Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– Памрэш, – сказаў Іліяш.– Там мог бы жыць, балбатаць тое-сёе. Тут – мабыць, памру. Але затое тут мая праўда: бойка з храмоўнікамі, сеча з самім Сатаной.Іліяш зразумеў, што ўсё дарэмна. Трэба было даваць лататы. З гэтым кашы не зварыш. Бач, твар які.– Нешта цяжка ў мяне на душы, – сказаў Юрась. – Душа смуткуе, тужыць смяротна. Пасядзіце тут, хлопцы, пачакайце мяне трохі. Я да Нёмана пайду, вырашыць мне нешта трэба, і сам не ведаю што... Толькі – нельга мне без гэтага.– Чаго ж, пасядзім, – сказаў Пятро.– Гэна... чаму не.Яны селі на траву пад мур. Братчык адчыніў фортку і зайшоў у царкоўны сад.– Вертаград маці царквы нашай, – сказаў Сымон. – Заблукаеш – крыўдуй на сябе.Калі крокі заглухлі ў нетрах, ён ускочыў і махнуў рукой:– А зараз – давай. Давай-давай. Каб аж пяткі ў азадак стукалі... Як калі б каня ўкралі.Яны кінуліся бегчы з усіх ног. Зніклі. Пастаяў у паветры і асеў блакітны ад месяца пыл.Пераклікаліся пеўні. Хрыстос ішоў між дрэў, адводзячы галіны, і лістота нібы плакала блакітам: падала раса.Каложа ўстала перад ім у месячным ззянні такая простая, такая дасканалая, што перахапіла дых. Бліскучы купал, срэбна-сінія шкельцы ў вокнах барабана, паласатыя, аквамарын у чэрнь, муры. Усё густое, нават у ценях чорнае ў зелень, як пяро качара. Аранжавым, – кубавым, зеленаватым, вясёлкавым ззяюць на мурах пліты і крыжы з маёлікі.Большай дасканаласці яму не даводзілася бачыць. Страшна падумаць, што нехта можа ўзняць на яе руку. Стаіць, нібы марскі палац, а над ёю схіляюцца дрэвы, хочуць сашчапіцца над купалам. А вышэй дрэў – неба, сусвет.Ён мінуў храм і сеў на беразе Нёмана. Месяц, як залатая чаша, ззяў у глыбіні. Уставаў у небе сілуэт Каложы. Злева, далёка-далёка, стаялі на беразе абпаленыя шыбеніцы, а за імі, яшчэ далей, спаў замак. Сціснула сэрца ад любві да гэтай зямлі.“Што ж я недадумаў? Што пагражае людзям, і гораду, і мне? Першаму абуджэнню чалавека да праўды? Што здрадзіць усяму гэтаму? Што, напэўна, пахавае пад руінамі светлага царства маю любоў?”Ён глядзеў на сямікаляровую далёкую зорку.“Правільна, што я не забіваў. Трэба было даць першы прыклад гэтым людзям, якія толькі пачынаюць пакутны, страшны, светлы свой шлях. Што ж, а д г э т а г а падне мая справа? І, можа, я памру, іначай чаму так цяжка?”Зямля неадольна клікала яго да сябе. Вочы ягоныя сачылі за зоркай, а калені згіналіся, і ўрэшце ён стаў на іх, схіліўся да зямлі.“Ты прабач, – у думках папрасіў ён. – Ты, неба. Я здрадзіў дзеля гэтага. Я – тутэйшы. Я – беларус. Няма дзеля мяне даражэйшай зямлі, і тут я памру”.Ён прыпаў шчакою да травы.“Што ж ты? Ну, адкажы мне, зямля мая, край мой. У чым я памыліўся супраць цябе? Што зрабіў у шкоду, калі не хацеў? Што знішчыць справу маю? Падкажы!”Плямы святла ляжалі на траве. Прабіліся праз густую лістоту. Круглыя плямы, падобныя на срэбныя манеты. Такія ж манеты дрыжалі і звінелі на вадзе.“Я зразумеў, – падумаў ён. – Дзякуй. Срэбра. Грошы. Яны загадзяць і сказяць самую светлую думку. Ад іх – подлы гандаль. І няроўнасць. І зайздрасць. І здрада. І загібель. І калі я загіну, то гэта ад іх. Ды яшчэ ад любові да людзей і да цябе, зямля мая. Гэта яны спарадзілі подласць улады. Яны спарадзілі цэрквы. Колькі яшчэ пройдзе часу, пакуль любоўна сплятуцца над мурамі прыгнёту жывыя дрэвы жыцця? Я не дажыву”.Начное неба ззяла ў бяздонным Нёмане.“Я не хачу гінуць, – папрасіў ён. – Я хачу дажыць. Вазьмі мяне на неба, зорка. Вазьмі, як Ілію. Каб тысячагоддзі праплылі на зямлі і дні – у жыцці маім”.