Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Марлора крычаў, махаў шабляй. Яму ўдалося збіць арду ў адносны парадак. Заднія кідаліся на чаўны з дзідамі, жыццём плацячы, каб даць магчымасць астатнім вылезці на сухое.Белыя гарлачыкі. Хан імкнуўся да іх, як да жыцця. Недзе там, за імі, была цвёрдая апора дзеля конскіх капытоў... Конь раптам асеў. Марлора вызваліў ногі і, кепска плаваючы, ухапіўся за хвост пярэдняга каня.Намацаў нагамі грунт, стаў.І тут з-пад гарлачыкаў, адкідаючы пустыя сцеблі сітніку, выраслі, усталі гурмы. Нібы сама вада нарадзіла іх. Іх было, як чарота на гэтай вадзе.Паляцелі каменні з прашчаў. Прашча не лук, яна не баіцца вады. Град каменняў. Каменны дождж, бы ў каране. Воіны падалі, ашалелы слон цяпер, можа, звар’яцеўшы, хапаў сваіх жа, круціў у паветры і падкідаў высока ў неба.Вада пенілася пад камянямі. Марлора ўбачыў, што частка коннікаў усё ж прарвалася, але ён ужо не верыў і таму не здзівіўся, калі пушча адказала дажджом стрэл.А пасля ён убачыў, што над ім высіцца, стоячы ў чаўне, гэты Хрыстос, той, хто ўпершыню ў ягоным жыцці ўзняў руку на гонар яго аблічча. І яшчэ адчуў, што ногі заселі і ўгразаюць усё хутчэй.– Шайтан! – утрапёна сказаў Марлора. – Сын ішака! Апаганшчык грабніц, мазараў, мячэцяў.І са здзіўленнем пачуў, што ў голасе ворага сум і амаль шкадаванне.– Дурань, – нявесела сказаў Хрыстос. – Ну хто з нас калі-небудзь апаганіў мячэць? Татары тут жывуць. Моляцца па-свойму. Добрыя, мірныя людзі. Сумленныя, чыстаплотныя. Хто іх хаця пальцам крануў? А ты іх як?.. Яны нам – нічога. Вось ты нашто сюды прыйшоў? Нашто крычаў аб крыві, аб Богу, што прагне? Нашто Джанібека зарэзаў? Толькі каб давесці? Нас гэтым не давядзеш, не напалохаеш... Толькі... якое ж вы быдла... Што ў вас, што ў нас...Марлора стараўся непрыкметна, пад вадой, выцягнуць з тула стралу (лук быў таксама пад вадой). Ён не падумаў, што зверху відаць.– І тут страляць хочаш? Не навучылі цябе? Нават калі... Ну, страляй.Жаласна звякнула падмоклая цеціва. Страла ўпала каля чоўна, рыбкаю ўвайшла ў ваду, усплыла і захісталася стоячы.– Смерць несла, – сказаў Хрыстос. – Як ты. А цяпер? Вось усе вы так, моцныя, калі ўстае на вас зямля і вада. – І з нейкай прагаю зашаптаў: – Слухай, біць цябе брыдка. Слухай, скончым справу мірам... Дасі слова не прыходзіць – пушчу.Хан плюнуў.– Пажыральнік падлы! Тут не толькі мае! Тут ляжаць і твае. У сына вялікае войска. Насцярожаны, ён не трапіць у пастку, як я. Усё адно канец табе. Здавайся! Даю адно слова: не заб’ю цябе, нават рабу вушэй не пракалю.Заплюшчыўшы вочы, Хрыстос спусціў стралу, і яна ўвайшла Марлоры ў лоб....Над возерам дагарала лютае вынішчэнне.Дачуўшыся аб разгроме і смерці бацькі, мурза Сялім аддаў смерці дрэннага вестуна і вось ужо чацвёртыя суткі адыходзіў, кружляў, не ўвязваючыся ў бойку, адрываўся, рабіў ложныя выпады, праходзіў бокам і нападаў на вёскі, паліў мястэчкі.Крымчакі зарэзалі ўвесь палон, перарэзалі захопленыя чароды, залаты луп распіхалі па саквах. Ідучы паўз лясы, імкнуліся пусціць палы.І ўсё ж Братчык, у якога паўсюль былі вушы, няўхільна наздаганяў, знаходзіў, цясніў усё яшчэ магутныя і пагрозныя рэшткі арды. Іх і цяпер было толькі трохі менш, чым праследавацеляў. Але ў беларусаў было мала конніцы, не ўсе былі ў латах (даволі невялікія татарскія кальчугі лезлі далёка не на ўсіх высокіх сабою лясных людзей). Не з лепшых была і зброя.Няма чаго было і думаць узяць хітрасцю яшчэ і гэтых. Даводзілася шукаць адкрытага бою, і сэрца Хрыстова балела пры думцы аб тым, колькі будзе забітых (ён ужо ўсё ведаў ад Магдаліны аб Анеі, і ад гэтага было яшчэ горш). Але як бы ні балела сэрца, ён бачыў, што без сечы не абыдзешся. Не кінулі б зброі самі людзі, задзертыя за жывое спусташэннем, крыўдай і забойствамі. Усе нібы моўчкі вырашылі: не выпускаць.