Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Добрае шанцаванне. Далі былі па шыі, але пашэнціла, паспеў унікнуць. Крутануўся, і ўсяго толькі і выбілі, што восем зубоў.– Пашэнціла. Зажыве, як на сабаку. Пашэнціла, што ікол узяў. Смертаносная брыда, не ўратуешся. Але скрыўленая. Што да рукі, што і да цела прылягае... О-ох! Калі сустрэне перашкоду – слізгане, і ўсё. А я ў сукню там дваццаць залатых шчыльна нашыў. Ты, конаўка, заўсёды ніц не ўтаропаеш, раздасі, а раптам варту падкупіць давядзецца або коней дастаць, калі смерць на плячах вісець будзе? То ж бо! А яшчэ кажуць, што грошы – ад д’ябла.Калі яны вярнуліся да пажарышча, натоўп неяк дзіўна маўчаў.Усе глядзелі на іх.– Ну, пагаварылі? – спытаў сівавусы. – Цяпер што?– Не ведаю.– Павінен ведаць, раз Бог, – аблічча маладога было страшнае.– А калі я шкаляр?– Усе мы шкаляры ў Бацькі Нябеснага, – непахісна сказаў сівавусы.Страшная сіла была ў ягоных словах і пільным позірку.– Я чалавек.– І сын Божы быў чалавек, – вочы ў сівавусага былі як жар, можа, ад зарыва.– Ды я...– Кінь, ты і тады баяўся, як упершыню прыходзіў. Гэта нічога. Мы цябе ў крыўду не дамо.– Не ведаю, аб чым кажаш ты. – Хрыстос адчуваў, што яго зацягвае, што дарогі назад няма.– Брэшаш, ведаеш, – прарвала раптам сівавусага. – Павінен быць Бог, раз нам гэтак кепска, раз нам – смерць. – Горла ягонае раздзімалася. – Не смей ношай грэбаваць.– Скінеш яе з плеч – канец нам, – горача зашаптаў малады.Фама раптам крэкнуў і ўстаў:– Вось што, хлопчыкі. Я мяркую, гэта ў вас дух Божы ўсяліўся. Чаго пытаць, раз усе вы пра адно зараз падумалі. А раз усе пра адно – ад каго гэта, як не ад Яго? Ну і дзейнічайце сабе, чаго да Бога па дробязях прысталі? Усё адно, як старая баба: “Божачка мой, зрабі, светленькі, каб мой певень курэй маіх удала таптаў, каб не было больш баўтуноў, каб піскляткі крапіўку хораша дзяўблі”. А Богу толькі і справы да таго пеўня і да таго, што баба, дурная, новага не купіць. Хоць ты самому тых курэй тапчы.Рогат.– Думаеце аб адным, што хлеба няма – і ён пра гэта думае. Што ўвесь хлеб у пэўным месцы і яго трэба ўзяць – і гэта думка ад яго. Што трэба нам, пакуль нас шмат, не па хатах ісці, а туды, бо раней сяўбы ўзяць трэба хлеб, каб было чым сеяць. Ды заадно і вінаватых у голадзе за гардзёлку патрэсці.Радасны, агульны крык узвіўся над пажарам.– Дзякуй, Тумаш, – ціха сказаў Юрась. – І ім і мне трэба туды. Толькі сам, без цябе, без гэтага крыку, я б іх туды не наважыўся клікаць. Сорам. Нібы дзеля сябе на смерць вяду.– Ну і дурань, – сказаў Фама. – Няма за што. Чуеш, як крычаць?– Мілы, – ціха і горача сказаў сівавусы. – Зразумей, усё адно. П а в і н е н б ы ў т ы п р ы й с ц і. Бог... Чорт... Чалавек... Усё адно. Але не паверым мы, што ты не Бог. Не таму, што дзівы твае бачылі. Таму, што бязвер’е нам зараз – смерць.І ён зразумеў, што ўсё зрабілася так, як павінна было быць і як хацеў ён сам. Невядомая сіла прывяла яго сюды, каб настала гэтае імгненне, і ўжо сам ён вядзе ці яго вядзе шматтысячнае наканаванне – усё адно. Ён узняў рукі.– Людзі, – ціха сказаў ён. – Дзецюкі! Народ мой! Адна ў нас дума, і няма больш сілы маёй трываць, як няма яе ў вас. Цяпер – да канца.Маўчанне. Бо Юрась узняў рукі.– Хлеб у Гародні. Але я не хачу думаць, што ідзём мы па адзіны хлеб. Не хлеб яны ўзялі ў свой Вавілон, у кубло гадзючае, а хлеб дабрыні вашай, літасці, даверу. Не толькі той кавалак, што несяце ў рот, а той, які далі б жабраку, суседу, у якога вымерзла ніва, брату з суседняй весі, брату, што прыйшоў з зямлі, на якой голад. Няма ім за гэта даравання, дзе б ні схаваліся – у доме рады, у зборні, у кляштары, у царкве ці касцёле. За абражаную веру ў дабрыню чалавечую – няма даравання, вы яшчэ зразумееце гэта. За тое, што кожны дзень там распінаюць чалавека, даравання няма. Мог бы я вам сказаць словамі пісання, накшталт: “Ачышчаюць вонкавасць чашы і блюда, а ўнутры поўныя яны рабунку і няпраўды”. Або: “Абходзяць яны сушу і мора, каб схіліць хаця адну душу, хаця аднаго, і, калі гэта здараецца, робяць яго сынам пекла, удвая горшым, чым самі”. Але нашто мне казаць вам гэта? Пісанняў на зямлі шмат. Праўда чалавечая – адна!