Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Няма правіны. Ні тваёй, ні маёй і нічыёй іншай. Яны аблыталі тут усё. І ўсё трымалі пад сякерай. І ўсім на гэтай зямлі зламалі жыццё. І знявечылі хлуснёю цябе.Памаўчаў. Гарэла ў небе, проста над іхняй дарогаю, наперадзе, зорка. То белая, то сіняя, то вясёлкавая. Ішлі да яе коні.– Не ведаю, – ціха сказаў ён. – Часам мне здаецца, што ўсе яны – шпіёны і віжы... аднекуль яшчэ. Такія яны... нялюдскія.– Гэта я ўгаварыла цябе пайсці, калі ты мог і... за глотку.– Не хочацца мне нешта нікога... за глотку.– Забі мяне, – ціха сказала яна. – Калі ласка, забі мяне.– Нашто? Я ж сказаў, я зразумеў нядаўна: ні на кім простым на гэтай зямлі няма віны. Таму я і тут.– Што ж мне цяпер рабіць? – амаль шэптам сказала яна. – Не ведаю. Дый хіба не ўсё адно? Можа, Ратма? Можа, яшчэ нехта? Нікога няма. Распяццяў гэтых панатыркана на дарозе... Унь яшчэ адно... Божа, гэта ж як лёс. Ты, значыцца, туды? Царства Божае ўладкоўваць?– Паспрабую, – глуха сказаў ён.– І за ёю?– Калі яна жывая – і за ёю.– Аслеплены, – змежыла яна вочы. – Святы дурань. Юрась, ты што, вось гэтага захацеў? – яна паказала на распяцце. – Прэнга? Плахі? Ты ведаеш, чым гэта канчаецца?– Ведаю. Але не пайду. У першы раз бачу, што яны вартыя. Вераць у нешта лепшае, чым самі яны сёння. Не магу падмануць гэтую веру.– Прападзеш. Яе не аддадуць. І царства твайго не будзе.– Так.– І ідзеш бяскрылы, бяззбройны, як матыль на агонь.– На агонь.– І на смерць. І царства твайго не будзе.– Трэба ж каму-небудзь паспрабаваць. У першы раз паспрабаваць. Дзеля іх – варта.– Уцячом, – голас яе калаціўся ў глотцы. – Уцячом, апантаны. Не дзеля сябе... Каб жыў... Схаваемся. Я не магу, каб ты... Божа, ты ж за-гі-неш!Яна зарыдала. Ён ніколі не чуў, каб так рыдалі жанчыны. Глуха, беспрасветна, трымаючыся з усіх сіл і не ў змозе стрымацца. Так часам, раз ці два ў жыцці, плачуць мужчыны, згубіўшы апошняе шчасце, трапіўшы ў апошнюю бяду.Толькі тут ён зразумеў усё, што чытаў у людскіх вачах, і працягнуў рукі.– Рукі прэч! – са смяротнай крыўдай за сябе і яго прарыдала яна.Хрыстос глядзеў у яе вочы.– Ну так... так... так... та-ак!Ён апусціў вочы. Ён не ведаў, што сказаць. Дый што скажаш у такім выпадку? Лепей памерці, чым адмовіць вялікаму. Сапраўды вялікаму.– Я не ведаю, – урэшце сказаў ён. – Але ты не ідзі. Свет страшны. Кожны чалавек можа вельмі спатрэбіцца другому. – Я не кіну цябе.Хрыстос глядзеў на яе твар і не пазнаваў яго.– Я пайду за табою непрыкметна, – яна накінула на галаву капюшон. – Проста таму, што не магу іначай. Пайду да канца. Усё адно якога. Магчыма, ты памрэш, бяззбройны, бяскрылы. Я не ведаю, як памагчы табе. Але і пакінуць не магу.І, канчаткова схаваўшы твар, скокнула з каня, кінулася назад.– Куды ты?! – у раптоўным адчаі закрычаў ён.Ён хацеў спыніць каня, павярнуць, кінуцца. Але плылі і плылі гурмы, ціснулі, цягнулі за сабою. Конь не мог плысці супраць іх. Неадвольна аддаляўся капюшон, яго закрывалі плечы, шчыты, харугвы, такія самыя капюшоны.– Стой! Дзеля Бога, стой!Але плынь тысячаў несла яго, адцірала. Вось ужо з цяжкасцю можна было адрозніць яе капюшон сярод дзесяткаў такіх самых. Вось ужо блытаеш яго з імі, з іншымі.Усё.І так яна знікла з вачэй Юрася.У тую перадапошнюю ноч яны сталі станам вакол самотнай хаты. Звычайна Хрыстос адмаўляўся займаць жытло, спаў ля вогнішча, разам з усімі, а тут чамусьці згадзіўся....Вакол хаты палала мора агнёў. І па гэтым моры плыло да хаты дзесяць цёмных ценяў, апосталы.