Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Не бі па душы, – сказаў той. – Усё ў нас забралі. Ані шэлега падатку не скінулі... Ды тут шмат нашых... Ледзь не палова... Вёскамі бягуць ад голаду. Палова краіны на поўнач сыпанула. На Полаччыну, у Гародню, сюды, на Мядзель. Паўсюль, дзе татар не было, як падвоіўся народ. Усё ж, можа, кавалак хлеба заробіш, не памрэш.– Ну і як, зарабіў хаця першую лусту?– Занадта нас густа, каб была луста, – сказаў сівавусы.– Ледзь не мруць людзі, – сказаў мужык. – А што ж будзе зімой? Душу б заклаў, каб здабыць насення ды хаця трошкі хлеба. Пад карчом зімаваў бы. Як мядзведзь. Палова краіны на поўнач сыпанула.– Каму яна патрэбная, твая душа, – сказаў сівавусы.Хрыстос меў досыць далікатнасці, каб не нагадаць ім усяго, не расказаць, як самога яго цкавалі сабакамі. Да таго ж, натоўп ужо заўважыў чалавека ў шапцы. Адусюль штурхаліся дбайнікі аб святасці месца.– Шапкі далоў! Шапкі прэч! Ану, збіце! – няголасна пакрыквалі яны.– Сто-ой! – залямантаваў сівавусы.Крычаць, тым больш гарлаць, тут было не паложана, і таму натоўп здзіўлена змоўк.– Гэтаму дазволена! Ён татар паграміў! Гэта Хрыстос!Цішыня. Аглушальная цішыня. І раптам гурма выбухнула такім крыкам, якога нават у самыя страшныя аблогі і сечы не чулі гэтыя сівыя муры.– Хрысто-ос!!!Ускінуліся са званіц вароны і груганнё.– Прыйшоў! Прый-шоў! – цягнуліся рукі.– Зачакаліся мы! Тугой сышлі! – лямантавалі змарнелыя твары.– Шкуру з нас апошнюю зажыва здзерлі!– Котлішчы, попел вакол! – плакалі закінутыя вочы.– Магнаты ды папы ненасытныя!– Жыцця! Жыцця дай! Зажыва паміраем!Тады ён стаў падымацца на гульбішча. Ён быў упэўнены: правільна ён зрабіў, што нанясе ўдар тут. Ён толькі не ведаў, што тут столькі тых, якія ішлі з ім на татар, якія ведаюць яго, з якімі яму будзе лягчэй.Вось яны. Мора.Каплан стаў перад ім, загарадзіў дарогу.“Маленькі, падобны на бачонак, чалавек. Пэўна ў гэты час павінен правіць тут імшу. А за спіною ягонай – манахі, служкі. Гэтых не пераканаеш, што не хоча ён абразіць святыню, што ён проста хоча зрабіць тое, на што з ахвотаю пайшла б і сама вялікая Жытняя баба, маці ўсяго сутнага, якая толькі трохі змяніла тут свой твар. Маці. Гаспадыня беларускай зямлі.Тая, якая дае сілу хлебу. Нашто ёй жыць, калі памруць тыя, хто верыць у яе”.– Стой, – сказаў каплан. – Ты хто?– Хрыстос.– Калі ты Хрыстос, дзе маці твая? Дзе сёстры і браты?– Я маці яму! – крыкнула з натоўпу старая, што маліла аб карове.– І я!.. І я!– Мы яму браты! Мы сёстры! Мы! Мы!І гэты крык прымусіў Братчыка забыць, што за ім палявалі, бо людзі кінулі яго. Гэты крык зрабіў тое, што свет неяк дзіўна затуманіўся ў яго вачах, і ён упершыню не асудзіў свой лёс.“Магла ж сапраўды быць хата”.І ён нібы ўспомніў хату пад яблынямі... Старых на траве... Ціхую рэчку, дзе вадзіліся самы. Самога сябе, які пускаў на купалле вянкі.І ўжо разумеючы: так трэба... так трэба дзеля святой прыналежнасці да гора ўсіх гэтых людзей, да радасці іх, да агульнага жыцця ўсіх людзей, ён сказаў (і гэта была праўда):– Была ў мяне хата. Далёка-далёка. Там цяпер вогнішча. Попел. Прах. Як ва ўсіх вас. І вінаваты я, ведаю: забыў. У гонары сваім узнёсся, пагарджаў, ніжэй сябе лічыў, даруйце мне. А цяпер успомніў... Ану, гець з дарогі!Са звонам вылецела вялізнае акно: як заўсёды, перастараўся Піліп.– Даруй, маці Сутнага, Ціоця, Жытняя баба, Маці Божая, – сказаў Братчык. – Табе ж не трэба.І ён прыгаршчамі стаў браць з алтара золата і каштоўныя каменні і сыпаць іх між сукнямі. Каплан, убачыўшы святатацтва, пабег, каб разам не загінуць ад немінучай нябеснай маланкі.