Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Натоўп скамянеў ад жаху. Крыштофіч, не спалохаўшыся сваіх словаў, сказаў з усмешкай:– Хто можа быць супраць словаў “любіце бліжняга”? Я – не!У гурме пачуліся ўздыхі палёгкі. Да апошняй ерасі, да адмаўлення Бога, не дайшло. Дый Крыштофіч быў далёкі ад гэтага.– Але паглядзіце, як разумеюць гэтую любоў тыя, што смярдзяць з галавы. Хрыстос пераконваў, даводзіў, ён нікога не судзіў і не забіваў. А яны? Усе яны?– А я табе кажу, што лютарцы лепшыя! – крыкнуў з натоўпу нейкі патаемны паборнік новага вучэння.– Лепшыя, як адна купа гною за другія. Няма лепшых! Хіба ён не праклінае тых, хто гаворыць аб роўнасці? Што, Лютар не хрысціянін? А мужыцкі Тумаш1? Што, Хіва не іудзей? А тыя, хто крычаў, каб яго пабіць камянямі, яны хто? Туркі? Што, Вяргілій Шатландскі не каталік? Вальд не каталік? А тыя, што палілі іх, яны хто? Язычнікі? Магаметане – магаметан! Іудзеі – іудзеяў! Хрысціяне – хрысціян! Свае сваіх! Цэрквы ваяўнічыя! Вам паўтараю, сыны мае. Заўсёды так, калі рыба смярдзіць з галавы.– Клірык, – сказаў з пагрозаю кардынал. – Ерась чаўпеш параўнаннем тым. Даўно спадзяваўся на вогнішча?Альбін толькі крэкнуў:– Ці да вогнішча зараз? Вось прыйдзе той, хто набліжаецца да горада, і дашле на яго перш за ўсё вас, а пасля, за кампанію, і мяне. Хто ведае, ці не будзе праўды ў гэтым ягоным учынку.Лотр бачыў: людзі стаяць вакол яго сценкай. З ерэтыком нічога нельга было зрабіць – будзе бунт, будзе горш. Ён ужо шкадаваў, што ўлез у дыспут, але і пакінуць поле за падбухторшчыкам, хай сабе міжвольным, было нельга. Даводзілася спрачацца.– Якая ж праўда ў знішчэнні сыноў веры? – амаль ласкава сказаў ён.– Сыноў веры? – ціха спытаў францысканец. – Былі мы сынамі веры. Зараз мы – гандляры праўдай, і самае існаванне наша на беларускай і ўсякай іншай зямлі – знявага Пану Богу. Гандлюем праўдай. Судзім праўду. Паўтараю: Хрыстос не дамагаўся суда і не меў яго. Як жа ён мог даць у рукі намеснікам сваім і іншай бандзе тое, чаго не меў сам? У спадчыну ж можна пакінуць толькі тое, чым валодаеш.– Змяніліся часы, фратэр.– Ты хочаш сказаць, што богачалавек, крычучы не аб судзе, а аб справядлівасці, крычаў так проста таму, што не меў сілы? І што, як толькі прыходзіць сіла, трэба не крычаць аб справядлівасці, а душыць яе?Лотр сумеўся:– Зусім не так, але зусім адна справа хрысціянін часоў Нерона і зусім другая – нашых часоў. Першы бараніў, другі – усталёўвае.– Што ўсталёўвае? – наіўна спытаў фра Альбін. – Тое, аб чым казаў Бог?– Але.– Бог казаў аб сціпласці і беднасці – мы рабуем царкоўную і мірскую маёмасць, рабуем працу простых. Бог не ведаў плоцкай любві, хаця яго ўсе любілі – нас не любіць ніхто, але мы кладзём распусніц на ложак свой і сілком цягнем на яго сумленных дзяўчат і замужніх кабет. Ён нагадаваў народ – у нас галодныя здыхаюць ля дзвярэй, у апошнюю хвіліну сваю чуючы гукі папойкі. Бог аддаў кроў сваю – мы гандлюем прычасцю... Брудныя сласталюбцы, сыны блудзілішча, люцыпары – вось хто мы!Ён змоўк на хвіліну.– То, значыць, г э т а ўсталёўвае судом і каразнамі сучасны хрысціянін? Як мы станем перад абліччам Бога? П’яныя, брудныя, з кісцянём у руцэ і нарабаваным золатам у торбе, з шлюхамі, з мёртвымі немаўлятамі на дне царкоўных ставоў. Думаеце, яны не пакажуць пальчыкамі на сваіх бацькоў і адначасова катаў?! І як Бог разбярэцца ў вашым сваяцтве, калі вы самі ў ім не разбіраецеся, паскуднікі, бо спіцё з маткамі сваімі, цёткамі, сёстрамі, дочкамі ад іх, сваімі і братневымі, і з дочкамі гэтых дачок ад сябе і ад іншых, так што ўрэшце сам сатана не разабраўся б, хто там каму ў якім сваяцтве сваяк, і самі вы ўрэшце робіцеся бацькамі сабе самому і сынамі саміх сябе. Мы жылі і раскашавалі, ведаючы, што такое цвярозая крытычная думка, а стаўшы сынамі догмы, разам з вамі ператварыліся ў быдла, бо яшчэ святы Геронім казаў: нідзе не знайсці гэткага быдла, фарысеяў, атрутнікаў простых, як сярод служак веры і ўладароў. І гэта праўда, бо падчас імшы качаецеся п’яныя на прыступках алтара і ўзводзіце ў святых самадаек, пэўна, каб праведнікам у раі было трохі весялей.