Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Хрыстос устаў:– Ідзі ты адсюль. Дарэмна стараўся ехаць. Не баімся мы каралевы, не патрэбен нам водкуп. Але, святы. Д’яблам быў, а цяпер святы. Свяцейшы за Паўлу.Схіліўся да яго і сказаў шэптам:– У цямніцах сядзеў, мяне ранілі, я сто разоў быў пры смерці.Пальцы схапілі дамініканца за патыліцу сталёвай хваткай, няўхільна павярнулі тварам да акна, да агнёў.– Мяне хвасталі, як іх, таму кожны ўдар па іхняй спіне гарыць цяпер на маёй. Мірыяды ўдараў кіямі, бізуном, каменнямі. Я валачыўся, блукаў, як Паўла і як яны. Разбойнікі на мяне нападалі і свае браты. Я галадаў іхнім голадам, і прагнуў, і мёрз, і памыляўся, і грашыў, і свят быў. Але я нікому яшчэ не здрадзіў на гэтай зямлі. І не збіраюся. Я не хачу быць ні з кім, акрамя гэтага народа, цяпер навекі майго. Я заслужыў гэтае права... Я гэта ўсё за іх... І калі яны – народ, то я – таксама. Вось апошняе маё слова.Плоскія, трохі ў зелень, бы ў яшчаркі, вочы нібы згаснулі. Дамініканец устаў.– Глядзі. Заўтра яшчэ можаш перадумаць. А паслязаўтра загаворыць сталь.– Хай, – адрывіста кінуў Хрыстос. – Калі модлы не пераконваюць – хай гаворыць яна.Бразнулі дзверы. Чорная постаць павольна праплыла пад акном, загасіўшы на хвіліну агні. А пасля яны заззялі нібы яшчэ ярчэй.

Раздзел ХL

І перад апошняй той ноччу павольна ўсходзіў народ на Чырвоную гару, што пад самай Гародняй. Цягнулі пару канонаў, захопленых дарогай, стомлена плыла людская плынь.Гара ўсё больш шчацінілася віламі, цапамі і дзідамі. Дзесяткі і сотні знаходзілі сабе месца. Але большасць не спяшалася з гэтым.Сядала сонца. У апошніх праменнях ягоных зіхацеў далёка вялікі горад, мэта паходу.Горад ляжаў спакойна і мірна, нібы не ведаў, што глядзяць на яго тысячы вачэй. З усімі сваімі чатырохкутнымі і круглымі вежамі, з дзесяткамі вуліц і завулкаў, з вуліцай Стрыхалёў і Мечнай, Утэрфінавай і Абадранага Бабра, з выселкамі, тупікамі і слабодамі, са шпілямі храмаў і свінцовым дахам замка, з далёкім Нёманам, з ценем і святлом і страшнай Зітхальняй, якую было не відаць адсюль.Сілуэты вежаў. Іскры вокан. Усё гэта было так мірна, так нагадвала нейкія іншыя гарады, дзе нікога не забіваюць, дзе гучаць арфы і гуляюць вясёлыя людзі, дзе нават муры – проста павага да часоў, якія неймаверна даўно адышлі ў нябыт, што Братчык на хвіліну да болю пашкадаваў гэты спакой. Добры, ціхі горад. Ён нагадваў... Што ён нагадваў?.. А тое, што нагадвала і ўся гэтая зямля: скажоны, перакручаны, няўмелы, чарнавы малюнак чагосьці сапраўднага.У гэтым горадзе былі сутарэнні, велля, бессаромныя людзі. Зітхальня, якой не было відаць адсюль. Каб ён мог, ён бы знішчыў усё гэта на твары зямным і пакінуў толькі там, дзе наблізіліся да дасканаласці: Каложу, Фарны касцёл, яшчэ некалькі веж, будынкаў, храмаў. Усё астатняе не варта існавання. Палацы з каменнага гною.І ўсё ж ён ведаў: ён ідзе на небывалае, неўласцівае такім людзям, як ён. Ні ў якім разе нельга было запляміць рукі. Ніхто не даведаецца, не асудзіць, але нельга. Ён помніў вочы людзей. Вочы, вочы, вочы....У гэты момант з гаю, што ў баку ад брамы, вылецела сотні дзве коннікаў і памчала, нібы з апошніх сіл, нібы ў безнадзейную атаку, сотні дзве чалавек.Ляцелі адным імклівым клінам, адным кулаком.Сівавусы крэкнуў, падаў знак. Хаця было і далекавата яшчэ, людзі нацягнулі лукі з рагоў. Малады стараўся асабліва, хацеў паказаць сябе: адцягнуў цеціву ледзь не да вуха, шукаў вачыма мэту. Страшэнна хацеў удала стрэліць далей за ўсіх.