Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

То дзве з паловай тысячы конных латнікаў ды дваццаць канонаў – хопіць вышэй галавы, каб раздушыць хамскае войска. Слаўны Бертран спяваў праўду:І люба бачыць мне, як раб,Што здуру кінуўся ў баі,Бяжыць і кідае свой скарб,А войска гоніцца за ім.І нічога, што гэта падобна нападу на мірную вёску з мэтай рабунку. Так і здарыцца. Тым і скончыцца.Раздражняла несуладнасць моцных. Нібы не разумелі ўсёй небяспекі, цягнулі кожны ў свой бок. Зараз палохалі, як заўсёды, ці то п’янага, ці то проста дурнога (ніяк нельга было ніколі здагадацца) войта. Цыкмун Жаба не хацеў даваць у атрад Карнілу сваю варту і сваіх загонавых:– Не дам. Сабе ахова патрэбная. У караля прасі.– Шмат ты ў гэтага... – дамініканец сказаў непрыстойнае слова аб годнасці Жыкгімонта як мужчыны, – выпрасіш.– Ты што гэта? – буркатліва кінуў Камар.– А што? Нездарма княгіня Медзіяланская1, здаецца, і замуж не паспела выйсці, а некалькі месяцаў у Рагачове сядзела ды тамтэйшага двараніна, Гервасія Выліваху, у веры пераконвала, – дамініканец быў злы да нястрыманасці. – Упарта пераконвала, нават па начах. А ерэтык Гервасій так ерэтыком і застаўся. Невядома яшчэ, чый і сын.– Змоўч, – папрасіў Лотр.Але мніх са злосці на гэтае быдла, што не разумее, які абух у яго над галавою, не сунімаўся.– У іх ва ўсіх так. Пераважна жонкі іхнія, кабеты, аб дынастыі стараюцца. Аляксандрава жонка не падбала, то трон і дастаўся дзеверу.– Змоўч, – яшчэ цішэй сказаў кардынал і раптам раўнуў на Жабу: – Вядзі людзей, іначай...– Кніжнік ты, – ашалеўшы ад жаху, залямантаваў Жаба. – Фарысей! На галовах вашых імёны багахульскія!– ...іначай, святой сёмухай клянуся і жыватворным крыжам, мы раней, чым яго, абяззброім тваіх малайцоў, а цябе выставім аднаго насустрач хамам.Жаба зразумеў, што жарты кепскія.– Добра, – ляскаючы зубамі, сказаў ён.– Даўно б так, – сказаў Лотр. – Прыцісні да загаду сыкгнет2. Вось так. А цяпер паспрабуем, дзякуючы дару, які даў нам Бог, прадбачыць усе магчымыя вынікі.– “Ты ўжо раз прадбачыў”, – падумаў Басяцкі, але змоўчаў. Лотравы вочы спыніліся на ім:– Ты, каплан, паскачаш сёння пад вечар у стан гэтага д’ябла. Не мне цябе вучыць. Але скажы: войска каралеўскае ідзе.– А яно ідзе? – спытаў Жаба.Цяпер на яго можна было не зважаць: сыкгнет стаяў перад загадам. І кардынал абарваў:– Глупства пляцеш... Дык вось, калі не спалохаецца – прапануй водкуп.– Так, – Камар узняў пагрозныя бровы. – Сто тысяч залатых. Скажы: больш, чым татарам. А сілы ж у яго менш.– Паскачу, але ён можа адмовіцца, – сказаў пёс Божы.– А ты пастарайся, каб чуткі аб выкупе дайшлі да хлопаў. Паднясі ім яблык раздору... Ну, а ваша думка, ілюстрысіме гаспадар Жаба?– “Яблыкі харошыя – вельмі харошыя, а кепскія – вельмі кепскія, так што іх нельга есці, таму што яны дужа нехарошыя”, – казаў у падобных выпадках мудры Іерэмія.– Прыбярыце гэтае п’янае быдла, – засычэў Лотр.– “Лепей быць п’яным, чым цвярозым”, – казаў у падобных выпадках Саламон, – сказаў Жаба. – Лепей быць вялікім і мудрым, чым маленькім і дурным. Што ёсць – тое ёсць, чаго няма – таго няма. У нашых парсюках наша будучыня... А парада мудрага...Яго ўзялі пад рукі і вывелі.– Ну вось, – сказаў Лотр. – Астатнія могуць ісці рыхтаваць воінаў. За работу. Ты, Фларыян, застанься, а ты, Карніла, прывядзі ката.– За што?! – з усмешкай, трагічным шэптам спытаў мніх.– Тфу, – сказаў Лотр.Сябры ў сатане засталіся адны.