Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Ён адчуваў, што вар’яцее, што змешвае сябе і іх і тысячы іншых.У гэты час нешта прыглушана бухнула. Нясцерпна запахла смаленым і гноем. Схаваны агнём ледзь не да шыі, забойца азваўся страшэнным крыкам. Пасля ён сціснуў зубы і, амаль крычучы, стаў мерна чытаць нешта, падобнае на малітву:– Адроддзе пекла... Сыны Веліяла... Нашчадкі д’ябла і сукі з манастыра... Ісцінна кажу: сярод звяроў драпежных на першым месцы – поп, на другім – начальнік і толькі на трэцім – тыгр.Галава ягоная ўпала. Жанчына ўжо абвісла, відаць, учадзеўшы. Сівы маўчаў.На твар Хрыста лепей было не глядзець. Па твары Фамы відаць было, што ён зусім адурэў. Вочы заплюшчаныя, кулакі сціснутыя. Пасля ён з надзеяй расплюшчыў вочы – слупы былі на месцы.І тут раптам залямантаваў гаспадар:– Дык я ж з руплівасці! Я ж з дбайнасці! Няўжо і мне адплата?!– І табе, – няголасна сказаў Хрыстос. – Не агаворваў бы, каб верыў чыста.Гаспадар нібы толькі тут заўважыў яго і ўспомніў аб абяцанні:– Хрыстос! Ратуй мяне! Р-ратуй мяне, Хрыстос!– Ісцінна кажу табе, сёння ж уздадуць табе па жаданнях тваіх, – ціха паўтарыў шкаляр.– Я ж ча-ла-ве-ек!Раввуні не мог больш цярпець гэтага. Ён паглядзеў на Юрася і жахнуўся: вочы ў шкаляра былі бязлітасныя.– Успомніў, – сказаў Хрыстос. – Свіння бачыць зоры толькі, калі ёй пнуць у рыла.Падбег сабака, радасна паглядзеў на вогнішча, панюхаў, заматляў хвастом.– Хрыстос, – натужна сказаў Фама. – Я зараз не вытрываю. Я збыдлеў. Зараз забрашу, на ўсе чатыры стану і...– К-куд-ды? – схапіў яго Братчык. – Табе нельга. Ты... чалавек.Фама відавочна вар’яцеў. Вар’яцеў і апошні жывы на вогнішчы, шляхціц. І раптам ён, відаць, знайшоў дзеля сябе нейкі выхад, пакуль не згасне прытомнасць:– Божа, калі ты ёсць! Намучыў ужо, до! Аддаю табе душу маю!.. У раі, то ў раі. А ў пекле, то ў пекле – на ўсё твая воля. Толькі змясці ты нас разам, каб не клялі мы цябе... Адзіных, што дзеля мяне... А я дзеля іх... Сябра майго... Дачку... Мяне... Курачку-бялютку. Няпраўда гэта, што душа ў яе маленькая і небессмяротная... Яна дзеля... больш, чым многія... Курачку не забудзь!У наступны момант пан Коцкі перастаў быць....Раўло, круціла, несла. Агонь разгараўся ўсё зырчэй, і страшна было думаць – чаму? Страшна і няварта. А ад сталоў манатонна бубніў і бубніў голас:– Святога апостала нашага Паўлы да яўрэяў пасланне...Хрыстос адчуваў, што ён памірае. Знікла сонца.– Яны загінуць, а ты застанешся; і ўсе абвятшаюць, як рыза...Знікла сонца.– Бо як сам ён выцерпеў... так можа дапамагчы і тым, каго спакушаюць...Цемра стаяла ў вачах.– Таму што Бог наш ёсць агонь, які паядае.Ірваўся, ірваўся ў неба агонь.

Раздзел ХХVІ

Ноч для іх была страшная. Яны не пажадалі і на хвіліну застацца ў злашчаснай вёсцы і сышлі прэч. Хацелі былі дабрацца да мястэчка, да суседняй вёскі, хаця да якоганебудзь жытла, ды збіліся з дарогі, блукалі ў непрасвяцімай цемры па хмызах, змакрэлі і закалелі ад расы.Урэшце ім удалося знайсці нейкую лагчынку. Па тым, як трашчала пад нагамі, зразумелі: лаўжы, сухастой. Сяк-так наламалі сушняку, расклалі вогнішча. Пры ягоным маленькім святле справа пайшла весялей, і хутка зароў, зашыпеў зыркі агонь.І ўсё ж ім брыдка было сядзець каля самага цяпла. Яны з занадта вялікай свежасцю памяталі, што можна зрабіць з кожным Божым блаславеннем, нават гэтым.І ніхто з іх не захацеў есці. Смажыць мяса было вышэй за іхнія сілы. Нават вышэй за сілы Піліпа з Віфсаіды і Якуба Зеведзеева. Пры адным успаміне брала дрыготка агіды. Таму яны задавальніліся святлом, здалёк падкідаючы ў полымя сушняк.