Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Твар маладога мужчыны быў бледны.– Дай я па галаве за гэта звычайнаму чалавеку, суседу – копны суд судзіў бы за “бойку з рэўнасці”. Але дай я за гэта заступніку перад Богам, уладару – і вось вы пачынаеце казаць тое, што казалі мне на прэнгу. Ужо не бойка, ужо “збіццё карыснага дзеля царквы чалавека, блажэннага дзеяча яе”. І тады суда нам, простым, няма, акрамя смерці. Ужо мы зрабілі гэта, бо мы “ў змове”, бо “назнарок хацелі забіць”, бо “ерэтыкі і схізматыкі-дысыдэнты падбухторвалі нас”. Ужо мы “змоўшчыкі, чарнакніжнікі, ворагі і паўстанцы, віжы і шпегі”. Суд толькі для нас, а вы – без суда... І вось я падумаў, а чаму так? І калі няма на вас суда Божага і чалавечага, то ці не я – суд? Можа, нехта другі падумае, перш чым беспакарана рабаваць і гвалціць.Кулакі яго сціснуліся. З лікаваннем у голасе ён сказаў:– Я не браў мяла і цэпа. Вось пад гэтым кулаком расселася, як шкарлупіна яйка, галава гэтай збрадлівай жывёліны. Я не шкадую, абы і другія рабілі так... Таму што вы – грамада зброду, шыбенікаў, уладалюбцаў і бруднай свалаты.– Адвесці.У гэты момант вочы Хрыстовы зірнулі ўбок, і ён ледзь не анямеў ад здзіўлення. Тыя манахі, якіх ён сустрэў, вялі па плошчы гаспадара. Ён ішоў увесь светлы і ўсё паскараў хаду. Падышоўшы да стала, зямно схіліўся камісарыю:– Дзень добры, сонца наша яснае. Слава Хрысту.Камісарый гартаў паперы.– Гэта ты іх агаварыў? – спытаў урэшце глава доказнай інквізіцыі.– Я, – ударыў сябе ў грудзі гаспадар. – І не шкадую ў руплівай дбайнасці сваёй да царквы.– А ўчарашні самаагавор нашто? З глузду з’ехаў?– Н-не! На сябе данёс! Таму – думку, мысль, у сябе адчуў.– Якую?– Нашто Пан наш Бог у патопе жывёлін тапіў? Яны ж граху не імуць. Каб гэта веруючаму нейкаму выгадна было – тады ясна... Ну, а падумаў – спалохаўся. Што ж гэта будзе, калі кожны – думаць?.. Каюся, ойча!Камісарый зрабіў знак, каб гаспадара адвялі да іншых.

Раздзел ХХV

Апошняга з пяцёх даўно прывязалі да слупа. Камісарый даўно ўжо кінуў змрочныя словы водпусту:– І nunс, anima anceps, et sit tibi Deus misericors1.Палалі, цягнуліся да неба, ірваліся ў яго пяць агнёў.Чацвёра на вогнішчах маўчалі. Сівы мужчына глядзеў на сонца, якое набліжалася да далягляду. Цяпер ён не баяўся аслепнуць. Гэтае сонца знікне, а другога ён не ўбачыць. Хаця б памерці раней, каб яшчэ не знік цёплы бог.Пан Коцкі дрыжэў усім целам і не мог стрымаць сваёй пакуты: агонь ужо лізаў ягоныя ногі, хаваў яго вышэй каленяў. Буйныя, як боб, слёзы каціліся з галодных, жаласных вачэй. Баба звівалася ў агні, як дазвалялі ланцугі, але маўчала, і струменьчыкі крыві сплывалі з закушанай губы.Мужчына-забойца абвіснуў. Можа, не трымалі ногі, а можа, хацеў хутчэй задыхнуцца, каб скончыліся пакуты. Але галава была ўзнята незалежна. Ён глядзеў у вочы суддзям, як дантаўскі Фарыната, з пагардай да самога агню.Толькі гаспадар, нібы не верачы сабе, вадзіў вачыма ў розныя бакі. Нават сюды, у тое месца, дзе стаялі апосталы, часам нясцерпна наносіла агнявой спякотай. Што ж было тым?Клубілася, круціла, раўло. Нібы ў залаціста-крывавых варонках стаялі пяць чалавек. Агністыя зыркія птушкі часам адрываліся ад свайго гнязда і ляцелі ў ружовы прысмерак.Хрыстос адчуваў, што часам, калі павароціць ветрам полымя ў ягоны бок, у яго патрэскваюць валасы. І ўсё ж ён не адступаў.“Божа! Божа мой! Ратуй маленькіх. Ратуй прыгнечаных, ратуй нават бадзяг і махляроў, бо аднялі ў іх вартае жалю жытло і могуць адабраць нават дарагое адным ім жыццё, калі не паклапоцяцца яны аб ім самі. Божа, дык кінь ты ў іх перуном! Ды біце ж іх, людзі, плюйце на іх, пінайце нагамі! Куды ж гэта я трапіў, і ці варта нават распінацца за такіх малпаў?!”