Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

У гэты момант, відаць, абурыўся алтар і аркі прытвораў. Страшэнны парыў ветру рынуў у трубу званіцы, і ад яго на ёй глуха, бязладна, страшна, самі сабою забухалі, зараўлі званы.– Вось і набат, – сказаў сівавусы.Гэта сапраўды было падобна на нечалавечы, магутны набат. Раўла нібы сама зямля.

Раздзел ХХХVІІІ

На гэты раз яны сядзелі ў вялікай троннай зале. Магчыма, адчувалі важнасць моманту, магчыма – думалі, што болей ім тут сядзець не давядзецца. А хутчэй за ўсё хацелі надаць кожнаму свайму загаду адценне ўрачыстай дзяржаўнасці, кожнае слова сказаць нібы ад пустога каралеўскага трона белай косці з золатам, ад імя гэтага знака, старажытнага, паганскага яшчэ, шасціканечнага крыжа, ад імя Патрона з мячом і дзідай, які распасцёр над усім гэтым капыты свайго каня.І не думалі яны, што няма да іх справы ні крыжу, ні конніку, ні трону. Проста тыя глядзелі з вышыні, як трапечуцца нешта пад імі першыя людзі горада. Першыя ў пашанах – першыя ў заганах.Некалькі гадзін таму яны зведалі, у дадатак да таго, што замах не ўдаўся і што шэры некуды знік, яшчэ і тое, што мужыцкі натоўп, на чале з ілжэ-Хрыстом, ідзе на Гародню і адлегласці да яго самае большае два дні. Яны не спадзяваліся, што ён можа рухацца так хутка. А ўсё было вельмі проста, і чарговы ганец растлумачыў гэта.Людзі Хрыста дарогаю куплялі коней у мясцовых жыхароў. Танна куплялі, бо кожны прадбачыў зімнюю бяскорміцу і рад быў прадаць лішняга каня, калі меў. Акрамя таго, людзі спяшаліся ісці. Ліхаманкава спяшаліся. Наддзіраліся, каб толькі прыйсці хутчэй. Жнівень пераваліў на другую палову. Прагна чакала зямля. Знемагала па тым часе, калі прыкрые зерне пухавой, чорнай коўдрай. Трэба было хутчэй даць сім-тым па кіпцюрах, узяць нарабаванае і спяшацца.Пры гэтай звесці Басяцкі і Лотр, як найбольш дальнабачныя, пераглянуліся. Гэта іх суцяшала. Аднак толькі гэта і было суцяшальным. Горад нібы падмянілі. Ніхто не кланяўся Лотравай кавалькадзе і Лотру, усе змрочна глядзелі ўбок і ўніз, нейкія людзі шныпарылі ў раёне Мечнай вуліцы. Шпегі і віжы збіваліся з ног і нічога не маглі зрабіць. “У кожную гадзіну чакай удару ў спіну”. Адзінае спасенне было – стрэць ворага далёка ад муроў і раздушыць жалезам, дый на гэта цяпер не было часу.Цэлы дзень на Ростані, на Старым і Рыбным рынках кіпелі страсці. Крычалі, спрачаліся, заводзілі нейкія дыспуты. Шкаляры лаялі манахаў, манахі – шкаляроў. Нават Бекеш з прыснымі швэндаліся па горадзе з падазроным выглядам: так і чакай, што пачнуць выкрываць. Пад вечар Лотр з Басяцкім вырашылі праехаць горадам і самім паслухаць, што і як. У глыбіні душы яны ведалі: калі Гародня завірыць – Гародню давядзецца кінуць. Яны ведалі, нават не дамаўляючыся, хто павінен на такі крайні выпадак застацца ў ёй. Вядома, той, хто вечна быў у цені, чый сапраўдны твар людзі зведвалі занадта позна, калі было ўжо два выхады – плаха або каменны мех.І ўсё ж у глыбіні душы яны і не верылі, што ўсё гэта зойдзе так далёка. Войска Хрыстова абрастала людзьмі, як лавіна снегам, гэта так. Зараз у яго было, па даносах, нешта каля цьмы людзей. Але ж гэта былі мужыкі. Неабучаныя валоданню зброяй, няспрытныя на сваіх сялянскіх конях, нязграбныя бравэрачнікі, чорная костка. Нават ідучы на разбой, яны бяссільныя супраць коннага чалавека ў латах, калі ў таго меч, а ў збраяносца аркебуза ці пулгак. Хіба не адбіўся аднойчы на паляванні Мартэл Хрыбтовіч ад сарака гэткіх? Адзін, бо збраяносец быў у бойцы аглушаны.