Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

А калі агонь разгарэўся яшчэ больш – яны агледзеліся і зразумелі, што трапілі з агню ў полымя.Яны сядзелі на старых, відаць было па ўсім – закінутых, могілках. Пахілыя, замшэлыя крыжы, каменныя пліты, укрытыя зялёнай коўдрай моху, тоўстыя абрэзкі магутных бярвенняў на ўсю магілу, з “галубцамі”, прыбітымі да іх. Пліты ўлежку, пліты перагорнутыя, пліты пахіленыя, пліты старчма. І на ўсім гэтым – разліў імхоў, а над усім гэтым – сухія дрэвы.Паўсюль нейкія ямы, разбураныя капліцы, праваленыя магільні. Відаць, тут добра пагаспадарыла нечая рука, што не звыкла саромецца або даваць справаздачу перад іншымі ў сваіх учынках.За іхняй, маленькай, лагчынкай ляжала вялікая, абкружаная даволі стромымі схіламі. На ёй, па краях, цьмяна былі відаць рэшткі якіхсьці фундаментаў. Вакол вялікай лагчыны таксама цямнелі нейкія камяні, расла высокая трава (пэўна, на месцы былых градак ці кветнікаў). Але ўсё гэта густа зарасло даволі ўжо вялікім лесам. Лес быў цёмны, але сям-там у ім мёртва бялелі высахлыя шкілеты былых садовых дрэў.Яны памёрлі ад глушыні і бязлюддзя і вось бялелі далей і бліжэй, абкружалі лагчыну і падступалі да яе. Нібы вычварныя распяцці. Нібы дзесяткі пачварных прывідаў.Страшна было глядзець на гэта, і людзі зменшылі вогнішча да маленькага агеньчыка, які асвятляў толькі іхнюю лагчынку, дзесятак крыжоў і пліт у іхнім маленькім котлішчы.Знясіленыя, яны нікуды не ў змозе былі ісці, спаць не маглі таксама і вырашылі сяк-так перачакаць у гэтым месцы ноч.Гаварыць таксама нікому не хацелася. Толькі пасля вялікай паўзы Тумаш сказаў:– Калі палілі іх, я ўсю веру прызваў, каб зніклі слупы – куды там, чорта бяспятага! Стаяць, як стаялі. Куды ён вядзе нас, Бог?– Вядзе, – сказаў Іуда. – А куды – не ведаю.– Наперад, – буркнуў Хрыстос. – Пад узброенай аховай, каб часам не паварацілі, куды не трэба.І зноў доўгае маўчанне. Але Тумашу было відавочна нясцерпна. На адхоне ўстаў ягоны доўгі цень.– Божа, – з тугою сказаў Фама. – Ну вось я ўсю веру сваю прызаву. Ствары дзіва. Скажы, што не адна дрыгва перад людзьмі. Намякні, што не вечна адвечнае свінства. Зрабі нейкі знак.Ён напружыўся і непрытомна сціснуў кулакі. І раптам... па небе з шыпеннем, раскідваючы іскры, прамчаў вялізны агнявы метэор. Фама ўсім задам сеў на зямлю. Змаху, як падсечаны.– Свят, свят, свят.І тут, яшчэ раней за падзенне Фамы, ускочыў Хрыстос.– Агонь... – толькі і паспеў прахрыпець ён. – Аг-гонь.Ненатуральна вялікія вочы з надзеяй сачылі за нябеснай праявай. Ён працягнуў да яе рукі.Метэор нібы спыніўся над голай градою далёкіх узгоркаў. І адразу рассыпаўся на іскры, што ўпалі ўніз і згаснулі ў цямноцці.Павольна апусціліся рукі Хрыста.– Нябесны камень, – сказаў ён. – Плюнь, Фама. Багна наперадзе. Пра нас даўно забылі на небе. Лічаць, што ў нас – рай.Захутаўшыся ў плашч, ён сядзеў, нагадваючы вялізную хворую птушку са зламанымі крыламі. Увесь як жывая беспрытульнасць.Пасля пачаў пагойдвацца, нібы ад болю. Пасля пачаў бязладна гаварыць:– Спаганеная, згаджаная зямля... Нашто тут быці, чыстаму?.. Агеньчык у цямноцці... Агеньчык у самоце... Д’яблу аддадзеная... Памерці б – забаронена... Трэба ісці і паміраць, калі даў згоду жыць.Усе глядзелі на яго з жахам.– Царства фарысеяў... Труны схаваныя, над якімі людзі ходзяць і не ведаюць таго... Гора вам, што забіваеце пасланнікаў... Гора вам, хлусам... І вам, законнікам, гора, што накладаеце на людзей ёрмы нязносныя... Гора вам, што будуеце магільні прарокам, якіх забілі бацькі вашы.