Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Чаго не пайшлі? – спытаў у мужыкоў Карніла.– А яны чаго не пайшлі? – паказаў на воінаў нехта.– Справа не ваша.– Ну і гэта не ваша справа, – дзёрзка адказаў мужык.Хрыстос між тым глядзеў у шэрыя, трохі ў прозелень, плоскія вочы каплана. Вочы былі халодныя, нібы ў яшчаркі.– Калі я татар біў – вы маліліся. А цяпер наляцелі на гатовае.Басяцкі добразычліва здзівіўся:– Ты? Але ж паўсюль ужо ведаюць, паўсюль паведамлена, па храмах, весях, гарадах, што паграміла іх наша рука. Што ты без царквы? Што гэты мізэрны люд без царквы, без нашых модлаў і нашага духу?– Э-эх, чарвякі гнойныя, – сказаў Хрыстос. – Зляцеліся на храбрую смерць, трупы абрахалі. Сцярвятнікі хаця не брэшуць.Мніх усміхнуўся аднымі вуснамі.– Гардыня? Так. І неразумнасць. Без царквы, улічы гэта, сын мой, не было б перамогі. Без царквы нічога не бывае, такі закон. Ва ўсіх летапісях, што ты там ні ведай і ні крычы, запісана, што мы не ўцяклі, не кінулі вас адных, што мы падрыхтавалі гэты страшны адпор, што “татаре да беларускай зямлі ўварваліся, але царква, з малым людзем выступіўшы, народ паганскі за воляю Божаю і помашчю неспадзявана ўразіла і паграміла і лупы паадбірала”.Ён чаканіў гэта, нібы апускаў на плечы бессаромны, невыносны цяжар.– Мачыся вам у вочы – скажаце: Божая раса, – буркнуў Багдан Роскаш. – Ну, а ён?– А ён, мілы наш Тумаш, паўсюль запісаны як шалбер, які “імя Божае сабе прыўлашчыў”.– Нічога, – сказаў Раввуні, – праўда ёсць.– Не цягніся, любы, – сказаў каплан. – Праўды ў такіх справах не было і не будзе. Царква перамагла, а не ён, не народ. – Словы ягоныя сачыліся нібы смярдзючым, усепераможным гноем. – Усе подзвігі, усе дзівы, усё чалавечае – ад яе. – Ён прыніжаў, бы ў разлічаным, халодным экстазе. – Гэта мы патаемна кіравалі вамі. Дый маліліся мы... Ты што гэта пішаш, іудаіст?– Тое, што сказана. – Раввуні спакойна вадзіў стыласам. – І потым, ты па слабасці мазгоў не так назваў нас. Разумееш, я не іудаіст. А ён, Хрыстос, не католік. А унь Фама не праваслаўны. Гэта такая ж праўда, як тое, што ты не чалавек, а гніда, якой трапіла панства...– Хто ж вы, цікава?– Мы – людзі, – адказаў чалавечак. – Мы людзі, таму што мы адрынутыя ўсім гэтым светам хлусні. Але мы, адрынутыя, абылганыя паклёпам, бітыя, мы і ёсць людзі ва ўсёй праўдзе сваёй. І няма ніякай іншай праўды – ні праўды Шамоэла, ні праўды Лотра, ні праўды Яхве, ні праўды Хрыста... А калі ёсць, калі нясеце яе нам в ы, то...– На храна нам такая праўда, – дакончыў Фама.– Правільна, – пацвердзіў Раввуні.Каплан зразумеў, што размовы не будзе. Азірнуўся. І адразу Карніла з бразганнем пацягнуў меч. І тут побач з ім спакойна сказаў нейкі мужык:– Ану, не руш! Не руш, нашай мовай кажу табе, падла ты свінячая, Божая ты гліста.Басяцкі абводзіў вачыма натоўп. І раптам спалохаўся, убачыўшы, што мужыкі трымаюць напаўнацягненымі страшныя лукі з турыных рог. Некалькі такіх лукаў глядзелі на яго. Вось ён падасць знак, і мужыкоў пасля больш-менш доўгай сутычкі самнуць... Але ён ужо не ўбачыць гэтага. Хто спадзяваўся, што тут не сякеры супраць мячоў і дзід, што гэта – паляўнічыя з поўдня? Сякера – глупства. Нават меч не бярэ міланскіх лат. Але супраць такіх лукаў яны – шкарлупіна яйка.“Ініга Лопес дэ Рэкальда, – у думках паклікаў каплан. – Друг, Ігнацы Лайёла. Парай, што мне рабіць. Табе трыццаць, але ты разумнейшы за ўсіх нас, разам узятых. Парай, друг”.