Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Стой! – залямантаваў раптам Іуда. – Дзе вы носіце свае вочы, дзе?! Халера вам у бок, ліхаманка вам у галаву!Нацягваць так цеціву не варта было. І волат не здолеў бы пасля страшэннай напругі турыных рагоў асцярожна вярнуць яе ў ненацягнуты стан.Нешта ценькнула. Усе з жахам глядзелі, хто на маладога, хто на конніка. Малады абамлеў; мядзведзем зараўла сярод імклівага шалёнага кліна дуда.Чалавек з чорнымі рукамі каваля, даўжэзны боўдзіла, жоўты, у пшанічны колас, падскочыў у сядле......Спаймаў слабую – пры канцы лёту – стралу. Усе войкнулі.Пошчак капытоў нарастаў. Кавалькада падляцела пад адхон, пачала спешвацца. Толькі боўдзіла са стралой конна ўзляцеў на стромы адхон, шукаў шалёнымі ястрабінымі вачыма.– Гэта хто стрэліў? Га? Хто?! – Ён быў страшны.Маўчанне.– Я, – урэшце прызнаўся малады.– Малайчына, – сказаў Кірык Вястун. – Далёка страляеш.Пакаціўся рогат. Кірык злез з каня:– Здароў, Хрыстос, не забыў?– Кірык Вястун... Кляонік з Разьбярнага Кута... Марка Турай...– Памятаеш, – засмяяўся чарцяка Вястун. – Ну, давай пацалуемся... Здароў, апосталы... Гізунты адрасціў ты сабе, Фама, на апостальскім хлебе... А-а, здароў, брат Іуда. Як, здрадзіць яшчэ не збіраешся?– Дзякуй, – сказаў Раввуні, – сабе даражэй. Адзін ужо аднойчы паспрабаваў, і нельга сказаць, каб гэта было асабліва весела для астатніх. А я вось дарма гэтым хлопцам крыкнуў... папярэдзіў.– Ну добра, добра, давай пацалуемся, ці што... Слухай, Хрыстос, вось табе і падмога небальшэнькая. Мы былі ўцяклі, а пасля ў гай вярнуліся, сачыць. Ты сцеражыся, не лезь, як галавою ў печку. Войска з вартаю будзе даваць бой. Сядзяць унь там, у правым гаі і ў лагчыне, і там. Заўтра выйдуць строем на Воласава поле. У цябе людзей колькі?– Тысяч каля дзесяці, каб яны здаровы былі, – сказаў Хрыстос.– Ну, а іх з вартай войта тры з невялікім. Лічы, удвая больш. Цяжкая конніца, латы, каноны.Усе змоўклі. Адчулі смяротны цяжар заўтрашняй працы.– Значыцца, спачатку трэба не дапусціць да сябе, – сказаў Фама. – З прашчаў біць.– Таксама мне яшчэ Давід, – сказаў Іуда з іроніяй.– Ты што ведаеш? – раззлаваўся Тумаш на тое, што нехта засумняваўся ў ягоных ваенных здольнасцях. – Навучыся спярша меч трымаць!– Не ўмею, – сказаў Раввуні. – Але ўсё адно. Ты заўтра пойдзеш на двабой. Я з кімсьці – дражніць іх. Кожны робіць, што можа.– Не пойдзеш ты, – сказаў Хрыстос.– Пайду, – упарта сказаў Раввуні. – Калі не мячом, то трэба ж нечым. Я не ўмею мячом. Ніхто з дзяцінства не практыкаваў маіх рук. Усе практыкавалі галаву. Праўдзівей, сушылі яе. Калі ў мяне ёсць сякі-такі розум – гэта не “дзякуючы”, а “насупор”. У дзяцінстве я зрабіў быў прашчу і кідаў. Доўга кідаў... У нас, дзяцей, амаль не было вольнага часу пры дзённым святле. Але я навучыўся добра, някепска кідаць. Пасля мяне страшэнна адхвасталі за тое, што кідаў, а не вучыў модлы. А цяпер і прашчы няма.Памаўчаў і сказаў яшчэ:– Дый не хачу.Братчык глядзеў на яго. Гэты кволы і ўчэпісты чалавек цікавіў яго і няўлоўна, несвоечасова на гэтай паганай цвердзі, нагадваў нешта добрае, што павінна на ёй быць і чаму, аднак, не прыйшоў час.Таму ён падлягаў смерці, як некаторыя яшчэ, не дужа шматлікія, якіх ён сустракаў. Як ён сам, Юрась, але гэта ўжо справа іншая.Задураны, з тысяччу недахопаў, слабы, непрыдатны да навакольнага жыцця, безабаронны перад сілай да таго, што аж злосць брала і хацелася даць яму па шыі, ён усё ж быў бязмерна лепшы за многіх. Прынамсі, не стаў бы гарлаць: