Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Мяркую, ты ведаеш, аб чым будзе размова?– Але. Думаю, Хрыстос можа ўзяць горад. Прыйдзе гаспадар, а вы гэтага страшэнна не любіце.– Цярпець гэтага не магу, – усміхнуўся Лотр. – Ход падземны хаця не абваліўся?– Што ты. За ім сочаць. Гэта ж не муры... Дык што, заставацца мне?– Але. Адразу. Пастарайся, калі ён не згодзіцца, калі раздору не будзе, вярнуцца цішком. Мы скажам, што ты паскакаў у Вільню за падмогай. А ты тым часам пяройдзеш у цёмны схоў. Да гэтага можа не дайсці. Усё ж водкуп, раздор, магутнае войска, бітва... Але як дойдзе – мы правімся ў Ваўкавыск за падмогай. Там крэпасць не ўзялі крымчакі. Там моцнае войска. Прывядзём. Суцяшае тут...– Суцяшае тут тое, што ягоныя мужыкі не будуць сядзець доўга. Разыдуцца. Земляны чарвяк не можа без зямлі. Застануцца хіба мяшчане. Ты зразумеў, што табе рабіць?– На гэты выпадак, ведаю. Калі ты падыдзеш – дай знак. Я пастараюся да таго часу сабраць багатых цэхавых, сярэдніх, купцоў і іншае такое. Ды як на мядзведзя – адным махам.– Так. Гульня наша не ўдалася. Усё здарылася не так, як хацелі. Значыцца – карты пад стол ды па зубах.– Ты непапраўны. За такія параўнанні на тым свеце...– Нам усё даруюць на тым свеце, калі мы раней за нас адправім туды гэтага Хрыста. А калі не яго аднаго, ды яшчэ з вялікай крывёй – тым болей.– Ну вось, – уздыхнуў Басяцкі.– Ну вось. А цяпер забудзь. Гэта проста размова да крайняга прадбачлівых людзей. Водкуп вялізны. Такіх грошай ніхто з іх не бачыў у вочы. А не разбягуцца ад золата – разбягуцца ад мяча. Дзіваў не бывае.Прыйшлі Карніла і кат.– Слухай, – сказаў кату Лотр. – Табе загад такі: як толькі я дам ведаць, дзеўку, што ў цябе, прыдушы. – Нейкая думка прамільгнула ў яго на твары. – Слухай, а што, калі згуляць на ёй? Заложніца.– Месяц назад атрымалася б, – змрочна сказаў дамініканец. – Ад радасці ўцёк бы з ёю хаця ў Влохі, хаця ў Турцыю. А цяпер... Ты кепска ведаеш такіх людзей. Памрэ пасля ад тугі, а тут палічыць, што гэта не варта ягонай годнасці. Узвысілі вы гэтага махляра сабе на шыю.Кат глядзеў на іх млява і спешчана. Рот жорсткі і іранічны, а ў вачах меланхолія.– Ты аб чым думаеш? – спытаў Лотр.– Птушачка, – паказаў кат на жалезнага арла. – Леўчык. Або не, гэта воўчык.– Ну і што?– Непарадак. Клетачку б. Вось займуся.– Займіся ты, пакуль жывы, тым, што загадана.–“Жалезнай дзевай”?– Чым хочаш.– Значыцца, белы ліст. Ціка-ава як. Дзякуй, ваша правялебнасць. А што далей?– Калі такі загад будзе – далей рабі, што хочаш.– Прысягу, значыцца, здымаеце з мяне?– Здымаю... Калі не навек.– Ну, добранька. Я знайду, што рабіць, падумаю.– Ідзі.Яны засталіся ўтрох.– А ты рабі вось што, тысячнік. Адмовіцца ён, не адмовіцца – збірай усе сілы ды выводзь на тое месца, дзе зліваюцца лідскі і віленскі шляхі. Усіх, нават гандляроў, бяры. Яны яму гісторыі з рыбай не даравалі. Прымуць водкуп – ганіся, бі паасобку. Не прымуць, падыдуць туды – разбі іх. Гані і рэж да апошняга. А Хрыста цягні сюды.Лоб у тысячніка здаваўся яшчэ ніжэйшы таму, што быў Карніла падстрыжаны пад гаршчок. Гэты лоб не моршчыўся. І раптам Карніла сказаў дзіўную рэч:– Самі кажаце, Хрыста?..– Ды гэта ж мы яго...– Ну, вы... Раней аб’явілі. Пасля ўсе людзі паверылі. Дзіваў столькі нарабіў. Татар адлупасіў. Мяне два разы прагнаў. І Матка Вастрабрамская нічога з ім не зрабіла... І вось “хапай”. Непарадак.– Ты што, сябе з Маткай Вастрабрамскай раўняеш?– Таксама сіла і я. Не бывала такога, каб мяне білі. А тут: на мурах – раз, на рынку – два, пасля бярозаўскага разгрому – тры... Не да ладу. Ды яшчэ і Матка... Непарадак. Нешта тут не тое.