Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

І ён убачыў твар дона Ініга. Заварушыліся вусны.“Кінь, – сказаў Ініга – Ігнацы. – Адступі. Грэх не пакараць адступніка адразу. Але патаемны грэх – дараваны Богам грэх. Ты ж не ехаў сюды з н а м е р а м адступіць? Усё ад абставін. Менавіта ў іх мудрасць уладара. Дай ім слова, ну”.Мніх засмяяўся.– Супакойцеся, людзі, – мякка сказаў ён. – Тысячнік пагарачыўся. Але гэтая гарачнасць заслужыць дараванне ад Бога, як і ваша непачцівасць. Царква нікога не кране (“у гэтую хвіліну”, – дадаў ён у думках), клянуся вам. Разыходзьцеся. Арыце. Мы сыходзім да вас. Як ні цяжка, а можа, падзешавее хлеб. Магчыма, мы саб’ём, дзеля вас, цану на сёе-тое...– На мыла і на вяроўкі, – уголас сказаў Хрыстос.– ...Пойдзем, людзі, пакінем іх. Ім ёсць аб чым падумаць. Бывай, вясёлы цудатворца.Варта з атрадам, што прыяднаўся да яе, паскакала ад вогнішчаў у ноч.І ледзь сціхнуў пошчак капытоў, як гэтыя вогнішчы пачалі сычэць і рваць парай, бо іх залівалі вадою.Да Хрыста падышоў той мужык, што гаркнуў на Карнілу.– Ну вось... Мы сваю справу зрабілі, не далі цябе. Цяпер – выбач.– Я разумею. Вы ж не багі, каб без страхі жыць.– Але ты – Бог, – мужык зямно схіліўся перад ім. – Ты ўзнясіся. Ты, ведаеш, з вясною прыходзь. Як адсеемся.І яны засталіся адны, а вакол была ноч. Хрыстос моўчкі глядзеў у змрок бліскучымі вачыма.– Бачыш, як яны, – сказала Магдаліна. – Пойдзем... Бачыш, як яны з табою...– Не, – з пераціснутай глоткаю сказаў ён. – Я іду да іх. Я яшчэ толькі не ведаю як. Але гэта беднае мора... Без грошай, без зямлі, без магчымасці ісці куды хочаш, без вачэй, без мовы – Бог мой, што перад гэтым мая шкура, што перад гэтым усе храмы!Ноч падала зорамі. У цемры, здавалася, не было дарогі.Хрыстос устаў.

Раздзел ХХХІV

У тым жніўні цэлы тыдзень лілі страшэнныя ледзяныя дажджы, нібы стаяў кастрычнік або нават лістапад. Не было дня, каб не выпаў на зямлю град. Перанасычаная глеба не магла больш усмоктваць залеву, і воды шырока разліліся палямі.І па гэтай дарозе, што была нават не гразёю, а плынню, ішлі на поўнач чатырнаццаць чалавек. Знемагалі, падалі і зноў ішлі. Шмат дзён яны галадалі. Нават за грошы, якіх было мала, па ўсім поўдні нельга было купіць і лусты хлеба. Яны калаціліся ў азнобе, і ім недзе было не толькі пераначаваць, але і абсушыцца, бо вёскі былі спалены.І ўсё ж яны ішлі на поўнач не толькі таму, што там былі цэлыя хаты і хлеб. Нават зусім не таму. Каб толькі гэта – Хрыстос пайшоў бы ў Гародню. Проста за імі ішлі па слядах. Відаць, паўсюль былі разасланы загады, бо некалькі разоў іх хацелі схапіць, і ўратаваліся яны толькі дзівам.Гойсалі дарогамі раз’езды. Правяралі каля весніц. Начуючы ў лесе, не раз чулі яны сабачы брэх. І варта ім было торкнуцца спачатку на паўночны захад, а пасля – на захад – начыналася ўтрапёная аблава. Пэўна, па нейкай лініі былі выстаўлены пасты.Часта чулі яны на начных дарогах крокі, галасы, тупат, часам немы лямант. Яны хаваліся ад усіх людзей і таму не ведалі, што не адны яны бягуць на поўнач.Беглі натоўпамі. Беглі ад холаду і разарэння, ад бізуноў і падаткаў. Беглі, каб не памерці. Вандравалі цэлыя вёскі. Некаторых спынялі і вярталі назад. Але Юрась і яго паплечнікі не ведалі гэтага. Ім не было да гэтага справы. Іх кінулі ў момант, калі больш за ўсё ім была патрэбна дапамога. Вера ўзвяла іх на вышыні, вера і скінула. Усе ведалі, што Хрыстос – усемагутны.