Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– Што ж мы, так проста і на дарогу? – падступна спытаў Баўтрамей.– Я іх ад смерці, а яны яшчэ і – “грошы”. Ну, добра ўжо, дзеля такой вялікай мэты дамо і грошай.– Колькі? – спытаў Тадэй.– Не пакрыўдзіцеся. На кожнага па трыццаць.– Давай, – пасля паўзы сказаў Пятро.Усе пільна, як сабака на стойцы, глядзелі, як вузкія пальцы езуіта выкладаюць на стол вялікія, з дзіцячую далоньку, срэбныя манеты, як ён лічыць іх, складае слупкамі і падсоўвае да кожнага. Святло ад свечак мігцела на ўсім гэтым, на прыадкрытых пашчах, на руках, на вачах.Езуіт паказаў на профіль Жыкгімонта на срэбным кружку:– Дзяржаўна-карысны ўчынак робіце. І вось бачыце, нібыта сам уладар наш кожнага з вас па трыццаць разоў за подзвіг ваш бласлаўляе. А цяпер – ідзіце.Басяцкі ўстаў.– Дый вы спяшайцеся. – Ян глядзеў у акно. – Сам ідзе. У канцы завулка.Мніх-каплан адчыніў дзверы. І раптам падаў свой насмешліва-абыякавы, здзеклівы голас Міхал Іліяш, ён жа Сымон-Кананіт:– Басяцкі. А што будзе, калі мы грошай са стала не прыбяром? І той зразумее?Дамініканец аглядаў яго. Пасля холадна паціснуў плячыма:– Прэнг.Дзверы зачыніліся за ім.Усе як быццам чулі ўсё бліжэй і бліжэй крокі Хрыста, але, магчыма, гэта ўсяго толькі тахкалі іхнія сэрцы. Мацней і мацней. Мацней і мацней. Урэшце здрыганулася рука ў Баўтрамея. Ён не вытрымаў. Не думаючы пра тое, што будзе, калі астатнія не прыбяруць грошай, схапіў манеты, пачаў прагна рассоўваць іх па кішэнях. Працягнулася па грошы другая рука.Рыпнула фортка. І тут дзевяць рук бліскавічна змялі срэбра са стала ў торабкі. Засталася адна грудка. Перад Іліяшам. Цыганаваты Сымон з трыумфам глядзеў вугальнымі вачыма на збялелыя твары хаўруснікаў. Абводзіў іх вачыма, нібы ацэньваў. Бачыў ва ўсіх вачах жах, сквапнасць, тупую прыціснутасць.Адчыніліся дзверы. Хрыстос абцёр ногі аб жорны перад парогам і ступіў у пакой.На стале былі пляшкі, бачонак, місы. Грошай на стале не было.– Хадзіце гарэлкі дзербаніце, ці што, – сказаў Іліяш-Сымон.Фама, Іуда і Хрыстос падселі да стала. Пачалі есці. Елі многа і ладна, але без сквапнасці. Вельмі згаладаліся за дзень беганіны.– А гарэлачкі? – лісліва спытаў Пятро.Нешта ў тоне ягонага голасу не спадабалася Хрысту. Ён абвёў вачыма апосталаў, але нічога асаблівага не заўважыў. Твары як твары. Медныя, у рэзкіх ценях. І вялікія крывыя цені рухаюцца за імі па сценах, запаўзаюць калматымі – з кацёл – галовамі на столь.– Н-ну? – спытаў Хрыстос. – Не, Пятро, гарэлку адстаў. Гэтак і горад прап’ём. Піва глыток плескані.Цень на сцяне піў з вялізнага глінянага куфля.– Дык што? Седзіцё? Морды мочыце? А рукі ў баі замачыць чырвоным – гэта вам страшна? А ў глей іх запэцкаць на ўмацаваннях – гэта вам гідка і цяжка?Маўчанне.– Што рабіць будзем? Морды вам чысціць? За муры выганяць у рукі ворагам?Твар быў суровы.– Я разумею, хлопцы, – трохі больш стрымана сказаў Хрыстос. – Вам лезці на ражон да канца не хочацца. Вас, калі схопяць, можа, і пашкадуюць па справах вашых. Скажам, не на палю пасадзяць, а ў каменны мех да скону. Усё ж жыццё. Вы не тое, што я. Вас яны не могуць да канца ненавідзець, а мяне ненавідзяць, бо я сведчу аб іх, што справы іхнія злыя. Што ўсе запаветы чалавечыя яны падмянілі адным, дзесятым: “Паважай здраднікаў, і добра табе будзе”.Глядзеў на патупленыя галовы:– І ўсё ж апошняе маё пытанне. Будзеце вы ваякамі за праўду ці так і пакінуць вас у прапойцах і зладзеях? Будзеце са мной? З імі?