Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Крымчакі схапіліся за шаблі. Але вакол Юрася ўжо трымцелі, накладзеныя на нацягнутыя аленевы жылы, пёрыстыя стрэлы.– Вось так ты і будзеш ляжаць, дагары варонкаю, – сказаў Хрыстос.Хан узняўся. Твар ягоны быў у зямлі, і нельга было не жахнуцца, гледзячы ў яго вочы. Джуры павесілі галовы, ведалі, што гэта, магчыма, апошні іхні дзень, бо сведкі ганьбы не павінны перажываць ганьбу.– Гэй, хан! – сказаў Хрыстос. – Ты памятай, нельга гуляць з мяккай рысінай лапай. Не палохайся. Не кранём. Бяры арду. Ідзі проста на поўнач. Я цябе чакаю. Я трохі і адзін буду. Паспееш шкуру здзерці – тваё шчасце.Людзі пачалі спускацца з кургана да коней. Пяціліся.

Раздзел ХХХІІІ

Дарога спускалася па спадзістым схіле і пасля ўваходзіла ў лес. Прыблізна пасярэдзіне рос на гэтым схіле вялікасны стары дуб. Хрыстос стаяў пад ім, задзёршы ўгору твар.– Што, не відаць? Тумаш!У дубе, на вышыні пяці сажняў, было дупло, а з яго тырчаў круглы, з адвіслымі шчокамі, твар Фамы. Вырачаныя вочы варочаліся. Здавалася, у дупле сядзеў вялізны пугач. Пасля гэты пугач свіснуў.– З’явіліся. Кацяць сюды. Ты падбаў хады. Калі да пушчы, да дамбы схопяць – і айцец нябесны табе не паможа. Аднаму кепска.Юрась рушыў уніз па схіле.– Гэй, Юрась, коней яны пагналі. Хутчэй! Хутчэй!Юрась ішоў павольна, як раней. Да лесу ад яго было недалёка. Да грады – сажняў дзвесце пяцьдзесят.І тут арда з’явілася на грабяні грады. Адзін коннік... Дзесяць... Шмат, да жудасці шмат коннікаў. На грабяні нібы вырас лес.Фама ў дупле напружыўся (твар стаў, як сліва), сціснуў кулакі і заплюшчыў вочы: ён усё яшчэ часамі выпрабоўваў сваю веру, не мог забыць метэора. Пасля расплюшчыў вочы – арда была на месцы.– Веры малавата, – ціха сказаў Фама.І нібы ў адказ яму, сказаў Хрыстос:– Сілы. Сілы малавата.Ён павольна ішоў да пушчы. І вось спіною адчуў: заўважылі.– Ага-а-а-а-а! – спявуча залямантаваў голас.Шалёна закрычаў Марлора. Пасля раўнулі бубны, пачуўся ўсё нарастаючы аглушальны тупат; з гікам рынула лава.Фама абамлеў: шкаляр ішоў павольна-павольна. Тумаш няверны не ведаў, што калі каго даганяеш плоймай, а тут бачыш, што ён, адзін, ідзе і не спяшаецца, нібы яму начхаць, ярасць пагоні робіцца вышэй за сілы таго, хто даганяе.– Бярыце Бога! – крычаў Марлора. – Бога бярыце!Юрась увайшоў у лес. Знік. Каб Фама бачыў яго ў гэтую хвіліну, ён бы трохі супакоіўся. Бо чалавек, схаваўшыся з вачэй, раптам ірвануў з месца так, як не ўцякаў і Іосіф ад пажадлівай жонкі Паціфара.У гэты момант ён з поспехам мог бы ўцячы ад стралы, пушчанай яму ў спіну.Мільгалі дрэвы, імшаныя пятачкі, зарасці крушыны. Усё злівалася ў зялёную, стракатую мяшанку. У канцы кожнага прамога ўчастка дарогі ён запавольваў бег, пераходзіў на хаду (ніхто не павінен быў бачыць, што ён спалохана ўцякае), а пасля зноў паддаваў так, што ледзь не рваліся паджылкі.А за спіною ўсё бліжэй нарастаў пошчак.Ногі не трымалі яго, калі ён вылецеў на дамбу, убачыў з двух бакоў сінюю іскрыстую роўнядзь возера, а перад сабою – роўную стужку насыпу. Ён бег і цяпер, магчыма, нават хутчэй, бо выкладаў апошнія сілы, але ўвесь час азіраўся, каб пакінуць бегчы, як толькі яны з’явяцца.Кожны сажань быў радасцю. Значыць, магчыма, не дагоняць, значыць, можа, і ўратуецца, не загіне.І вось... выскачылі. Ён пайшоў спакойна, як раней. Разлік быў правільны. Ён выйграў некаторы час, пакуль лава перастройвалася на ўзлессі ў вузкі парадак, а цяпер, перад дамбаю, у змяю. Вось змяя ўсцягнулася на насып.