Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– До, – сказаў камісарый. – Агаварыў цябе той самы чалавек.– Ды ў чым, ойча? Мне і памерці даўно трэба, і ў турме мне лепей будзе, сыцей, дый усё адно. Але ж праўду таму чалавеку шанаваць трэба. У чым?– Ты пераўвасоблены чорны кот, што належаў раней мясцоваму касцельнаму арганісту.– Зроду не быў катом... Вы мне, можа, растлумачыце?– Спачатку ты растлумач і давядзі, што гэта не так.Лягла паўза.– Бачыш, не можаш. А мы давядзём. Мы ўсё ведаем, і ты нам пра курачак не брашы. Ты паглядзі на сваю Богу брыдкую морду.Аблічча ў чалавека было сапраўды падобнае да аблічча старога гаротнага ката. Маленькі круглы тварык, зеленаватыя галодныя вочкі, выцертыя кароткія валасы на галаве – чорныя, у проседзь, вусы – рэдкія, спрабуюць тырчаць.– Ты на сябе паглядзі. Вусы рэдкія, унь якія – раз.– Раз, – паўтарыў пан Коцкі.– Прозвішча – два.– Каюся, два.– Ты з’явіўся, а ў той самы дзень кот знік – тры.– Не ведаю я гэтага. Нашто мне кот? Я і сам вечна галодны.– Арыштавалі цябе, калі піў у карчме малако, – чатыры.– Піў. Хацеў малачка.– Бачыш? А які добры хрысціянін з таго часу, як першая карчма з’явілася, піў у карчме малако?! Га?!. Пераўвасобіўся воляй сатаны.– Ды я... Што ж мне рабіць, ойча?– Пераўвасабляйся назад, бо шкоду прынёс ты арганісту. Лаві мышэй.– Зроду я мышэй не лавіў, – жаласна ўсміхнуўся чалавечак. – Не магу.– Упарціцца, – сказаў камісарый. – У памылковых думках непапраўны. Адвесці да тых.Стары апусціў галаву. І раптам Хрыстос сам адчуў, як цяжка, са свістам, ён дыхае, адчуў цеплыню нагрэтай рукаяці корда. Ён агледзеўся, нібы непрытомнасць толькі што пакінула яго.Яны адарваліся ад усіх. Побач з ім стаяў пузаты Фама, сціскаючы шаблю. Побач з Фамою – іудзей, Ільяш, яшчэ пара апосталаў. А супраць іх стаяла некалькі дзесяткаў латнікаў з дзідамі і мячамі. Маленькі натоўп павольна знік перад вачыма Хрыста. Ён шумна ўздыхнуў.– Нічога не здолеем, – ціха сказаў ён. – Роўна нічога. Адыдзем, Тумаш. Памаліся ты свайму Богу, Іуда, а ты, Фама, свайму. Можа, мы вымалім праклёны на іхнія галовы і на ўсё гэта паскуднае жыццё.Яны адышлі на старое месца, адчуваючы, што яны – як пабітыя псы. Камісарый, відаць, заўважыў іхні дэмарш і сказаў голасна:– Нагадваю жыхарам, што пры спробе вызваліць ерэтыкоў вёску спаляць, а жыхароў аддадуць святой службе... Наступны!Падвялі бабу. Не звязаную. Стаяла яна незалежна. Камісарый, відаць, спяшаўся скончыць суд:– Вінавацяць цябе, што адбірала ў кароў малако, крала цёплыя захады і насылала чырвоныя, што прарочаць раннія зазімкі.– Ідзі ты ведаеш куды, поп, – сказала баба. – Калі я і вінаватая ў чым, то хіба ў тым, што рэпа мая буйнейшая, чым у жонкі агаворшчыка, святой курвы Тэадоры...У Хрыста пацямнела ў вачах.– Кошт буйнай рэпы, – сказаў ён.– Д’яблавай сілай, – камісарый трымаўся за гэтыя словы, як п’яны за плот. – Ясна. Адвядзіце... Наступны.Наступны, малады чалавек, быў настолькі зламаны катаваннем, што ледзь ішоў. Манахі спрабавалі былі падтрымаць яго пад рукі – ён гідліва адштурхнуў іх.– Забойства клірыка, – нагадаў камісарыю пісец. – Жонка дужа веруючая.– За што забіў? – спытаў камісарый.– Справа не твая, казёл, – сказаў падсудны.– Т-так, – сказаў камісарый, відаць, палічыўшы, што ў гэтым выпадку трэба даць нейкія тлумачэнні. – А між тым існуе закон, прыняты яшчэ пры пантыфікаце Стафана Восьмага, які забараняе такім мужаланам, як ты, адразу хапацца за мяла або цэп. – Ён узняў палец. – Ведай! “Міране не маюць права ніколі вінаваціць свяшчэннікаў, нават калі спаймаюць іх са сваімі жонкамі або дочкамі. Веруючыя павінны ў такіх выпадках думаць, што клірык пажадаў даць іхнім блізкім блаславенне ў больш цёплых, сардэчна-сяброўскіх і інтымных абставінах...” Н-ну? Што скажаш ты цяпер?