Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Яны ішлі абы ісці. Большасць не ведала, куды падацца, і рушыла на гародзенскую дарогу, бо на яе выйшаў Хрыстос з апосталамі.Рухала імі не мэта, а немагчымасць заставацца на месцы.А галоўнае, усімі гэтымі тысячамі рухаў голад або прывід блізкага голаду.Нішто яшчэ не прадракала наступных падзей, калі яны, адтупаўшы ў той дзень блізка сарака (нямераных, вядома, ані імі, ані кім яшчэ тады) кіламетраў, сталі начлегам ля нейкай невялікай вёскі. Паныласць валодала імі. Раніцай частка хацела ісці на поўнач, у балтыйскія гарады, частка на поўдзень, бо спадзявалася, што ўцякло зашмат народу, што поўдзень моцна абязлюдзеў і магнаты, з нявыкруткі, будуць даражыць працоўнымі рукамі. На Гародню амаль ніхто не хацеў ісці. Ведалі, як звязвацца з бацькамі царквы і прыснымі.І, магчыма, нічога б не было, каб загад аб анафематстваванні прыбыў у вясковую царкву днём пазней і не сустрэўся тут з чалавекам ад Іллюка, які спяшаўся ў Вільню, не ведаючы, што Хрыстос выйшаў з яе, што ён ужо тут і, галоўнае, не адзін.Выпадковасць, падрыхтаваная голадам, нашэсцем, хцівасцю багатых і моцных, зрабілася раптам заканамернасцю і прынесла праз некаторы час свае страшныя, крывавыя і велічныя плады.У стане ўжо дагаралі вогнішчы (ночы пасля дажджоў зрабіліся цёплыя, нібы ў ліпені, а гатаваць дужа не было чаго), калі ў царкве, наводшыбе ад вёскі, запалалі вокны, а праз некаторы час пачуліся спевы.З цікаўнасці людзі рушылі туды, пачулі страшны, чэраўны рык дыякана, знаёмыя словы аб пракажэнні, удаўленні і імгненнай смерці розных там ворагаў людства, зразумелі, што ідзе анафематстваванне, а пасля ўчулі, што анафему спяваюць чалавеку, які пабіў татар (аб ягоных выбрыках у Наваградку яны, вядома ж, не ведалі, а каб і ведалі, то не паверылі), разагнаў гандляроў і вось толькі зараз даў ім грошай, чалавеку, які стаіць сярод іх і нават з цікавасцю слухае страшныя, глухія, закасцянелыя словы праклёнаў.Натоўп застыў.Яны б, вядома, менш былі ўражаны, каб даведаліся, што анафему спяваюць паўсюль, куды дасягне лапа святой службы і гародзенскіх папоў.Але яны ў той час не думалі пра гэта. Для іх менавіта ў гэтай вось драўлянай царкве, што тырчала перед вачыма, увасобілася зараз галоўнае зло.– Чуеш? – спытаў ваўкавыскі мужык.– Гэта яны за тваё дабро, Хрыстос, – сказаў сівавусы.Натоўп маўчаў, але яшчэ не ведаў, што рабіць. Нейкі шэры чалавек, увесь гнуткі, нібы бяскосты, пачуўшы імя, названае сівавусым, праштурхаўся праз натоўп і стаў, гледзячы Юрасю ў рот цьмянымі, нібы ў крата, вачыма. Чакаў.– Плюнь, – сказаў Раввуні. – Быў злодзей – быў якраз. Стаў Хрыстом – значыцца, анафема. Закон.Шэры, нібы пачуўшы пацверджанне, пачаў непрыкметна заходзіць у бок Юрасю, дзе шчыльней за ўсё стаяў натоўп. Твар ягоны быў нібы сляпы і не выклікаў ніякіх падазрэнняў. Доўгія рукавы хавалі рукі.Невядома, чым бы скончылася маўчанне, каб шэры раптам не кінуўся наперад. Гэта было зроблена бліскавічна, ніхто нават не паспеў зразумець, што такое. На імгненне ён як бы прыліпнуў да Хрыста, вокамгненна выхапіў руку з чымсьці бліскучым, прыціснутым да запясця і перадплечча, і зверху ўніз нанёс слізготны, страшны, на волас ад цела, майстэрскі ўдар.Пасля ён вытаргнуў бліскучае (сляпое аблічча ягонае ззяла нечуваным, фанатычным захапленнем) і прарыдаў у трыумфе і самазабыцці:– Лотр!.. Царква святая! Прымі ворага!Хрыстос павярнуўся і, хістаючыся, глядзеў на яго. Усё гэта здарылася так хутка, што не мог бы мінуць час нават між адным мірганнем веяў і другім. Шэры разлічана перахапіў нож (ніхто не заўважыў як) і ўдарыў на гэты раз знізу. Але на гэты раз ён не паспеў: Юрась стукнуў яго нагою па руцэ, выбіў бліскучае і ўдарам у твар зваліў на апосталаў. Шэрага схапілі.