Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

Твар у яго быў такі безнадзейны, што Магдаліна ўскрыкнула:– Кінь... Страшна!Толькі тут Юрась нібы апрытомнеў. Гледзячы ў зямлю, глуха сказаў:– Даруйце. Ніхто з вас не ведае, як гэта цяжка, калі цябе не разумее ніхто. Тут і звар’яцець нядоўга. – І дадаў са змрочнай усмешкай: – Заўтра пайду і павешу генеральнага камісарыя. Або злаўчуся і... усю святую царкву. Мне можна. Я цяпер – як вар’ят. Святы... як яго там... Гальяш з мядзведзямі на бязлюдным востраве.– Кінь, мілы, – упершыню паспагадала Магдаліна. – Як ты жыць будзеш?– А, як жыву. Маўчы, Магдзя.– Ну добра, ну ёсць злыя пастыры, злыя законнікі.І тут раптам Хрыстос узвіўся.– Ёсць?! Ты добрых сярод іх пашукай! Дзе яны?! Смурод суцэльны ўсе справы іхнія! Запалохалі, загадзілі... Вы тут сядзелі, а я надпісы на помніках чытаў! Я іх да смерці не забуду! Няма даравання зямлі, дзе нават пра нябожчыкаў так пішуць, пра тых, пра каго хлусіць нельга... І пісалі, і хвастом круцілі. І ўсё адно кімсьці знішчана вёска. Могілкі!Ён не ведаў, што вёску сапраўды знішчылі за “ерась і непакорлівасць”, а месца аддалі праклёну, што абрабавалі нават клады, што нават на могілках разбілі ўсе звычайныя пліты. Але ён і ведаў гэта. Падсвядомай упэўненасцю душы. І рука ягоная торкала ў помнікі.– У-унь. Так на дух чалавечы замахнуліся, што перад імі і ў смерці баяцца, трусікі.Ён стаў на магілу і прачытаў:– “Дзеля Бога вялікага чакаю... Жыццё ўслаўленню ягонаму аддаўшы, не пісаў я канонамі незацверджаных, непадобных ікон”.Цяпер ён з ярасцю папіхаў нагою другую пліту.– “Не быў я арыянінам, ані багамілам, ані ў іншай ніякай ерасі не быў. Сплю спакойна”.Ён пхнуў нагою збуцвелы крыж.– Унь, дзеці пастараліся: “Тата, заўсёды ты быў з ісцінным Богам, верыў у яго, літасцівага, пакорлівы быў намеснікам яго і ўладзе, а ерась ненавідзеў чыстай душою сваёй. Спі спакойна”.І Хрыстос выскаліў зубы, як ваўкалак:– Ён спіць спакойна. А вось пад якой спаленай хатай, пад якой з іх, у якім попеле спяць вашы костачкі? Ды што ж гэта за быдла! Ды колькі ж разумным людзям вучыць вас, каб былі вы не чарвякамі, а людзьмі? – Шкаляр затрос кулакамі ў паветры. – Законнікі, кажаш? Паны? Тысячаначальнікі кепскія? Брэшаш! Не яны смярдзяць! Справа смярдзіць! Справа іхняя ў шкоду чалавеку і зямлі! Не чалавек вінен – кодла! “Род лукавы і любадзейны! Сляпыя правадыры сляпых! Дрэва па пладах пазнаюць. Як жа яны могуць гаварыць добрае, будучы злы!”– Ціха! – сказаў раптам Фама. – Чуеце?Запанавала маўчанне. Усіх уразілі не столькі словы шляхціца, колькі ягоны выгляд, насцярожаны, увесь нібы напяты, з прыхаванай трывогай у вачах.– Ціха... Чуеце?Вогнішча амаль дагарэла. Цемра насоўвалася на маленькую лагчынку. І ў гэтай цемры, недзе ўнізе, у лесе, на подступах да вялікай лагчыны, яны пачулі нейкі дзіўны трывожны шолах, нейкія рытмічныя ціхія гукі.– Ідуць, – шэптам сказаў Тумаш.І сапраўды, гэта было падобна на прыглушаныя, слізготныя крокі дзесяткаў маленькіх ног, сярод якіх часам выдзяляліся цяжкія, нібы ішла вялікая жывёла. Набліжалася нібыта нешта шматногае, і яно ці грузна ступала па зямлі і моху, ці скакала, ці гучна наступала на карэнні. Ціхі пошчак, нібы ад буслінай дзюбы, часам гучаў у змроку, нейкія пагрозлівыя ўздыхі.– Хто гэта? – спытаў Сымон. – Або што гэта?– Ціха, – сказаў Тумаш.Глухі, бы з-пад зямлі, раздаўся раптам нейкі прызыў – а можа, маленне? – і сціхнуў. Зноў паўтарыўся... І нечакана ў адказ на яго прагучаў нечуванай сілы голас, ад якога ў нявольных сведкаў пабег па спінах мароз.