Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Сябры зарагаталі....Апосталы размясціліся асобна ад Хрыста з Анеяй, наводшыбе, аж у слабадзе за Каложскай царквою. Так было зручней і з жанчынамі, і з пітвом. Прынамсі, не трэба цягацца праз увесь горад, на вачах у людзей. Яны ўзялі сабе кінуты нейкім багатым уцекачом будынак, драўляны, белены знадворку і знутры, крыты моцным, навек, шчапяным дахам. Было ў ім нешта з дзесятак пакояў, і размясціліся ўсе раскошна.Урэшце, Тумаш з Іудам рэдка калі і начавалі там, увесь час прападалі на мурах, у складах, на прыстані або на пляцы.У гэты позні час усе дзесяць чалавек сядзелі ў пакоі з голымі сценамі. Шырокія лавы ля сцен, сталы, якія аж стагналі ад ежы, гарцаў з гарэлкай, бачонка з півам і цяжкіх гліняных куфляў.Гарэла некалькі свечак. Вокны былі адчынены ў глухі цяністы сад, і адтуль павявала водарам лістоты, спелых антонаў і валовых мордачак, ваўчкамі і прахалоднай расою.Размова, нягледзячы на вялікую колькасць выпітага, не клеілася.– А я ўсё ж гляджу – паленым пахне, – баязліва сказаў Андрэй.– Пабойваешся? – Піліп з неймавернай хуткасцю абгрызаў, абсмоктваў смажаную гусь, аж свіст стаяў.– Эге ж. Нібыта падбіраецца нехта, ды як дасць-дасць.– Гэта можна, – сказаў Ян Зеведзееў. – Лепей ад пана за нераты ў шыю атрымаць, чым дарэмна прапасці.– А я ж жыў, – летуценна сказаў Мацей. – Грошы табе, жонка, ежа. Збан дурны, яшчэ некуды шчаміўся, дзіваў хацеў.Навісла маўчанне.– Уцячы? – спытаў Баўтрамей.– Ну і дурань будзеш. Зноў дарогі, – сказаў Пятро. – Ведаю я іх. Ногі збітыя. У роце мох. Азадак павуціннем заткала. Трапілі як сучка ў кола – давайце бегчы.Усе задумаліся. І раптам Пётр ускінуў галаву. Акрамя яго ніхто не пачуў, як адчыніліся дзверы.– Ты як тут?Няўлоўная ўсмешка блукала на вуснах госця. Шэрыя, плоскія, трохі ў зелень, бы ў яшчаркі, вочы аглядалі апосталаў.– Т-ты? – спытаў Іліяш. – Як прыйшоў?– Спяць людзі, – сказаў пёс Божы. – Розныя людзі. У дамах, у садках. Варта ля брамы спіць. Мужыкі спяць у раднай зале, і зброя ля сценак стаіць. Вартавыя на мурах і вежах не спяць, ды мне гэта...– Ты?..– Ну я, – Басяцкі падышоў да стала, сеў, наліў сабе на донца піва, прагна выпіў. – Не чакалі?– А як варту гукнем? – зарыпеў Баўтрамей.– Не гукнеце. Тады заўтра не бізуны па вас гуляць будуць, а клешчы.– Савул ты, – сказаў Якуб Алфееў.– Ну-ну, вы разумныя людзі. – Езуіт памаўчаў. – Вось што, хлопцы. Мне шкада вас. Выдадзіце мяне – вас на дне марскім знойдуць. Думалі вы пра гэта?– Н-ну, – падступныя Пятровы вочы бегалі.– Дык вось, – жорстка сказаў іезуіт. – Кідайце яго. Заўтра ў горадзе горача будзе. Таму ідзіце ўначы. Зараз. Калі дарагая вам шкура.– Не ўцямлю, чаго гэта ты нам?.. – працягваў Пятро.Мяккі, незвычайна багаты інтанацыямі голас нібы зачароўваў, нібы душу цягнуў з вачэй:– Што вы? Нам важнейшую рыбу забарболіць трэба, а не вас, махляроў.– Тады нашто? – спытаў Пятро.– Праўду? Ну, добра. Я ведаю, і вас ужо даняла. І вы, як на старой сасновай шышцы, седзіцё. І самі б вы яго кінулі. Ды толькі маглі б спазніцца і трапілі б незнарок з ім. І павесілі б вас. А ўсе крычалі б аб вернасці, з якой не кінулі вы настаўніка. А трэба, каб ён, каб усе ведалі: в е р н ы х н я м а. Бо не павінен верыць ні сусед суседу, ані бацька сыну.– Нашто гэта вам? – спытаў Іліяш.– А без гэтага нічога ў нас не атрымаецца. Вучыць трэба... Нічога, маўляў, страшнага, калі сын жадае смерці бацькавай, поп – смерці біскупавай, таму што мы мацней хочам дабрабыту дзеля сябе, чым зла бліжняму. І таму дзеці павінны даносіць нават на сваіх бацькоў-ерэтыкоў, хаця і ведаюць, што ерась пацягне за сабою пакаранне смерцю... Таму што, калі дазволена мэта, то дазволены і сродкі1.