Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Лаўжоў! Лаўжоў у агонь!Ён быў – у самым галоўным – падобны на велічэзную частку гэтых людзей у белым, што стаялі пад гарою і што можна было назваць словамі: няздатнасць да гвалту. А гэта заўсёды выклікае некаторую безабароннасць перад гвалтам чужых. У, як гэтым будуць яшчэ карыстацца ўсе, каму не лень! Аслападобныя шамоэлы, лотры, басяцкія, патрыярхі, папы, жыкгімонты, іншая навалач! Нічога, галоўнае вытрымаць. Калі гэтыя белыя, калі Раввуні, калі Фама, калі ўсе, падобныя ім, не вымруць – прыйдзе час, калі больш за ўсё на свеце будуць патрэбны яны. Чужога гвалту не будзе. І будуць страшэнна патрэбныя тыя, хто шмат выцерпеў, але ніколі без крайніх абставін, без смяротнай небяспекі не запэцкаў бессаромным гвалтам сваіх рук.Гэта добра, што ўсе вылюдкі адразу трапляюць у кардыналы. Чысцей будзе непарушная. Сутнасць.І Юрась асабліва мякка спытаў у Іуды:– Чаму ты думаеш, што не трэба спачатку прашчнікаў?– Гэта ж ясна. Напасці адразу, не даць вылезці з гэтай лагчыны, што бліжэй да муроў.І тут Хрыстос зразумеў: дажджы.– Правільна! Праўду сказаў ён! Яны ў латах, яны цяжкія як халера. Дажджы. Пад восень глеба кепска сохне. Там гразка. Для іх. Ну, не зусім, ну, па бабкі коні ўгразаць будуць. І то хлеб. Паспрабуй пазмагайся, пападзі, ухіліся, калі ногі, бы ў мухі на смале....У тую ноч увесь горад – хто з цьмянай радасцю, а хто і з заміраючым ад жаху сэрцам – сачыў за далёкай гарою, што ўся, ад падэшвы да вяршыні, зырчала бліскаўкамі агнёў.А на гары, у самы цёмны перадсвітальны час уставалі, разбіралі зброю, сяк-так строіліся ў доўгую баявую лінію. Трэба было яшчэ да сонца падступіць бліжэй, не даць выйсці з лагчыны, зберагчы хаця колькі жыццяў і тым, хаця трохі, зраўняць няроўныя сілы.Яны спадзяваліся на адно. У горадзе было жыццё, засеяныя палі, нівы пад каласамі. Без яго так ці інакш была смерць. Таму ніхто не думаў ухіляцца ці адступаць.Толькі ў гэтым і была іхняя сіла.Гара шугала агнямі. Блукалі цені коннікаў і пешых. Дзіды, уторкнутыя ў зямлю, былі, як лес. І лес гэты паступова радзеў, узносіўся ў паветра, калыхаўся ў чалавечых руках.Да Братчыка падышоў сівавусы.– Скажы, – коратка і проста сказаў ён.– Мо не трэба?– Скажы. Чакаюць. Некаторыя, можа, у першы, у апошні раз, чалавечае да сябе пачуюць. Многія да заўтра не дажывуць.Ён падаў яму руку. Братчык узлез на воз.– Вышэй! – закрычалі адусюль. – Відаць не ўсім. Вышэй.Сівавусы падумаў. Пасля сказаў нешта хлопцам. Некалькі чалавек падышлі і ўзнялі воз на плечы.– Вышэй! – гарлала гара. – Усе хочуць бачыць!Тады пад воз пачалі падстаўляць дзіды, асцярожна ўздымаць яго. Урэшце пяцьдзесят капейшчыкаў узнялі яго на вастрыях дзід высока над галовамі, разам з чалавекам, які стаяў на ім.Агні не гасілі. Трэба было, каб войска чужое пазней спахапілася. Паўсюль скакаў агонь.– Паспрабуйце ўпусціць, лабідуды! – крычаў нехта.– Падаць тады дужа высока будзе, – сказаў Братчык.– А гэта заўсёды так, калі без розуму высока забраўся, – сказаў Вястун. – Ды ты не з тых. Давай.Стала ціха.– Ну вось, хлопцы. Заўтра біцца. Сябе літаваць не буду. Калі хто думае, што плоць мая вытрымае ўдар дзіды – страшэнна той памыляецца. Думаў я, што не трэба мне лезці ў самую саладуху, што пастаў ваяводам хоць бы й лепшага ў... нашым свеце, дык тое самае будзе. Аж бачу, не. Павінен быць хаця маленькі агеньчык, на які глядзелі б дзеці. Зменіцца калісьці цвердзь, зменяцца і людзі. Добра было б, каб і мы і яны не казалі: “Наша ўзяла... і рыла ў крыві”. Разумееце, вы людзі. Яшчэ і яшчэ раз кажу: вы – людзі. Не трэба нам забываць: мы – людзі. Вось сякуць камусьці за праўду галаву. Калі не можаш памагчы – не схіляй сваёй галавы ніжэй за ягоную плаху. Сорамна! Нічога ўжо няма ў наш век ніжэй за плаху. І нічога няма вышэй, калі зразумець. Таму і ўсталі. На тым стаім.