Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Добра, – сказаў ён. – Ідзіце, людзі. Чаго ўжо.Сялім глядзеў на яго поўным трыумфу позіркам. І, нягледзячы на тое, што твар яго быў у зямлі і куродыме, здавалася, што пераможца – ён, а не чалавек, які стаяў на схіле і працягнутымі рукамі (з’явіўся ў яго з нядаўняга часу такі жэст: распасцёртыя да людзей рукі), з раптоўнай чыгуннай стомай і абыякавасцю развітваўся з натоўпамі, якія плылі з поля ў розныя бакі. Яны крычалі да яго радасна, але ішлі хутка. Упэўненыя былі, што з ім нічога не здарыцца, а вось неаплодненая зямля можа адпомсціць.Сілуэт ягоны на вячэрнім небе быў нібы паніклы. Як быццам стрыжань вынялі з яго.Урэшце разышліся амаль усе. Пад узгоркам стаялі яшчэ толькі два атрады: адзін – спыненая днямі варта з Міра, уцекачы, усе ў жалезе і з добрай зброяй, хаця і нешматлікія колькасцю, і даволі вялікі мужычы натоўп.– Ваўкавыскія мужыкі, – сказаў Тумаш.А Іуда дадаў:– Адпусціў – дарэмна.– Чаму? – спытаў Братчык.– Думку аб сяўбе кінулі шаптуны. І, здаецца, ці не з таго-ткі мірскага загона. І хай мне не дажыць да наступнага кавалка хлеба са шмальцам, калі я не здагадваюся, чыя гэта рука.– Думаеш, сочаць? – спытаў шляхціц.– Мала таго. Ведаюць, што зямля кліча.– Кінь, – сказаў Братчык. – Зараз усё адно.Сядала халаднаватае сонца. Трохі зызнулі без агнёў і чакалі чагосьці людзі пад узгоркам.– Дурань ты, – сказаў Фама. – Асёл, раменныя вушы. А што, калі пастка?– До, – паказаў на натоўп Юрась. – Хопіць крыві. Калі ўжо яна іх нічаму не навучыла.І тут зарагатаў мурза:– Вось! Вось табе і канец дарогі тваёй, Бог. Успомні Джанібека, што прайшоў ужо лязом райскага моста, што цяпер ляжыць сярод гурый! Магло ў нас быць такое, каб, перамогшы, адразу думаць, ці не давядзецца аддаваць Алаху душы свае? – Ён захлынаўся. – Ых-ых-ых!.. Дзівам выдзер перамогу, чарадзействам, а не мужнасцю. Алаху пажадалася.Хрыстос не вытрымаў. Зноў нібы прыдбала хрыбет, выпрасталася спіна.– Нешта ў цябе, мурза, памяць каціная. Часта ж ён вам здраджвае, Алах. Часта ж мы чарадзействам вас пабівалі. Забылі, як вы, Кіеў узяўшы, на нас, беларусцаў, ішлі?! Як тады пад Крычавам просты мужык Іванко Мядоўнік з раццю сваёй вас гнаў?! І як мы вам яшчэ пад Крутагор’ем наклалі?! Памятай цяпер. Але ты на нас больш не пойдзеш.– Заб’еш? – нахабна спытаў Сялім. – Ну-ну. Мы смерці не баімся.Юрась усё яшчэ трымаў у руках слупок клейны.– Нашто? Проста клеймаваны ганьбаю – не хан. Яго не палацы сустракаюць. Ты помні Крычаў! Помні Крутагор’е! Памятай Волхава балота! Памятай гэтае поле! А вось табе і метка, на памяць.І ён з сілаю ўдарыў клейнаю ў лоб мурзе.– Ідзі цяпер да сябе. Сядзі з жанчынамі на іхняй палове. Падбірай за конямі гной. Каб ведаў, як жывуць разбоем.– Забі, – асэнсаваўшы ўсё, з надзеяй сказаў мурза.– Ідзі. Дайце яму каня.Мурза пабрыў да ўзгорка. Сеў у сядло. Рушыў каня абы-куды....І тут устрывожыліся крумкачы над лесам. Устрывожыліся мужыкі пад узгоркам. Страпянуліся мірскія коннікі.Ад пушчы цягнулася кавалькада: некалькі дзесяткаў коннікаў на чале з грузным чалавекам у латах. Побач з ім ехаў нехта ў плашчы з капюшонам.– Карніла, – сказаў Тумаш. – І каплан Басяцкі з ім.– Нешта яны пасля імшы, – сказаў тупаваты Піліп. – Гэна, як татарам на галовы дубы пускалі, то яны... А слабыя ўсё ж татары. Падумаеш, дрэва. Мне дык унь стогадовы...– Змоўч, – сказаў Хрыстос. – Ідзі, Марыя, стрэнь іх.Басяцкі заўважыў яе здалёк. Шапянуў Карнілу: