Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 3

– Хто там кліча мяне? – біўся ў вялікай лагчыне голас.– А-о-о-о-оў-у-у! – праспявалі з цемры галасы.– Хто не баіцца праклятага Богам і слугамі яго месца?– Слабыя, – прастагнаў нечы голас у адказ.– Чаму слабыя не баяцца зямлі, ад якой адступіўся Бог? – бразгаў металам пачварны голас.– Бо выракаюцца. Бо хочуць быці моцнымі.– Хто жыве на пустой зямлі?– Ніхто.– Хто пануе над ёй?– Ты.– Чаго хочаце вы?– Быці тваімі. Мана.– Як гэта на мове таго, каго выракаецеся?– Аман.– А папраўдзе?– Мана.У цішыні прагучаў нібы здушаны, пачварны рогат многіх галасоў.– І вучыць, – захлыналіся галасы. – І сэнс таемны... І ў кожным амане – вялікая мана.– Імя маё? – спытаў голас.– Сатанііл, – ціха застагналі галасы. – Люцыпар... Светаносны... Пахвіст... Чарнабог!..– І-мя ма-ё! – быццам галоўнага патрабаваў голас.– Уладар! – прарыдаў нечы голас. – У-ла-дар!– Што прынеслі вы мне?– Сябе. Душы свае. Кроплі крыві сваёй на гэтым лісце.– Што яшчэ?– Слухай, – сказаў нехта.І тут над лагчынай прагучаў немы, нібы ў сонным кашмары, чалавечы крык. Нават не чалавечы, а такі, нібы рыкаў пад няўдалым нажом у перадсмяротным жаху бугай. Пасля нехта замыкаў.– Пазнаю голас ворага майго і людскога. Чакайце з ім.Крык яшчэ гучаў у вушах сведкаў. А вакол даўно стаяла мёртвая цішыня начнога лесу.– Цяпер кажыце вы, – гулка, нібы ў бездань, пралунаў голас.Па шолаху травы можна было меркаваць, што нехта зрабіў крок наперад.– Вялікі ўладар роду зямнога, усіх нас, – сказаў чалавек. – Яшчэ пазаўчора ніхто з нас не думаў ісці сюды. Прабач нам. Мы неслі наш цяжар і спадзяваліся і цярпелі. Твае ганцы ўмаўлялі нас, але мы заставаліся вернымі сынамі трыадзінага нашага Бога.Голас з цемры з’едліва зарагатаў.– Нас заганялі ў смяротны загон, нас вабілі туды байкаю аб райскай канюшыне, а мы жылі, як у пекле. І нас палохалі пеклам. Нас, верных. Мы галадалі і паміралі з голаду, а нас палохалі пеклам, бо не маглі мы купіць ані індульгенцыю, ані імшу. Нас білі, як хацелі, а пасля палохалі пеклам за адсутнасць смірэння. Нас гналі ў рай сілай, а мы бачылі, што месца і там купілі багатыя. Вогнішчы гараць на нашых плошчах, нас катуюць, дзеці нашы паміраюць з голаду, не зрабіўшы яшчэ і першага граху. На зямлі гэтай пануе зло... Нічога не можа Бог. Ён бяссільны супраць ім самім пастаўленай улады, супраць уласных слуг. Ён бяссільны супраць цябе, уладар зла. Ён катуе, гоніць і распінае лепшых сваіх сыноў, лепшых сваіх абаронцаў, або проста не можа абараніць іх. Ты, прынамсі, не мучыш верных сваіх слуг. Ты не будзеш, як ён, гнаць светлых розумам і душою, лепшую надзею, цвет стварэння свайго. Ведаем, што цябе няма тут, што гэта толькі голас твайго першасвяшчэнніка, але ты пачуеш, уладар. Твой слуга – не клірык. Твой храм – не царква. Ты пачуеш... Мы знемаглі. Мы не можам больш. Мы дапаможам табе зрынуць таго, каб на гэтай зямлі было нешта адно. Ці не ўсё адно, з кім будаваць добрае?Ён перадыхнуў.– Бяры нас. Мы больш не можам. Мы паміраем усё жыццё ў нашых складзеных з гною хатах. Чым больш яны гоняць нас да святасці і будучай райскай канюшыны – тым нам цяжэй, тым больш мы прагнем цябе. Яны даб’юцца, што ўсе мы зробімся тваімі. Усё жыццё мы зажыва паміраем, Чарнабог. Дай нам царства тваё, дай нам хаця аднекуль палёгку ў гэтым жыцці. Нам няма адкуль больш чакаць яе. Дай нам водбліск хаця нейкага святла, хай сабе і чорнага. Або – калі нельга і гэтага – дай нам на сваіх патаемных шабашах хаця адну хвіліну забыцця. Дай нам забыць вось тут, хаця на хвіліну, наша страшнае жыццё. Мы больш не можам. Забяры нас.