Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Ваўкі Божыя! – у экстазе, з пенаю на вуснах крычаў шэры. – Ірвіце! Шматайце!– Лотр? – усё яшчэ хістаючыся, перапытаў Хрыстос.– Гляньце на лепшы мой час! – напінаўся фанатык. – На пакуту маю! Гляньце, вось ірвуць мяне, але ўражаны сын Беліяла!Усе глядзелі на яго і на зямлю. На ёй ртутным, трохі скрыўленым языком ляжаў страшны зарукаўны ікол – паменшаная копія мяча для бою ў цеснаце. Паменшаная і, вядома, разлічаная на ўдар адной рукою.– Чаго ж ты не падаеш?! – хрыпеў схоплены. – Падай! Падай! Душа твая ўжо ў дарозе.– Майстра, – нават з некаторай павагаю сказаў Хрыстос. – А падаць мне – чаго ж?Народ ахнуў толькі тут.– Бессмяротны? – фанатык абвіснуў.– Не дзейнічае, – загулі галасы. – Вядома, не дзейнічае. Ведаў бы, на каго руку ўздымаць.І зноў маўчанне. І зноў людзі пачулі, як дыякан на верхніх нотах, амаль зрываючы голас, узглашае:“Ан-на-фем-ма-а-а-ы”.– Хлопцы! – залямантаваў раптам малады. – Дык гэта што ж?! Яго гнаць будуць, праклінаць, а мы маўчым? Ён заступаецца, а мы маўчым? На яго нож імем царквы заносяць, а мы маўчым? Ды калі яны Бога клянуць, калі нож на яго заносяць – што дамы іхнія, як не гнёзды д’яблавы?!– Раскідаць! – падхапілі галасы.– Па бервяну разнесці!– Гані іх з пацучынага занорка!Натоўп рынуў да царквы.Праз некаторы час уся яна, ад падмурка да званіцы, зырка палала: на сцены вылілі некалькі вядзёрных бутыляў з алеем. Астатнія глуха бухалі ў падклецці. Полымя, знайшоўшы цягу ў званічнай трубе, пачынала лізаць званы. У трубе круцілася і раўло, бы ў пекле, і тромб паветра, увесь час мацнеючы, пачынаў гайдаць званы. Часам яны глуха ўздыхалі.Шэры глядзеў на агонь ненавідзячымі, нібы сляпымі, вачыма.– А з гэтым што? – спытаў малады.– Кінуць! – крычалі адусюль. – У агонь!Дзесяткі рук схапілі яго і панеслі да пажарышча, узнялі, пачалі разгойдваць.– Стой, – сказаў Хрыстос.Дзіўна, яго пачулі адразу.– А што, кепская з яго будзе смажаніна, хлопцы? – усміхаючыся, сказаў ён.– Д-ды нельга сказаць, каб самы смак... – вусы сівавусага варушыліся.– То хай ён трохі яшчэ лою нагуляе, смаркуль, – сказаў Хрыстос. – Будзе ведаць, як са сваімі цацкамі ў сур’ёзную гамонку лезці.Людзі вызвалена зарагаталі.– Хай паплачацца ў тых, хто даслаў, дурань няшчасны. Можа, яму цыцу дадуць.– Няма ў іх.– А чорт яго ведае. Там у іх адзін Лотраў прычотнік ёсць, рымлянін, то, дальбог, не разбярэш, хто ў іх там мужык, а хто баба.– Забі, – хрыпеў кінуты. – Забі, сатана.– Ідзі, – сказаў Хрыстос, – ідзі, пакуль не перадумаў. Бач, з ножыкам яму абысціся, бы ў свайку згуляць. Гэта ж падумаць, руку на чалавека!Кінуты ляжаў, як мех з анучамі. Усе глядзелі. Пасля ён узняўся і павольна, не сваімі нагамі, пайшоў прэч ад агню, у цямноцце.– Іосія, – сказаў Хрыстос, – ану, пройдзем.Яны спусціліся па адхону да самага крайняга вогнішча, над самай ручаінай. Людзі засталіся каля царквы глядзець на агонь.– Няма, брат, на свеце лепшага відовішча за пажар, – з павагай да іх сказаў Хрыстос. – Калі, вядома, гарыць не твая хата.Падумаў і дадаў:– Калі гарыць не чалавечая хата.І сеў, скідаючы хітон.– Паглядзі, што гэта ў мяне на спіне.Іуда ахнуў. Хітон густа набракнуў крывёю. Сарочка была хоць выцісні.Абмываючы цела, іудзей сказаў:– Адно я здзіўляюся, як цярпеў? Другое я здзіўляюся, як гэта ўсё так абышлося? Проста глыбокі парэз.– Нельга паказваць крыві, разумееш. – Шкаляр заскрыгатаў зубамі, калі сушаная трава-крываўка лягла на рану. – А наконт другога, то правільна здзіўляешся. Вялікі майстра наносіў удар. Надвае распаласаваў бы, каб не пашэнціла.