Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Шкада. Мог бы атрымаць трыста злотых.– Мёртваму што трыццаць, а што і тры тысячы.– І ўсё ж паклапаціся аб нажы. Іначай...– Пастараюся, – зразумеў Іллюк. – Пастараюся знайсці.– І яшчэ пастарайся крычаць галасней, што гэта антыхрыст, што цяжка адразу разабрацца. Ідзі.Іллюк пайшоў: сумёт бруднага меху і нячэсаных валасоў. Сінкліт маўчаў. Пасля Лотр буркнуў:– Смурод які! І любіце ж вы гэтых шпіёнаў, віжоў, даносчыкаў. Сорам проста.– А вы не любіце? – ціха спытаў дамініканец.– Па-мойму, таксама глупства гэта, – сказаў біскуп Камар. – Не сачыць трэба. Не сачы, а сячы. Пій V мае рацыю1.Твар наліўся бурай крывёй, пенныя заедзі заварушыліся ў кутках рота:– Памятаеце ягоную інструкцыю веніцэйскаму інквізітару? “Катуйце без жалю, шматуйце без літасці, забівайце, спальвайце, знішчайце вашых бацькоў, матак, братоў, сёстраў, калі выявіцца, што яны не аддадзены слепа вярхоўнай ідэі”. Вось гэта па мне. Вось гэта так. І паўсюль добрыя гасудары так робяць: і наш, і французскі, і сам папа, і вялікі князь маскоўскі... хаця ён і схізмат.Дамініканец кашлянуў.– Залатыя словы, – саркастычна сказаў ён. – Толькі ваша вучоная галава, па занятасці, відаць, ведала інструкцыі Пія інквізітарам і не ведала інструкцыі таго ж Пія трыбуналам. А там сказана: “Завядзіце столькі шпегаў і даносчыкаў, колькі вы ў стане аплаціць. Абавяжыце іх назіраць за міранамі... і даносіць вам аб усіх грамадскіх і прыватных непарадках. Ніколі не стаўце пад сумненні іхнія паказанні, паражайце ўсіх, на каго яны вам будуць указваць, нявіннага або вінаватага, бо лепей умярцвіць сто нявінных, чым пакінуць у жывых хаця б аднаго вінаватага”.Мніх усміхнуўся:– І вось таму я люблю абедзве інструкцыі і люблю шпегаў і займаюся з імі. Урэшце, я дамініканец, майму ордэну даверана святая інквізіцыя. І таму я займаюся і дазнаннямі адначасова. У той час, як вы толькі мянціце языком.Камар у ярасці ўскочыў.– Гэта вы ўжо занадта, – з дакорам сказаў Лотр. – Так абразіць вернага служыцеля царквы.Басяцкі таксама патроху закіпаў:– Вось што, мне гэта абрыдла. Збудуеш нешта стройнае – заплююць, заваляць, загадзяць у вачах усіх. Я не ведаю, як служаць царкве, як любяць Бога, – ён зірнуў на біскупа, – большасць клірыкаў. Але я ведаю адно – ведаю, што на вачах у людзей нельга распуснічаць так, як яны. На вачах... Бо гэта нараджае нелюбоў, нянавісць, гнеў, выбух, смерць!– Аб чым вы?– Аб тым. Завялі голад у той час, як хапіла б і моцнага недаядання. Хацелася мець лішні шэлег, а страціце ўсё. А адсюль і няўдачы з гэтым аспідам, і ганьба з татарамі, і тое, што мы ўвесь час сячом сук пад сабою і ляснемся азадкам або, прабачце, мордай у гной. Абжэрліся салодкім жыццём – і нарадзілі, магчыма, сваю смерць. Знемагалі ў празмерных асалодах, а цяпер круціцеся. Як тут не ўспомніць прыказкі аб пчолах?Сінкліт маўчаў. За вузкімі вокнамі былі цішыня і ноч, але яны слухалі гэтую цішыню і не верылі ёй.

Раздзел ХХХVІІ

Святой службе і ўвогуле царкоўнай і магістрацкай, раднай эліце, роўна, як і нобілям, было аб чым непакоіцца. 13 жніўня шматтысячны натоўп выйшаў з Вільні на гародзенскую дарогу. Некаторыя летапісі казалі пазней аб “багамольцах”, але на самай справе гурмы былі далёка не такія аднародныя. Акрамя пілігрымаў, былі тут рамеснікі з поўначы (даўно ўжо ў іх не было працы), найміты, разлічаныя па заканчэнні жніва, моладзь з пачынкаў, шкаляры, але галоўную частку гурмы складалі ўцекачы з разоранага, выпаленага татарамі поўдня і сярэдзінных земляў Белай Русі. Наўрад ці ім у гэты час было да багамолля. Проста і ў Вільні яны не знайшлі хлеба для жыватоў і зерня дзеля пустых сваіх ніў. Нельга было купіць нават за грошы, што прыдбалі яны дзёрзкасцю Юрася Братчыка, рачонага Хрыста. Быў неўраджай.