Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Шкаляр маўчаў. Ён не ведаў “Кодэкса апостальскай канцылярыі”, якому было дзвесце год.– Нават тупыя мазгі хама могуць зразумець такі просты спосаб ацэнкі, – трыумфальна агалашаў манах. – Вось што такое плоць і што такое душа!Бекеш хацеў быў утрымаць Крыштофіча, але францысканец мякка вызваліўся. Усміхнуўся сябрам іранічнымі цёмнымі вачыма, зрабіў крок да шкаляра, які азіраўся, шукаючы падмогі:– Малайчына, сын мой, ты зрабіў, што мог. Не твая віна, што ты пакуль не ведаеш гэтай брыды, забароненай яшчэ Піліпам пятым.Шкаляр пачаў лавіць руку Альбіна. Той перахапіў ягоныя рукі, пацалаваў у лоб.– Запомні, руку нельга цалаваць нават Богу, калі ён з’явіўся ў вобліку чалавечым, бо цалуеш ты плоць. А Богу-духу нельга пацалаваць рукі. Ergo нікому не цалуй рук.І лагічна дадаў:– Акрамя жанчын. Але, урэшце, гэтаму цябе, як прыйдзе твой час, вучыць не давядзецца.Стаў супраць дамініканца, увесь белы, румяны тварам, спакойны.– Значыцца, брат спявае алілуйю душы. Я згодзен з ім. Калі б ён вытрымаў сорак гадзін на коле – ён бы яшчэ больш р’яна заспяваў славаслоўе духу. Брат дазволіць замяніць мне гэтага маладзёна? Я цалкам згодзен з братам, але хацеў бы перавесці нашу спрэчку трохі... убок, назваўшы яе, скажам, “плоць, душа, ліцамер’е, або розум аб плоці, душы і аб тых, хто стаіць на варце іх”.Манахавы вочы забегалі. Ён адчуваў, што супраць яго магутны праціўнік, які з вонкавай зычлівасцю гуляе апанентам, як мячыкам. Але не згадзіцца, ды яшчэ з павернутай тэмай, гэта азначала прызнаць свой разгром. А іх не дзеля гэтага выслалі на вуліцы. Трэба было крычаць і спрачацца, каб люд не думаў аб тым, хто стаіць пад мурамі. Урэшце, хай нават і гэтая спрэчка.– Калі ласка, – сказаў ён...Крыштофіч уздыхнуў. Пасля рукі ягоныя цвёрда ўхапілі парэнчы подыюма.– Брат сцвярджае, што “Кодэкс”, ацэньваючы біскупа ў сем разоў даражэй за бацькоў, проста і наглядна сцвярджае аб тым, што такое чалавек плоці, набліжаны да суседзяў і сямейнікаў, і што такое чалавек духу і ідэі, то бок набліжаны да вярхоў.– Так, – сцвердзіў дамініканец.– Дазвольце нагадаць брату, што далей там сказана: за першага забітага свяшчэнніка – 137 ліўраў 9 су, а за кожнага астатняга – палову цаны.Натоўпам пакаціўся смяшок.– Я разумею, некалькі свяшчэннікаў даражэй за аднаго, хаця б нават біскупа. Але, прабачце, што наглядна сцвярджаецца тут? Тое, што наступныя свяшчэннікі менш людзі ідэі, чым першы? Тое, што яны больш людзі плоці і прыватнага жыцця? Або гэта проста такса для разбойнікаў ды яшчэ такая, што клапоціцца, як бы забойствы былі не занадта цяжкія для кішэні? Бедныя наступныя свяшчэннікі! Ім не пашанцавала трапіць пад руку першымі. Тады за іх заплацілі б поўнасцю. Іх бы гэта, безумоўна, суцешыла ў іх жаласнай юдолі. Не смейцеся, людзі. Таму я і кажу аб ліцамер’і тых, хто ўвесь час галасней за ўсіх крычыць аб духу і плоці. Гэтае пустапарожняе пытанне яны прыдумалі, каб вы менш разважалі аб сённяшнім дні, каб прыдаць сваім махінацыям адценне глыбакадумнасці і філасофскай праўды. На самай жа справе іх гэта цікавіць прыблізна, як мяне – лёс зношанага мною ў дзяцінстве плашча. Не цікавіць іх ні дух, ані плоць... Вось я зараз давяду іхнюю двудушнасць. Яны сыны мамоны і пуза. Але чаму яны так клапоцяцца аб вашым духу і вашых мазгах? Скажаце, таму, што аддаюць пальму першынства душы? Мана!– І тут брэшаш ты, сцвярджаю, – сказаў манах.