Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Піліп нагроб жмені каменьчыкаў.– Куд-ды ты, – раззлаваўся Хрыстос. – Не ў распор, не між сукнямі. За сукні, галава яловая. Між імі і сарочкай. Каб толькі пояс трымаў....Мяркую, што ў нашай краіне не адзін я з’яўляюся аматарам нашай старажытнай беларускай мовы, яе чароўнага, лаканічнага і трохі наіўнага стылю. Таму я не магу не парадаваць астатніх, адступаючы сям-там ад майго няскладнага шматслоўя і даючы словы чалавеку, які сам бачыў гэта і расказваў аб гэтым залатой па сціпласці, народнасці і гумару тагачаснай мовай. Нашы летапісцы былі дзіўныя людзі. Нават хлусня іхняя была празрыстая і давала магчымасць убачыць на дне праўду. Магчыма, яны не надасканаліліся ў брахні ці, можа, назнарок рабілі гэта. Але, нават мечучы перуны і бліскавіцы, яны самым стылем сваім паказвалі, што сімпатыі іхнія на баку гарластых, дзёрзкіх, знаходлівых людзей, якія ўмеюць абвесці вакол пальца нават самога Бога, а ўжо служак ягоных і пагатоў.Адзін з летапісцаў больш за ўсіх наблытаў вакол гісторыі ілжэ-Хрыста, калі не лічыць, вядома, Марціна Бельскага. Услед за Бельскім ён, магчыма, не па сваёй волі, змяшаў Братчыка з каронным самазванцам Якубам Мялшцінскім, махляром, на якім пробы недзе было ставіць. Нават гісторыю з сукняй ён аднёс у Чанстохаў. Тое, што здарылася з ілжэ-Хрыстом пасля, зрабіла так, што нават успаміны аб ім сталі смяротна небяспечныя.Але апавяданне аб сукні напісана ў яго такой цудоўнай грубай і плоцкай мовай, так па-беларуску гавораць, гарлаюць і спрачаюцца ў ім удзельнікі гэтай гісторыі, такія яны жывыя, нягледзячы на адлегласць стагоддзяў, што я не магу пазбавіць вас, сябры мае, радасці патрымаць яго ў руках, памацаць яго разам са мною, пакаштаваць на язык.Я не магу абакрасці вас, зрабіць вас бяднейшымі, адабраўшы ў вас гэтую маленькую жамчужыну, згубленую ў старой пыльнай кнізе. І адначасова гонар мой не дазваляе мне выдзерці кавалак з “Кронікі Белай Русі” і паднесці яго вам як сваё. Таму буду казаць я, а там, дзе слабы будзе мой язык, я дам словы летапісцу, які наблытаў і сям-там нахлусіў, але застаўся геніем стылю, геніем мовы, геніем хітрай іроніі і сонечнага гумару.Дам словы беларускаму летапісцу Мацею Стрыкоўскаму, каноніку, які больш за ладан любіў жывога чалавека і з’едлівы чалавечы смех.І вось ён кажа пра гэта:“А меў той шалёны дваістую сукню, на тое ўмыслене ўробленую, дзе межы разпора могл улажыць, што хацеў, а камыкаў яму межы сукню і кашулю наклалі, ад цела...”Яны прыйшлі да Маці Божай Вастрабрамскай. Зноў у шапках. Назнарок. Каб бачылі.І здарылася так, што першы чалавек, які падскочыў да іх, быў той сівавусы, які бачыў Хрыста падчас выгнання гандляроў з храма і першы прызнаў яго не за махляра, а за Бога, стаўшы на калені.– Шапку скінь, басурман!!! Бо-о!..На крык азірнуліся бліжэйшыя, і тут Хрыстос са здзіўленнем убачыў, што ў натоўпе зашмат знаёмых твараў. Быў тут малады паплечнік сівавусага, старая, што калісьці маліла аб карове, яшчэ сёй-той і – ён не верыў вачам – той самы кіраўнік ваўкавыскіх мужыкоў, які тады абараніў яго ад Басяцкага і Карнілы, а пасля кінуў, сказаўшы: “Ты з вясною прыходзь. Як адсеемся”.– Свет цесны, – сказаў Хрыстос. – Цябе што, паветрам сюды прынесла?Сівавусы ўсё яшчэ лез. І раптам ахнуў:– Пане Божа... Хрыстос...– Я, – сказаў Братчык. – Ну як, адсеяўся?Той нізка апусціў галаву.– Як быццам я не казаў, што сеяць можна... калі ёсць чым. Чаго гэта тут так хутка? Управіўся бліскавічна. І сюды раней за мяне трапіў.