Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

...Па чарзе неслі саслабленую жанчыну. Стакрот на дні паміралі і заставаліся жывыя, і ў непаразуменні былі, калі ж народзіцца праўда. Нешта каля тыдня беглі яны.І Хрыстос зразумеў у гэтыя дні, што ў сець трапляюць вялікія рыбы, а малыя выскакваюць з яе. А ў сець жыцця, у нерат, пастаўлены моцнымі, трапляюць адны маляўкі, а для вялікай рыбы яна не існуе.Ён таксама быў дробнай рыбай. І толькі касяк такіх, як ён, мог прарваць браднік, заведзены лёсам. Нельга бясконца адступаць.Ля самай дарогі было гняздо перапёлкі. Коні і каровы маглі растаптаць яго, пастушкі падабраць яечкі, конюхі разнесці вартыя жалю сцябліны, з якіх яно было звіта. Але з кожнага цэлага яйка мог вылупіцца гнеў....Іх гналі, як малявак на водмелі, як перапёлак у жыце. Трэба было спыніцца і хаця слабаю дзюбай пачаць дзяўбці, каб не загубіць навекі душы.Нельга больш было бегчы. Трэба было паказаць зубы, хай сабе цаною жыцця.

Раздзел ХХХV

І ўвайшлі яны па раскіслай, страшнай дарозе ў прадмесце Вільні і падышлі да Вострай святой брамы.Віраваў перад брамай натоўп. Штурхаліся, гаманілі, чуліся праклёны, божканне, смех. Але чым далей яны прасоўваліся да аркі, тым больш было ціха і чынна, нібы людзі, як яны ёсць, на вачах ператвараліся ў анёлаў. Вочы сціпла апушчаны ці ўзведзены, на галовах няма шапак.А людзі былі тыя самыя. Той самы разнамасны, абдзёрты натоўп, сярод якога – суконныя ўрады мяшчан багатых ды залатыя плямы даспехаў і багатых адзенняў.Білі званы. На ўсім абшары горада.– Скінь шапку, – сказала Хрысту Магдаліна.– Ну не, – з нядобраю ўсмешкаю азваўся той. – У сваёй хаце што хачу, тое і раблю.– Саб’юць.– А я вось ім галовы дурныя пазбіваю, – сказаў Фама.Не скідаючы шапак, яны прайшлі брамай. Ім пашанцавала: ніхто не прычапіўся. Магчыма, проста ніхто не заўважыў, якая гэта цаца прыйшла з Мядзінінскай дарогі.– Вось тут і пачнём, – сказаў Хрыстос. – Калі ўжо не пачуюць перуна каля святыні, то нідзе не пачуюць....Амаль голы, ён стаяў за аркай глухога завулка, што выходзіў на Татарскую вуліцу. Рэдкія прахожыя не звярталі на гэта ўвагі. Мала што можна ўбачыць на вулках святога горада. Можа, так прапіўся чалавек, што гэта шынкарка з яго за доўг сукню здымае.Між тым Магдаліна займалася дзіўнай работай. Раввуні толькі што ўсунуў адну верхнюю сукню ў другую і расправіў іх на плітах бруку. Магдаліна ліхаманкава зафастрыгоўвала абедзве сукні ля каўняра, сшывала іх адну з другой. Пасля яна зашыла іх па бартах, пакінуўшы на грудзях распор, у які маглі ўлезці два кулакі. Раввуні тым часам асабліва моцна сшыў абедзве сукні ля пояса. Усунуў кулак у распор, паспрабаваў разарваць зашытае – дудкі. Не ўдалося нават Фаме. Пасля абедзве сукні зафастрыгавалі па краях крыссяў. Цяпер сукня была дваістая.– Ну вось, – сказаў Раввуні. – Цяпер сукня дваістая.– Як душа чалавечая, – ялейна сказаў Ян. – У ісціне ходзяць дзеці Божыя, а на дне смурод.– Каханы брат мой, – сказаў яму Якуб, – што ж ты ў нашым княстве жывеш, жэрці хочаш, а за праўду стаіш? Што-небудзь адно.Хрыстос між тым калаціўся ў адной сарочцы: усё яшчэ было золка пасля дажджоў. На яго нацягнулі дваістую сукню і моцна перапаясалі яе.– Ну вось, – сказаў Юрась. – Ану, Піліп, набяры каменьчыкаў. Ды сып іх мне між сарочкай і сукняй, за пазуху.– Яно... Ды нашто... Халодныя.– Паразважай мне яшчэ, доўбня, – лісліва сказаў Пятро. – Бог, ён ведае.