Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Ён панізіў голас, але чулі яго ўсе:– Калі я памру ў цвеце год, калі мяне заб’юць ворагі, схізматы, рабаўнікі або п’яныя, калі конь перакуліць мяне на вуліцы або чарапіца ўпадзе на мяне з даху – ведайце, людзі, гэта іхняя рука, іхнія кіпцюры. Гэта яны забілі мяне, баючыся праўды. Калі спіхнуць смерць маю на татар, ведайце, гэта яны.– Ведаем, – голасна сказаў нехта. – Мы любім цябе, брат. Мы будзем ведаць. Хай насмеляцца.– І ведайце, нават пасля смерці выклічу я іх на Божы суд. Не пазней чым праз месяц памруць і яны.– Пастараемся, – сказаў той самы голас.І тады Альбін пайшоў на Лотра. Пайшоў, гледзячы ў вочы.– І ўсё ж скінь свой ланцуг, сатана, – ціха сказаў ён.Кардынал ірвануў з шыі ланцуг. Страшэнна збялелы, паставіў дыбам каня, павярнуў яго і ўнамёт кінуўся прэч.

Раздзел ХХХІХ

Натоўп ішоў ад цемры да цемры. Спяшаўся. З усіх дарог, сцежак, гасцінцаў плылі групы людзей і далучаліся да яго. Нібы сам Вялікі Мужык зразумеў, што рана яшчэ ператварацца ў касу ятагану, знятаму з забітага крымчака.Мялы, бязмены, косы, доўбні, пешні, падобныя на кароткія дзіды, татарскія шаблі, лукі, кісцяні на ржавых ланцугах, мячы і цапы, твары, грудзі пад рыззём, чорныя рукі, калматыя сілуэты коней – усё калыхалася ў зарыве: палілі ўсе сустрэчныя цэрквы і касцёлы, усе багатыя маёнткі і замкі. Вакол усё палала.Край пусцеў перад імі. Край тых, хто ўцякаў. Край пусцеў за імі. Край тых, хто далучаўся. Падзеленыя Хрыстом на дзесяткі, сотні і тысячы, людзі ішлі ў адносным парадку, кожная сотня пад сваім сцягам (у цэрквах бралі толькі харугвы з Маткай і Хрыстом, а астатняе раздавалі або знішчалі агнём і лязамі сякер). Асобныя конныя атрады баранілі “твар” войска, “бакі” і “спіну” яго. Коннікі з ахвотнікаў ішлі на некалькі гадзін дарогі наперадзе.Вечарам перадапошняга дня здарылася кепскае з Магдалінай. Яна ехала ў галаве войска, побач з Хрыстом. За імі на тры вярсты калыхалася коннікамі і пешымі дарога. Як вока сягае, гарэлі ў цемры языкі факелаў, чуліся галасы, гігатанне коней, спевы, смех і рыпенне вазоў.Хрыстос раз-пораз касіўся на яе. Сядзела ў сядле лёгка і звыкла. На вопратку накінуты грубы плашч, як у соцень і соцень тут. Толькі капюшон адкінуты з прыгожай галавы. Замест яго на бліскучых валасах – карункавая іспанская мантылья. Дзіўна, прыгажосць яе сёння зусім не смертаносная, а мяккая, уся нібы абмытая чымсьці нябачным. Велікавокі рахманы твар. Нібы ведае нешта страшнае, але ўсё ж прымірылася з гэтым і едзе.Яна маўчала. І раптам ён убачыў, што вочы яе з жахам глядзяць некуды ўгору. Ён таксама ўзняў вочы.На прыдарожным вялізным крыжы вісеў, прыбіты нагамі вышэй за дзіды, драўляны распяты. У мігатлівым святле твар Ісуса здаваўся рухомым, перакрыўленым, дзіўна жывым. Распяты крычаў зорнаму небу, і ад смаласкопаў драўлянае цела ягонае было нібыта залітае крывёй.– Слухай, – пасля паўзы сказала яна. – Я была прыстаўленая да цябе. Я сачыла за табой.– Я ведаў, – таксама пасля паўзы сказаў ён і, убачыўшы, што яна спалохана, паправіўся: – Я здагадваўся. Галубы. Потым галубоў не было. Я ведаў, што ты калі-небудзь загаворыш.– Ты? Ведаў?– Я ведаў. Не так гэта складана, каб не адчуць простых думак.– Калі ты здагадаўся?– Я ведаў. Галубоў не стала.Яна шумна ўцягнула паветра.– Кінь, – сказаў ён. – Я ведаю, што спачатку яны ўсё пра мяне зналі.Працягнуў руку і дакрануўся да яе валасоў: