Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Ну, ты ж можаш яго пабіць.– Дзіва што. Канонаў столькі. І адзін латнік з мячом, аркебузай, пулгакам усяго на чатырох сівалапых у палатніне. Тут і думкі не можа быць: першай коннай атакай, адной вагою расціснем, перакулім і яшчэ раз у блін расціснем. А толькі – непарадак.– Шашок ты, – раззлаваўся Лотр.– Ну і няхай. А загады сабе супярэчыць не павінны. Непарадак.– Чакай, Лотр, – сябар Лайёлы ўсміхнуўся. – Ты, Карніла, мяне паслухай. Ты што, свяцей святога Паўлы?– К-куды там. Ён ля Бога самога сядзіць.– А Паўла між тым “дыхаючы пагрозамі і забойствам на вучняў Пана Бога”.Карніла пакутна моршчыў рот. Як гэта было цяжка. Чаго хоча ад яго гэты? Тысячнік, урэшце, дадумаўся.– Дзе гэта? – недаверліва спытаў ён.– Клянуся табе, што гэта так. Гэта дзеянні апосталаў, том дзевяты.– Хіба што том дзевяты, – з палёгкаю сказаў тысячнік. – Слухаюся.– Ідзі, – сказаў Лотр. – Будзе ўцякаць – не бяры жывога. Так нават лепей.– Што ж, м а е рукі ў крыві?– Дурань. Чым болей ён для ўсіх – тым меней дзеля сябе, тым мацней, тым больш небяспечны нам.Карніла нічога не зразумеў, і гэта, як заўжды, супакоіла яго. Ён кіўнуў.– Таму вось табе загад: вязаць, забіваць усіх, хто прызывае імя Гасподне.Гадзінай пазней Лотр і Басяцкі на чужых конях і ў звычайных ваўняных плашчах з капюшонамі, што хавалі амаль увесь твар, ездзілі па горадзе і прыслухоўваліся да таго, што гавораць.Горад гудзеў, як вулей, у які нейкі гарэза кінуў каменьчык. Паўсюль спрачаліся, а сям-там справа даходзіла і да грудзей. Але паўсюль фонам размовы было:– Мужычы... мужычы... мужычы Хрыстос!І толькі вяртаючыся дамоў, на Старым рынку, калі замак быў рукою падаць, трапілі яны ў непрыемны пераплёт.На Старым рынку лаяліся, лаяліся да зубоў і пены. Ішоў дыспут між маладзенькім бялявым шкаляром і мажным сівым манахам. Манах відавочна перамагаў. А ўбаку стаялі і з цікавасцю глядзелі на ўсё гэта людзі, якіх Лотр не любіў і пабойваўся ледзь не болей, чым ілжэ-Хрыста, што зараз ішоў на горад.“З тым ясна, махляр, бунтаўшчык, і ўсё, – думаў Лотр. – А хто гэтыя? Хто гэты юнак Бекеш? Ён багаты, бач якая рука! Што прымушае яго з пагардай глядзець на цудоўна ўладкаваны свет? І хто гэты Кляонік, што стаіць побач з ім? Разьбяр багоў, пачэсная работа. Што яму? І што гэтаму Альбіну-Рагвалу-Алёйзе Крыштофічу ў францысканскім белым плашчы? Мяцежнікі? Ды не. Бязбожнікі? Пакуль, здаецца, не. Чаму ж яны так непакояць? Можа, таму, што ад гэтых ухвалы не дачакаешся, што яны бачаць усё, што кожная дзея высокіх людзей для іх – да апошняга дна зразумелы, малапачцівы фокус? А можа, таму, што яны ўсё разумеюць і ўсё раз’ядаюць сваёй думкай, нібы царскай гарэлкай. Нават золата багатых. Так вось гэта, відаць, і самае страшнае. Думаюць. І ўсё, што было дагэтуль, не вытрымлівае, па гэтай думцы, ніякай крытыкі, не можа быць фецішам. Адзінае бажышча – чалавек, якога пакуль няма. Ну, а калі ён, чалавек, іхнімі намаганнямі і верай ды дарасце да такога бажышча?! Падумаць страшна. Памяць знішчаць. Магілы аплююць”.Бес асцярожна аддзяліўся ад Лотравай спіны і знік. Кардынал стаў слухаць.– Дык вось, – “дабіваючы”, сказаў манах. – Калі папа Ян ХХІІ казаў, што за забойства бацькі і маці чалавек плоціць у канцылярыю 17 ліўраў і 4 су, а забіўшы біскупа – 131 ліўр і 14 су; ён не казаў гэтым, што можна забіваць бацьку ці біскупаў, а проста паказаў цёмнаму народу ў адзіна зразумелы для яго спосаб, што такое людзі плоці, хаця б і самыя дарагія, і што такое людзі духу, людзі вышэйшай ідэі.