Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

У адным з дамоў не спала старая. Калі людзі ў латах уварваліся ў дом, яна зразумела ўсё і працягнула да іх рукі:– Не забівайце нас. У нас няма зброі.Сын яе, малады хлапец, кінуўся бараніць маці і, мёртвы, упаў на яе труп.Па ўсім абшары горада халаднакроўна пазбаўлялі жыцця людзей, а між тым кожны з іх хацеў жыць.Чыім імем? Божым? Якога Бога? Свайго. Самага важлівага і вялікага.Так разважалі ўсе. Мусульмане выразалі хрысціян Александрыі, хрысціяне выразалі іудаістаў Гранады, іудаісты, падчас апошняга паўстання, здзіралі скуру з язычнікаў Кіпра. І ўсе мелі рацыю, і кожны трымаў манаполію на Бога, і лепшых не было сярод іх.У тую ноч Гародня папоўніла ганебны спіс усіх гэтых сіцылійскіх вячэрняў, тырольскіх ютраняў і начэй на святога Баўтрамея. Папоўніла, але не закрыла. З гонарам запісала ў аналы свае Ноч Белых Крыжоў. Што ж гэта за гісторыя, калі ў ёй няма такіх вось казусаў, спроб “самаачышчэння народа“, прыкладаў “чысткі ад непажаданых”?...Урэшце, сп’янелыя ад крыві, яны страцілі асцярожнасць, вылезлі на святло. І тут зараўла дуда на званіцы Дамініканаў.Досыць было таіцца. Ярасны, шалёны лямант паляцеў над горадам. Варта, што не чакала нападу са спіны, страпянулася, але ў яе ляцеў ужо дождж стрэл. Атрад унутранага парадку, што спаў у зале рады, прачнуўся, але белыя крыжы былі ўжо ва ўсіх дзвярах. І кінуліся на бяззбройных, бо зброя іхняя стаяла ля сцен.Раввуні ўскочыў адным з першых, працягнуў руку да таго месца, дзе ляжаў рукапіс, і... усё зразумеў. На стале ляжаў адзін, выпадкова забыты Мацеем, лісток, на ім былі словы: “Бо маленькія адказваюць за вялікіх, мышы – за каршакоў... ” Іосія думаў нядоўга. Нясцерпная трывога за Анею сціснула ягонае сэрца. І ён, нягледзячы на тое, што зусім не мог біцца, кінуўся на вуліцу, у самае пекла.А над горадам ужо загаварыў набат. Металічна, дзіка, страшна крычалі званы. Абарона людзей, якіх заспелі знянацку, з самага пачатку рассыпалася на сотні асобных ачагоў. І ўсё ж чалавечыя пылінкі збіраліся разам, стваралі з сябе групы, атрады, невялікія гурмы. Ім было за што біцца. Яны ведалі сваё месца, і, калі ім удавалася туды трапіць, яны змагаліся адчайдушна. Па ўсім горадзе нараджаўся і ўставаў, хай сабе і хістаючыся на нагах, а д п о р.Кацілася вуліцамі лава “крыжоў”. Палалі паходні. Сям-там ускідвалася полымя ад падпаленых дамоў і асвятляла месцы сутычак, дзе людзі біліся і гінулі, паасобку або ў гурме. Секліся паўсюль: на плошчах і ў тупіках, на вежах і на галерэях лямусаў. Біліся, ляцелі ўніз, на дзіды; зваліўшыся на зямлю, кусалі ворагаў за ногі. Раўлі званы. І паўсюль ішла праца мячэй. Моташны, немы крык ляцеў вуліцамі.Ты, наверсе, – як ужо там тваё імя... Дакуль?!

Раздзел ХLVІІ

Апосталы ішлі да брамы самымі цёмнымі завулкамі, сметнікамі і дварамі. Часам пералазілі цераз платы, ныралі ў падваротні, перахоўваліся і ішлі далей. Яны здзіўляліся, што над горадам усе яшчэ раве дуда і крычаць званы, што нехта ўсё яшчэ змагаецца.– Якога чорта! – бурчэў Мацей. – Хто там яшчэ?Граў дудар. Здаравіла ў світцы, ласкавы да нудоты “братачка” яшчэ ў самым пачатку, толькі заўважыўшы ўнізе россып людзей, якія біліся, стаў суровы, нібы заглянуў у вочы смяротнай гадзіне:– Слухай, Вус, пакуль не позна – бяжы. Ратуй ягоную жонку.– А ты?Дудар вінавата развёў рукамі:– Ну, што я? Яны ж у бойцы мне мяхі жыва праб’юць, папсуюць дуду. То я, мабыць, тут раўці буду. Ваяка з мяне – сам ведаеш. Дык няхай той, хто самотна б’ецца, ведае – астатнія трымаюцца. Пакуль дуда раве – яны трымаюцца... Дык, можа б, ты не так пайшоў, братачка? Можа, развітаемся?