Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Зноў уразілі яго абліччы ўнізе. Не маскі, не сцёртыя праявы – твары, аблічча. І вочы з нязвыклым ім самім выразам, прыўкрасней за якіх не было нічога на свеце.– Не люблю слоў халодных, як вяршыня ў снезе. Але як мы на вяршыні гары – хай будзе й казань нагорная. Калі ўжо так крычалі аб непатрэбным.Ён узняў у паветра баявую сякеру – гізаўру.– Блажэнны вялікія і добрыя духам, якія б малыя яны ні былі.Агонь скакаў па лязе.– Блажэнны тыя, што плачуць па сваёй зямлі, няма ім суцяшэння... Блажэнны тыя, хто ахвяруе людзям кроў сваю і свой гнеў, таму што на рахманых ездзяць.Медзяныя ці бронзавыя ад агню твары, шуганне зыркіх языкоў і лес дзід. І ў паветры – чалавек з узнесенай гізаўрай.– Блажэнны міратворцы, калі не прыніжаны чалавек... Блажэнны выгнанцы за праўду... Блажэнны, калі выходзіце са зброяй за просты, бедны люд і падаеце... Таму што тады вы – соль зямлі і святло свету. Любіце і мірыцеся. Але і ненавідзьце тых, хто замахваецца на вас і вашу любоў. Мячом, занесеным над моцнымі, над хцівымі, над забойцамі праўды, дайце ўсім простым мір. І як спытаюць, нашто прыйшлі, адкажыце: адпусціць змучаных на свабоду, рабоў – з ланцугоў, бедных – з халуп, мудрых – з турмаў, гордых – з ярма.Ён гаварыў няголасна. Але чулі ўсе. Перадсвітанкавы змрок пачынаў радзець. Святлела на ўсходзе. Ляцелі з абозу свежыя, рэзкія галасы пеўняў.– А цяпер хадзем, – сказаў ён. – Ідзіце як мага цішэй.У гэты момант ён убачыў, як вочы людзей нібы цьмянеюць, глядзяць некуды з прадчуваннем нядобрага. Пасля пачуў хрыпатае, гартаннае карканне.Ад пушчы цягнулася на кармленне велізарная, як вокам акінуць, чарада крумкачоў. Якраз над табарам. Густая, зменлівая чорная сець.– Чуюць, – сказаў нехта. – Нас чуюць. Кепска.Яму не хацелася, каб згасла тое, вышэйшае, прыўкрасней за якое не было на зямлі, тое, што ён бачыў у гэтых вачах. Каб згасла ад глупства, ад палёту небывала вялікай чарады вугальна-чорных птушак. Гэта было так падобна на тое, калі б сціснуўся, пачуўшы крумканне, цёмны звер: “Нехта ідзе, крочыць нешта нязнанае, перад чым мы павінны затачыцца ў нетры”.І таму ён узняў гізаўру і загарлаў, сам адчуваючы, як раздзімаецца ад крыку шыя:– Птушкі! Збірайцеся на вялікую вячэру Божую! Каб пажэрці трупы цароў, трупы моцных, трупы тысячаначальнікаў, трупы коней і тых, што сядзяць на іх.Адказам быў крык. Дрыжэла ў паветры зброя, рухаліся мускулы на голых грудзях, узляталі магеркі з ільняных, чорных, залатых галоў. Узносіліся ў паветра авальныя шчыты.Пасля ўсё сціхнула. Пачуўся шолах травы пад тысячамі асцярожных ног.