Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Вочы брата Альбіна ліхаманкава, светаносна блішчэлі, рот дрыжэў ад гневу, ссунутыя бровы трапяталі.– Будзьце вы праклятыя, хлусы! Здохніце ад паганых хвароб, як здыхаеце, гніль! Вы, зводнікі чыстых! Вы, каты сумленных! Манастыры вашы – пітомнікі садамітаў і могілкі неахрышчаных душ. Праклён вам, начныя грамілы, вечныя скажальнікі ісціны, каты чалавека! Ідзіце да такой матары... ды не, жанчыны не імуць граху, калі ў свеце існуеце вы, ідзіце да д’ябла, мярзотнікі! Дармаеды, паразіты, Садом і Гамора, рабаўнікі, забойцы, садаміты, зладзеі. Спапялі вас гнеў Божы і чалавечы!Брат Альбін страціў сябе, але не думку. Думка кіпела, хвастала, забівала, джаліла, паліла.– І гэта свяшчэннаслужыцель, – сказаў Лотр. – Лаецца, як п’яны наёмнік!– Я ў карчме, таму і лаюся, – Альбін – Рагвал патрасаў рукамі ў паветры. – Я ў карчме, імя якой – вы. У вас зброя, “велля”, каменныя мяхі і вогнішча. Чым ты праб’еш гэтую мярцвячыну цемры, чым запаліш агонь у гэтых тупых вачах? У вас зброя! У мяне толькі слова маё. Зразумелае люду, часам грубае, часам нават пахабнае. Але мы паглядзім, чыя зброя мацней! Божа, ці ёсць недзе на свеце цвердзь, дзе вас няма? Калі няма гэткай цвердзі – ачысцім ад вас сваю!Лотр не стрымаўся:– Чулі? Ён гаворыць аб іншых цвердзях. Нездарма ён успамінаў Вяргілія1. Вяргілія, якога асудзіў папа Захарый. Таго, пра якога папа пісаў, што ён сцвярджае, нібы ёсць іншыя сонцы, акрамя нашых, і якога за гэта трэба аддаць усім пакутам, якія прыдуманы людзьмі, а пасля кінуць у самае чорнае сутарэнне. Ты гэтага хочаш, мніх?!– Закрэсліце землі, якія адкрыў Калумб, – саркастычна адказаў брат Альбін. – А гэты вось цяжкі залаты ланцуг, які каштуе трох вёсак і зроблены з золата, прывезенага адтуль, кіньце ў балота.Лотр трохі збянтэжыўся:– Што да чаго?– Гэта золата адтуль? Светлае, мяккае? Выкіньце ланцуг, кажу вам!– Чаму?!– Яго не існуе, як не існуе тых земляў! Значыцца, гэта падарунак д’ябла, рука ягоная.– Што да чаго, пытаю я цябе?!Брат Альбін Крыштофіч адступіў:– Папа Захарый заклікаў катаваць і забіць Вяргілія за тое, што той, – голас францысканца грымеў і чаканіў словы, – меў нахабства сцвярджаць, быццам н а з я м л і і с н у ю ц ь н е в я д о м ы я к р а і н ы і л ю д з і, а ў сусвеце – месяцы і сонцы, падобныя нашым. І вось ты паўзверх крыжа носіш ланцуг, падараваны д’яблам, ланцуг з зямлі, якой не было і не можа быць. Таму што ўсё гэта патрызнілася Калумбу, таму што не можа мараход ведаць больш за папу, бачыць тое, чаго няма, мець рацыю там, дзе не мае рацыі намеснік Бога, ды яшчэ прывозіць адтуль неіснуючыя рэчы... Скінь свой ланцуг. Сатана!Лотр хіснуўся. Вочы адусюль глядзелі на яго. Страшныя вочы. Упершыню ён бачыў вочы, якія глядзелі наскрозь. І твары былі незвычайныя. Такія ён бачыў у гэтых, што ўбаку, і яшчэ... аднойчы... а мо і неаднойчы... у таго, які падыходзіў да муроў. І, зрэшты, ён хрыпата сказаў:– Гэтыя веды – яны не ад Бога, мніх. Трэба быць сціплейшым і ў ведах. Блажэнны простыя духам...– Брэшаш, – са страшнаю ўсмешкай сказаў Крыштофіч. – У нас зараз блажэнны начныя грамілы, гандляры жаночым гонарам, ханжы, забойцы, атрутнікі чыстых, п’яныя каты, зацямніцелі, душыцелі праўды. Блажэнны прадажныя... Ведаю, кожнае маё слова – нож мне ў спіну з-за рога, як то ў вашым звычаі, як то не раз і не два бывала. Але мой чалавечы жах не прымусіць мяне маўчаць, бо я чалавек, бо гнеў мой мацнейшы за боязь.