. Ханы і мулы вашы – калоцяцца, як мядузы.– Затое люд цвёрды, як зямля вось тут, – і Хрыстос пастукаў пяткай па закляклай курганнай зямлі.– Людзі... Людзі вашы цягнуць кожны ў свой бок. Няма і не будзе ў вас такога, як у нас. – Ён прыўстаў на калені і вадзіў каламутнымі вачыма вакол. – Вось глядзі! – І ён ляснуў у далоні. – Джанібек.Моцны, не стары яшчэ джура1 зрабіў крок наперад. Не схіліўся, не кульнуўся ў ногі, нібы разумеў, што яго чакае, і ведаў, што перад гэтым усе роўныя і нават ён, джура, ідучы на гэта, стае побач з ханам.– Але, наймудрэйшы, – спакойна, нібы па той бок, глядзелі ластаўчыны крылы вачэй.– Давядзі сваю адданасць ханству і мне.– Так, тварам падобны поўні.Міжволі халадзеючы, стаялі на схіле воіны Хрыста і ён сам. Джанібек спакойна аддаў суседу тул, шчыт, раскруціў аркан і скінуў кушак, сцягнуў кальчугу. Пасля куцапа пайшоў з кургана. Марлора глядзеў на яго з гонарам, і вецер варушыў вэлюм вакол ягонай місюркі.Джура сышоў у поўнай цішыні. Зняў крывую шаблю – ялмань, уторкнуў яе канцамі ў зямлю. Моцна ўторкнуў. І пасля – ніхто і слова сказаць не паспеў – кінуўся на яе жыватом, націснуў, з сілаю праехаў ад пашырэння на канцы ляза ледзь не да самага эфеса.Лязо ўсё глыбей уваходзіла ў цела, і ён апускаўся. Хрыстос стаяў белы, як папера.– Бачыш ты, жаўтавухі?! – трыумфаваў хан.Джанібек раптам закрычаў, грызучы зямлю:– Не забудзь мяне ў раю Алаха, заўсёды слушны! Не абдзялі мяне, калі прывядзеш туды абраны твой народ!Вочы ў хана ззялі. Ён пачакаў яшчэ трохі і сказаў суседу Джанібека:– Досыць. Ён ужо знойдзе адчыненай браму эдэма. Апусці дзеля друга шаблю літасці.Той няспешна пайшоў па схіле. Пасля знізу даляцеў шалёсткі ўдар.– Ну, – звычайным голасам сказаў хан.Хрыстос ужо справіўся.– Што ж, адным ворагам меней.– Вось чым мы перамагаем, – выскаліўся хан. – Ёсць такое ў вас? Можа быць?– Крый Божа нас нават ад перамог, калі яны стаяць на такім. Калі ў нас будуць гэтакія перамогі – гэта канец. Яны ў нас будуць іншыя або ніякія... А за гэта твой стан я зраблю ўладаннем вожыкаў і балотам.Спакойны гнеў кіпеў у ягоных вачах. Вочкі Марлоры ўсміхаліся, твар нібы замасліўся.– Тц-тц-тц. Нядобра гаворыш. А як жа “ворагаў любіць”? А закон твой што гаворыць? – Хан павярнуўся адной шчакою: – Хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю... – і Марлора, нібыта атрымаўшы адзін удар, павараціў галаву.– Падстаў яму і другую, – спакойна сказаў Хрыстос.І раптам – ніхто не паспеў заўважыць – ён нанёс хану скрышальны ўдар у зубы. Ляснулі сківіцы. Марлора пакаціўся з кургана.