Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Апосталы вінавата, як пабітыя, пераглянуліся.– Ды што, – сказаў Сымон. – І мне карціцца ў Гародню ўвайсці. Паглядзець, як там, коні там якія. Я ўжо быў і адвучыўся...– Дый праўда, – сказаў Пятро. – Кінуць на парозе...– Гэта... Грэх.– Хто крок зробіць – таго я мячом, – сказаў Фама.– Таго я мячом, – рашуча сказаў Раввуні.– Добра, – за ўсіх сказаў Андрэй.– Мы ў ісціне хочам хадзіць, – падтакнуў Ян. – Ты нам вер.– Паспрабую. У апошні раз. – І Хрыстос убачыў твар Фамы, нейкі сабраны, дзіўны твар. – Ты чаго, Тумаш?– Абрыдлі мне гэтыя паганцы. Вось паклічу ўсю сваю веру, і палова іх з хаты знікне. Хай ля агню ходзяць.– Валі, – сказаў Хрыстос.Фама прыжмурыўся, сціснуў кулакі. Твар з нібы незнарок надзьмутымі шчокамі стаў яшчэ чырванейшы......Ляснулі дзверы. У хату зайшоў сівавусы:– Паслы з Гародні. Басяцкі.Фама моцна аддзьмуў паветра і залыпаў вачыма. Пасля плюнуў:– Вось табе маеш. Яшчэ і нават больш стала... Не, брат. Як брыду нейкую наклікаць – гэта ў мяне лёгка. А як добрага чаго – гэта не.Басяцкі ўвайшоў у хату і ўсміхнуўся ўсмешкай старога знаёмага.– Вітаю цябе, Хрыстос. І вас, апосталы.Убачыў рассечаны напалам стол. Плоскія вочы пашырыліся.– Ды гэта так, – прысаромлена растлумачыў Юрась. – Трохі забаўляліся.– Практыкаваліся трохі, – сказаў Фама.– Тлумач, нашто тут? – сурова спытаў Братчык....Дамініканец скончыў. Усе сядзелі моўчкі. Стомлены цень ляжаў у вачніцах Юрася.– Што ж, я выслухаў, – сказаў ён. – Дзякуй за выкуп.У некаторых загарэліся вочы. Толькі Фама непаразумела і грэбліва склаў вусны, ды Раввуні ўскінуў галаву.Хрыстос цяпер глядзеў у вочы Басяцкаму. І доктар ганорыс каўза са здзіўленнем убачыў, што зараз з гэтых вялізных вачэй не плыве тое, што няўлоўна падпарадкоўвала чалавека, нібыта робячы яго больш добрым. Вочы былі разважлівыя і сухія.– Бачыш, – сказаў Хрыстос. – Гэта як палічыць, колькі на Белай Русі простых, ды падзяліць, дык на адзін залаты – сорак чалавек.– Ну. Ды яны і таго не мелі. Бярэш?– Разумееш, страшэнна мне шкада. І ўзяў бы, раз людзі добрыя так стараюцца даць. Нельга ж крыўдзіць. Бога ў душы мець трэба. Ды вось толькі для аднаго мяне гэтыя сто тысяч – многа. Не каштую сам столькі. А як на ўвесь народ падзяліць – ганебна мала. Ну, чаго ім з гэтага? Адных поршняў больш ператапталі, сюды ідучы. Усё адно як старгаваць карову па дарозе на кірмаш ды, не ўбачыўшы яго, перці назад. Прабач, не хачу я нічога браць ад вас.– Узнясіся, азалацім! Свабодны будзеш.– Дык дзеля мяне тае свабоды і так досыць. А ты унь іх спытай.Дамініканец вадзіў вачыма па тварах апосталаў і цвёрда ведаў, што гэтыя пайшлі б на згоду.– Ды мы з імі дамовімся.– Глядзіш не туды, мніх.Юрась паказваў у акно. За акном былі агні. Нібы зорнае неба ўпала на зямлю.– Можа, гукнуць? Расказаць пра выкуп. Спытаць, ці досыць ім свабоды? Ці не аддадуць лішняй?Басяцкі зразумеў, што ўсё кончана. Толькі не ўтрымаўся, каб не буркнуць:– Свабода... Свабода... Кожны раз, як вы яе клікнеце – яна падымае галаву. Не торгайце вы яе. Яна харошая баба. Дайце вы ёй год сто паспаць спакойна, а там хаця канец свету – няхай устае.– Яна харошая баба, – сказаў Хрыстос. – Наша баба. А паколькі яна наша баба – не твая, мніх, справа, у які час ночы нам яе будзіць. Ты мніх, святы, значыцца, ты ў гэтых справах разумець не павінен.Спакойны, амаль лянівы здзек. Пёс Божы ўздыхнуў:– Не, Хрыстос. Гэта не я, відаць, святы, а ты, калі столькі золата бабе пад ногі кінуў, абы ёй на імгненне ў вочы зірнуць, а пасля здохнуць без пакаяння.