Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Не падабаецца мне гэта, – бегаў вачыма Пятро. – Мужыччо гэта. Смажаным пахне. Трэба, хлопцы, вастрыць лыжы.– А Іуда зноў апошнія грошы бабам раздаў, што мужоў сюды прывялі, – трагічная маска Баўтрамея ўздрыгвала, голас рыпеў. – А нам бы яны – ого! – пакуль старым не зоймемся.– Ты... гэна... не забыў? – спытаў у Тадэя Піліп.– Н-не-е, – усміхнулася галава ў місе. – Забяру цябе. Ты будзеш на галаве дошкі ламаць. Я – фокусы паказваць.– А нам з табою, Ладысь, хіба пад мост з кісцянём, – крэкнуў Якуб. – На двухногіх асятроў.Худы, на дзяўчыну падобны, Ян усміхнуўся прыадкрытым, бы ў юрода, ротам:– Не злу наследуй, брат мой, але дабру.Пятро плюнуў:– Зло, гэта калі ў мяне ўкрадуць або жонку ўвядуць, а калі я ў каго – гэта дабро. Дарэмна мы сварыліся з вамі тады на возеры. Што, возьмеце мяне ды Андрэя з вамі? А то тут, бач, лёгкае жыццё канчаецца, ды можна і кепскае страціць.– Добра, – сказаў Якуб.Яны зайшлі ў кінутую хату амаль адначасова з Раввуні і Багданам, што падышлі з другога боку. На голым стале гарэла самотная свечка. Братчык сядзеў на покуці, паклаўшы галаву на далоні.Узняў яе. І без таго ненатуральна вялікія вочы нібыта яшчэ павялічыліся.– Вось што, – сказаў Пятро. – Там, у яры, якраз трынаццаць коней.– Чыіхсьці коней, – удакладніў цыганаваты Сымон Кананіт.– Знікнем, – сказаў Пятро. – Кінем гэта.– Ну вось, – сказаў Хрыстос. – Пятро – гэта камень. Паспрабуй ствары нешта на гэтым камені.Тумаш здымаў са свечкі пальцамі нагар. Цені скакалі на абліччы, па заліхвацкіх вусах, па вуснах аматара выпіць і закусіць.– Я не пайду, – сказаў Тумаш. І растлумачыў не вельмі разумна: – Вы тут усе хамы, а ў мяне – гонар.Мацей зірнуў на мора агнёў за акном і сцепануўся:– Ну, мы дык пойдзем. Мытарам яно спакайней. Я яшчэ дзіваў хацеў, дурань. Даруй нам даўгі нашыя. Зроду мы не плацілі іх. – І раптам буйныя жорсткія зморшчыны ля рота склаліся ў сквапную, просьбітна-нахабную ўсмешку. – Толькі... евангелле б сваё няхай Іуда нам аддаў.– Ты ж непісьменны! – залямантаваў Раввуні.– Малаважна. А я евангеліст. Мы вось з Іаанам яго раздзелім, падчысцім, дзе небяспечна, і добра. А Іудзе евангелля нельга. Не заведзена.Раввуні паказаў яму шыш.У Іаана Алфеева часта і незалежна ад яго мяняўся настрой. Вось і тут яму раптам шкада стала Хрыста.– А я б з табою, Божа, пайшоў. Толькі каб без зброі гэтай. Мы б з табою ўдаліліся ад свету ды духоўныя віршы пісалі.– Не хавайся ў вежу з слановай косці, – сказаў Хрыстос. – Хутчэй знойдуць.Усім было няёмка. І, відаць, каб перарваць гэтую няёмкасць, усе пачалі выказваць свае незадавальненні, кепскія прароцтвы на будучае. Узнялася гамана, пасля галас. Мацей лез да Іуды і крычаў нешта малазразумелае бязглузда-страсным голасам. Той лямантаваў у адказ. Сварыліся і гарлалі астатнія.Ад падзей сённяшняга дня і гэтага крыку Братчык ледзь не вар’яцеў. Устаў над сталом:– Маўчыце!Затросся ад удару кулаком стол. І тады Фама, у захапленні, што можна паказаць сябе, з бразганнем вытаргнуў меч і секануў ім па сталешніцы. Стол разваліўся напалам. Стала ціха і цёмна. Раввуні нашарыў свечку, выбіў крэсівам іскру, запаліў.Апосталы, сціснуўшыся, глядзелі на Хрыста.– Вось што, – сказаў ён. – Я гэта не дзеля сябе. Патрэбныя вы мне дужа. Я гэта для вас, святыя душы. Шкодзілі – замольвайце грахі. Хто пойдзе адсюль – аддам мужыкам. Вось як.– Вось як, – сказаў Тумаш.– Вось як, – паўтарыў Раввуні.