Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Залатыя рукі ляглі яму на плечы. Сябры пацалаваліся. Галава Вусава знікла ў люку. “Братачка” наваліў на люк камень, сеў на яго, раздзьмуў мяхі, узяў муштук у рот і, прыкрыўшы павекамі вочы, зайграў: “Тапчыце зямлю, легіёны Божыя”.Ён ведаў, што не выйдзе адсюль, і быў спакойны.Апосталы былі ўжо амаль ля самай брамы, калі з-за павароткі вывернуліся на іх людзі з паходнямі і белымі крыжамі на рукавах. Адзін схапіў загрудкі Піліпа з Віфсаіды:– Га-а, здаецца, з тых?Піліп маўчаў. Перад тварам Пятра вадзілі паходняй, здзекліва разглядалі:– Гэты.– Ды не мы ж, – сказаў Пятро. – Дальбог. Мы ад мніха-каплана ідзём. Вось... вось і манета...Манета знікла ў кулаку начальніка патруля.– Што нам да таго... – пераконваў Пятро.– Гэта... не мы.– Вы, як хочаце іх злапаць, ідзіце на рог Ростані і Малой Скідзельскай, – сказаў Мацей. – Там “жонка” ягоная, там і ўсе.Галоўны над крыжамі павольна ўсміхнуўся:– Д-добра, навалач, ідзіце. Ды не ў браму – там бой. Унь фортка.І яны пабеглі на Ростань. Апосталы яшчэ з хвіліну стаялі моўчкі. Пасля паспешліва патупалі да форткі, пераступаючы цераз напаўголыя трупы.Закрычалі трэція пеўні....У той час, як патруль, што перастрэў апосталаў, бег да Ростані, яшчэ два чалавекі імкнуліся туды ж.Вус, выбраўшыся з касцёла, зразумеў, што вуліцамі яму на Ростань не прабіцца. Таму ён, праклаўшы сабе дарогу праз натоўп ворагаў, ускараскаўся нейкай лесвіцай на дахі і пабег імі. Дахі былі збольшага стромыя, і таму бегчы даводзілася жалабамі, амаль над безданню. Некалькі разоў з-пад ног абрываліся чарапіцы, і Ціхон спознена халадзеў. Пасля ён прызвычаіўся і да гэтага; мала таго, калі бачыў, што ўнізе б’юцца, сам спыняўся на хвіліну, аддзіраў некалькі чарапіц, кідаў на галовы забойцам і радаваўся, калі чарапіца была свінцовая. Найбольш вузкія вуліцы ён пераскакваў і таму дабраўся да Ростані даволі хутка. Спусціўся ўніз і ўбачыў, што дзверы хаты сарваныя з завесаў, слюда вокан падраная, а на парозе ляжыць белая жаночая хустка.Так ён і стаяў у непаразуменні і адчаі. Такога і ўбачыў яго патруль, якому паказалі дом апосталы. І толькі калі “крыжы” агалілі мячы – залатых спраў майстра апрытомнеў. Цяпер трэба было ратаваць сябе. І ён, перакуліўшы некалькі чалавек, прарваўся праз іхні заслон, згубіўся ў лабірынце завулкаў....Другі чалавек бег да дома Анеі аж з Каложскай слабады. Худы, цёмны тварам, чорны да сіні валасамі. Ён бег, пераступаючы трупы, абмінаючы параненых, якія стагналі, і ў яго змрочных вачах усё мацней разгараліся жах і непаразуменне.Вуліцамі валодала разня. Яна панавала над імі ўсеўладна і нястрымна. У зарыве паходняў барвяна мільгалі мячы. Над імі лунаў немы крык, гучалі праклёны, лаянка, бразгат, хрыпатая пераклічка па-беларуску, польску і нямецку (сярод прыведзеных Лотрам было шмат наймітаў, бо ён ведаў: гэтыя не будуць шкадаваць чужых).Нападаючыя нібы ашалелі. Звар’яваныя вочы былі налітыя крывёй. Цягнулі, рэзалі. Слабы строй мяшчан і рамеснікаў біўся роспачна і таму страшна. На Старым рынку віравала каша з чалавечых цел, сталі і крыку. На зліцці рынку і Старой вуліцы арудаваў мячом волат Пархвер. Залатыя валасы ў чужой крыві, сінія вочы страшныя. Кроў цякла ў яго з пляча, пена – з вуснаў, але ён не заўважаў гэтага. Ім валодала пана.Іуда не ведаў, што Хрыстос у далёкай слабадзе таксама пачуў гукі набата, што зараз ён утрапёна бяжыць садам, ламаючы лаўжы... Ён бачыў толькі, што забіваюць людзей, і адчай, падобны чымсьці на самаахвярнае захапленне, запаланіў усю ягоную істоту.