Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Шалахцела лістота. Мігцела зорка.“Не. Не хачу. Не хачу, пакуль не зрабіў наканаванага мне. Не хачу ўцякаць ад працы, ад крывавага поту, ад зямной чашы маёй. Гінуць таксама не хачу. У мяне ёсць сябры, і каханне, і народ мой, і сотні іншых народаў, і ты. Хай памінае мяне чаша сія, але, зрэшты, як хочаш. Бо калі ты вызначыш мне загінуць, зямля мая, я не буду наракаць”.

Раздзел ХLVІ

У агні пажару стаяла такая гарачыня, і так прагнулі яны, што падстаўлялі шаломы пад струмені крыві і ў імя Пана Бога, але як паганец багабрыдкі Гаген, пілі з шаломаў кроў зарэзаных.Канонік ТорскіА горад спаў. Толькі варта маячыла на мурах ды на званіцы балбаталі пра сеё-тое Ціхон Вус з Дударом.Зянон і Вястун, праходзячы забралам над Лідскай брамай, кожны раз гукалі няголасна:– Тумаш, спіш?– Ды не, – сіпата адказваў знізу Фама. – Хай варта пахрапе, я ўжо раніцай.– А малады?– Ды побач са мною. Свішча ва ўсе закруткі. Сон бачыць. Нібыта найпершую красуню патаптаў.– Гы-ы.І зноў крокі вартавых. Зноў цішыня.А між тым у цэнтры горада, далёка ад муроў і ад варты, даўно ўжо гучалі іншыя крокі. Ценевымі бакамі вуліц слізгалі, хаваючыся часам у нішы і завулкі, людзі з белымі крыжамі на рукавах. Цягнуліся ланцужкамі ў завулку, займалі іх, станавіліся ля мечаных дамоў, групаваліся ў найбольш небяспечных месцах.З завулкаў, з патаемных хадоў выпаўзалі яшчэ і яшчэ людзі, аж пакуль не пачало здавацца, што ў цемры шапаціць і разліваецца нялічанае гняздо павукоў-крыжавікоў.Група Пархвера, выбраўшыся з-пад зямлі, пайшла да лямуса, і там волат, увесь набрыняўшы крывёю, адваліў вялізнае камяніска, вызваліўшы другое жарало, з якога адразу ж паліўся чалавечы мурашнік. Варанёныя латы цьмяна блішчэлі, як хіцін.І калі рассыпаліся “белыя крыжы” па вуліцах, было іх многа, як мурашак.Загарэлася сінім святлом акно на адным з гульбішчаў, што вялі ад званіцы Дамініканаў. Тысячы вачэй глядзелі на самотны агонь.– Пачалі. Агонь мігцеў. І, падпарадкоўваючыся яму, цені пацягнуліся вуліцамі, пачалі заходзіць у мечаныя дамы. Хто іх меціў і за што – іх не датычылася. Можа, тут жылі сапраўды “вінаватыя”, а можа, нехта проста зводзіў рахункі з суседам, – яны не думалі пра гэта. Добра было тое, што дзверы памечаны крыжам Збавіцеля, а не паганскім, шасціканечным. Добра было помсціць і забіваць. Добра было тое, што вось аднаўляецца сапраўдны парадак.Заходзілі, цягнулі з ложкаў або канчалі проста так. Часам далятаў з пакояў споўнены пакуты крык, але часцей адказам на ўдар было маўчанне: работалі чыста.Лотр стаяў у садку над маладой парай, што спала пад вішняй. Ногі маладых лёгка спляліся, на вуснах былі ўсмешкі. Далёка адкінуты ляжаў корд мужчыны, а рука ягоная ляжала на жаночым плячы.Кардынал перахрысціўся і два разы апусціў меч.Хлебнік, праходзячы паўз вадамёт, запнуўся аб спячага. Той ускрыкнуў, але гандляр паспеў утыркнуць меч яму ў горла і адразу прысесці за агарожу басейна, і непадалёку сонны голас спытаў:– Чаго гэта ён?– Патрызнілася нешта, – адказаў другі. – Спі.Хлебнік трохі счакаў і на дыбачках пайшоў на галасы......Паўсюль, пакуль яшчэ бязгучна, чынілася справа забойства.Страшная, нялюдская, кралася над горадам ноч. Аднолькавыя трагедыі адбываліся на Кавальскай, Мечнай, Страменнай, на ўсіх вуліцах, на ўсіх тупіках. Сотні людзей былі па-зверску забіты ў сне імем Збавіцеля.