Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– А мужыкі стаяць. Не зусім зработала спакушэнне.– Ды няшмат і засталося іх. Можна і сілай...– Паглядзім. Шуму не хочацца. Паспрабуем іначай.Магдаліна спынілася перад храпамі коней.– Сядай, – сказаў Карніла, паказваючы на вольнага каня.– Адвыкнула, – незалежна сказала яна. – Не хачу.Яны павольна ехалі за ёй да ўзгоркаў.– Ты ведаеш, дзеўка, што ён страшны, што нельга ўжо яго выкарыстаць дзеля перамогі над курыяй?– А мне гэта хоць бы што.– Здрадзіла, – сказаў сябра Лайёлы. – Забыла, хто цябе з гною ўзняў, забыла, як іх правялебнасць цябе цаніў, як паважаў раней біскуп Камар.– Не з гною, у гной вы мяне затаўклі. Самі сюды шпурнулі – то чаго вам ад мяне чакаць.Басяцкі аж трохі спалохаўся, такой пагардай камянеў смертаносна прыгожы твар жанчыны.– А між тым ён хацеў бы, каб ты вярнулася, ён па-ранейшаму дасылае табе сваю любоў.– Нічога, – з усмешкай сказала жанчына. – Ён хутка суцешыцца. Хіба мала блудніц вакол? Ці ўвогуле жанчын? А каб і яны ўсе раптам зрабіліся строгія ці вымерлі, што вам? Думаеш, не памятаю, як вы пацяшаліся над адным законам? Маўляў, “забараніць манахам браць на выхаванне малпаў, а таксама адасабляцца ў келлях з навічкамі пад маркай навучэння іх малітвам”. Хіба вам не ўсё адно?Яна абражала разлічана і жорстка. Ведала, што адзін канец, і плаціла за ўсе гады.Карніла пацягнуў меч.– Кінь, – сказаў каплан. І прызнаў: – Так, звод законаў абата Пятра з Клюні. Але гэта было даўно. Цяпер царква не тая.– Што, у мяне не было вачэй? – з’едліва спытала яна. – Усё мяняецца, не мяняецеся толькі вы ды ўладары.– Ты ведаеш, што цябе чакае?– Ведаю. Шчасце ваша, што спазніліся. Тут бы мне крыкнуць толькі – на дзіды б вас узнялі.– А калі мы скажам, што ты – шлюха, падасланая да яго?– Не паверыць. Я адкрыла яму, дзе была Анея. Я сама бачыла.– Але, ва ўсякім разе, ты будзеш маўчаць, каб мы не аддалі яму яе, – здагадаўся раптам пра ўсё мніх. – Іначай не бачыць табе яго.– А я ўжо і не ведаю, ці хачу гэтага.Каплан добра разумеў, што намацаў нейкую трэшчыну, што жанчына можа і не выдаць, можа нават падсвядома памагчы.Але ён сам сапсуў справу, вырашыўшы пашырыць гэтую трэшчыну.– Што ў цябе, каханне? – І дадаў: – Каторае?– Першае. Ён не ведае, але першае. І апошняе.– Трапіш – спалім.– А я і так спаленая. Кідалі вы мяне з рук у рукі. Позна ўбачыла, што ёсць і іншыя. Таму давай, разводзь вогнішча.Надзвычай багаты інтанацыямі голас капланаў нібы ўсміхаўся. З-пад языка асцярожна высунулася травінка-джала.– Ды я не аб тым. Вось, калі не заб’ем – ты ж сама разумееш, што недарэмна мы “спазніліся”, – то аддамо яму бабу, і хай ідзе з апосталамі за мяжу. Ты не застанешся, ты з ім вымушана будзеш пайсці. Будзе ў іх дзіця. А ты? На торнай дарозе трава не расце. Ды я не аб тым. Вось каб памагла нам, пераканала, каб пайшоў без сутычкі і шуму за мяжу, – пайшла б з ім. Нікога б мы не выпусцілі. І ён бы ўрэшце стаў тваім. Калі надзеі няма, хто такую прыгажосць прапусціць. Падумай, як многа мы табе даём?– Многа, – сказала яна. – Толькі не пойдзе ён ад яе за мяжу. А вы мне сапраўды многа прапаноўваеце. Прыміце за гэта маю падзяку.Каплан гаварыў з ёю, схіліўшыся з сядла, каб ніхто не чуў. І яна, сказаўшы аб падзяцы, з нечаканай сілай адвесіла яму поўху. Аж у таго зазвінела ў вушах.Мніх успыхнуў, але насільна стрымаў сябе.І пад’ехалі яны да ўзгорка, і, конныя, сталі перад Хрыстом. Карніла ад’ехаў у ар’ергард, высіўся між конным мірскім атрадам і мужыкамі.