Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Ён азірнуўся якраз тады, калі нехта ўздымаў лук. Кепска! І тут жа ён убачыў, як Марлора ўдарыў таго раменнай камчой па галаве.– Жыўцом браць! Шкуру з яго!..Скакалі. Даганялі. Хрыстос ішоў, нібы не чуў іх.І раптам Юрась спыніўся. Дамба канчалася, і наперадзе было люстра вады. Жах плескануўся ў ягоных вачах.Хан зарагатаў:– Жыўцом!Яны былі зусім ужо блізка. Яшчэ трохі і – як кінуць арканам. Адзін нецярплівы аркан упаў ад яго сажні за чатыры.І тут Хрыстос павярнуўся, ляснуў сябе па азадку і, перажагнаўшыся другой рукой, спакойна накіраваўся ў свой спрадвечны шлях па водах. Ішоў далей і далей, нібы плыў у паветры. А на зрэзе насыпу стаяла прыгаломшаная арда.Марлора залямантаваў у экстазе, укусіў сабе вялікі палец рукі і крывёю пачаў крэсліць на абліччы знакі.– Мусульмане! Алах з намі! Тут плытка! У пагоню, браты!Лава ўспеніла ваду. Сапраўды было плытка. Але яны рухаліся па даволі гразкім дне, а чалавек ішоў па зрэзах паляў, ледзь не па самай паверхні.Настрой арды з гэтай незразумелай прычыны трохі падупаў, і ўсё ж арда даганяла. Глыбей... Глыбей... Пачалі вязнуць коні... І тут Хрыстос стаў.– Марлора, а я адзін! Толькі зямля мая са мной! Чуеш!Ён чабарохнуўся ў ваду і паплыў. Уздзьмуты пузыром хітон плаваў на паверхні.Плыў ён надзвычай хутка. З-за астраўка вывернулася насустрач яму падобная да пірогі плавіца. Човен слізгаў, нібы па масле. І тут Марлора зразумеў: нападуць на чаўнах.Да берага было сажняў пяцьсот. Але дамба – вось яна, рукой падаць. А ў лесе няма людзей. Іначай крычалі б, клекаталі спецыяльна абвучаныя крэчаты на плячах у некаторых воінаў. І ўсё ж дарэмна ён зрабіў, што паткнуўся сюды. Нічога, вось яна, дамба. Шкада толькі, што Бог уцёк. Нішто, нядоўга і яму... А ён, Марлора, за сваю абразу выпаліць усё на дзесяць дзён скачкі вакол.– Назад! – крыкнуў ён. – На насып.Арда павярнула. Пенілі ваду коні. На дамбе пагоншчык імкнуўся павараціць слана. Нехлямяжы волат трубіў і пераступаў нагамі. З дзесятак коннікаў ужо вылезла на насып.І тут Марлора з жахам убачыў, як на дамбу, бы ў страшным сне, пачаў падаць лес, які рос на схілах. Падалі медныя хвоі, срэбныя таполі, чорныя вольхі, відаць, загадзя падпілаваныя, ламалі сушняк, самі ламаліся. У трэску ўзляталі высока ў паветра кавалкі дрэва, шумела галлё. Праз некалькі хвілін уся дамба была як суцэльны непраходны завал. Ашалелы слон цяжка бухнуўся ў ваду, затрубіў, правальваючыся на багністым дне.І тады коннікі, абцякаючы дамбу, угрузаючы, пачалі рвацца да такога далёкага берага. Коні падалі – нехта наторкаў у дно вострых альховых старчакоў, дый без іх на купінах і карчах сам д’ябал зламаў бы нагу... Крыкі, лаянка, гігатанне.Людзі падалі і хапалі вады, бо коні падміналі іх.Борсаўся ў вадзе, топячы коннікаў, баявы слон.А з-за астравоў выходзілі новыя і новыя чаўны-пірогі з лучнікамі. Ляскалі цяцівы аб скураныя пальчаткі, стрэлы ляцелі роем.І гэтыя людзі плылі між тымі, што ўгразалі, і білі, білі, білі на выбар. Ім няма чым было адказаць. Падмоклая цеціва – не цеціва.Хан з жахам бачыў, як адна за адной знікалі галовы. Ён разумеў: б’юць бязлітасна, не шкадуючы нават тых, што завязнулі, бо іх мала, вельмі мала. Адзіны выхад быў – вырвацца на бераг.Ён быў ужо блізка. Значная частка арды паспяхова прарывалася да яго. Між імі і берагам ляжала не такая ўжо і шырокая паласа, густа зарослая сітнікам, жоўтай кубышкай, чаратамі і белымі гарлачыкамі.