Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Залаты дождж падаў на рукі людзей. І за ўвесь гэты час ніхто не штурхнуў другога, не наступіў на нагу, не вылаяўся, не ўзяў больш адной жамчужыны, або адной манеты, або – калі сям’я была дужа вялікая – дзвюх. Грошы належалі Жытняй маці, іх нельга было шарпаць.– Хіба яны пастыры? Яны аддаліся распусце так, што робяць усялякую нечысціню з ненаеднасцю. Морды іхнія горш за д’яблаў азадак. Мацей яшчэ аб іх сказаў – праўда, Мацей?..– Н-но...– Любяць, мярзотнікі, прадузляжанні на бяседах і старшынствы ў сінагогах... І прывітанні ў народных сходах і каб людзі звалі іх: “Настаўнік! Настаўнік!”Моўчкі, сурова слухаў люд.

Раздзел ХХХVІ

Яны сапраўды любілі тое, аб чым казаў людзям з гульбішча Братчык. Але зараз ім было не да гэтага, таму што больш за ўсё яны любілі свой спакой, сваю ўладу і саміх сябе. Першае паляцела сёння да ўсіх д’яблаў, разам з віленскім ганцом, і можна было меркаваць, што калі так пойдзе і далей, то палятуць другое і трэцяе.Таму не было больш шчадралюбага сходу за ўсю гісторыю ў вялікай суднай зале. Усе зліўкі сабраліся тут сёння бараніць сваю любоў.Сядзелі ўсе духоўныя асобы, як каталіцкія, так і праваслаўныя, бо любоў іх была аднолькавая; сядзелі радцы і войт, бо яны падзялялі тую любоў. Сядзеў Карніла, бо яму загадвалі ад імя любві. Сядзеў бурмістр Юстын. Па прывычцы хутчэй, бо першых дваіх любовей яго паспяхова пазбаўлялі, і таму ён не мог любіць і паважаць сябе.Перад любяшчымі стаяў расстрыга Іллюк, раней прарок па схільнасцях, цяпер – па заданні:– Вось і ўсё... А людзі ў горадзе гавораць, што неадменна ён цяпер за Гародню возьмецца... Маўляў, хай толькі пакліча – усе пойдзем... Маўляў, вось гэта сапраўдны Хрыстос наш. На што ўжо татары ды іудзеі – і тыя яго чакаюць. Назва, кажуць, імя – гэта справа дзесятая. Па-іхняму ён Хрыстос, па-нашаму “месія”, “махадзі” і чорт яго ведае яшчэ як.– Добра, Іллюк. Але ж мы адразу анафему яму агаласілі, – сказаў Лотр. – Як гэта слухаюць? Няўжо няма постраху?– Плююцца, – апусціў звярыную галаву Іллюк. – Кажуць: “Гэта ўсё адно...”– Ну, чаго замяўся?– Не карайце... “усё адно як д’яблы анафематствавалі б анёла’.– Т-так, – сказаў Басяцкі. – А юроды крычаць? А ты?– Крычым. “Сарамата галізны яго... Журба вялікая... Звер, вачыма споўнены спераду і ззаду”. Як пажахлівей крычым, каб незразумела. “Сонца, як валасяніца! Мора робіцца крывёй! Сем тысяч імён чалавечых у адной Гародні загіне!”Ён загікаў і закрычаў так, што ва ўсіх мароз прабег спінаю.– А яны не зважаюць. Кажуць, усё адно жыцця няма. І сёння Кірык Вястун, каваль ды дудар “Братачка” гаварылі нейкаму вусатаму, каб ён заставаўся тут і памагаў... А мы, маўляў, выходзім і чакаем, а нейкі Занон (адзін Гаўрыла ў Полацку!) каб збіраў людзей, ды хадзем яму насустрач.– Знайшлі? – спытаў Камар.– Не, – адказаў Карніла. – Паспелі ўцячы. А Зянона ніхто не ведае. Пэўна, не з Гародні.– Ч-чорт! – сказаў дамініканец. – Ну добра, пакуль нічога не здарылася. Менавіта п а - к у л ь. Небяспека ёсць, але пакуль толькі цень небяспекі. А вы то памылку за памылкай рабілі, а то галовы ад жаху пагублялі. Нарадзілі пачвару і не ведаеце, як утаймаваць.Сказаў ціха:– Іллюк, ты пакрыўджан. Знайдзі людзей, здатных раз ударыць нажом.– Не выйдзе, – сказаў Іллюк. – Усе моляцца на адну ягоную памяць. А і я таксама баюся. На кавалкі расшкамутаюць. Вераць. Няхай сабе ён гэта і сілаю Вельзувела дзівачыць.