Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Апошнім штуршком было тое, што ён зірнуў у цясніну Старой вуліцы і ўбачыў, як па ёй ідуць проста на яго, да рынку, да замка, некалькі постацяў: чацвёра латнікаў вялі Анею.У яго была толькі адна зброя. І ён ужыў яе. Чорным, у свеце паходняў, ценем ён кінуўся ў гурму, проста між шэрагамі, якія змагаліся і забівалі, уздзеў рукі:– Людзі! Людзі! Стойце! Вы браты! Нашто вы крыўдзіце адзін аднаго?! Не забі! Чуеце?! Не за-бі!Ландскнехт ударыў кагосьці мячом, і той стаў асядаць па сценцы. Кроў біла ў яго з соннай артэрыі. І забойца, як звар’яцелы, падставіў пад струмень далоні, стаў хлябтаць з іх, як з каўша.– Не за-бі-і!..Іуду схапілі за рукі....У гэты самы момант, далёка за горадам, у сасновым лясочку, апосталы перамотвалі рамяні на поршнях. Быў якраз самы цёмны час перад світаннем, але нават тут, на ўзлессі, было даволі добра відаць: над Гародняй стаяла вялізнае, мігатлівае зарыва. Тадэй займаўся тым, што надрэзваў на сабе нажом адзенні.– Ты... гэна... чаго?Фокуснік устаў, пакруціўся перад Піліпам, як перад краўцом.Дзіркі ў вопратцы былі проста артыстычныя. Ніхто ніколі не бачыў такога прыгожага рыззя.– З імі ды з маім талентам нам цяпер срэбра, а не медзь даваць будуць. Зажывём, Піліпе. Я – фокусы, ты – дошкі на галаве ламаць будзеш...Рыбакі моўчкі круцілі на запясцях кісцяні. Даўно памірыліся і вырашылі ісці разам. Іліяш маўчаў, пазвоньваючы кантарам. Толькі сказаў нечакана:– А дрэнна, што кінулі.– Ну і ляжаў бы зараз забіты, – сказаў Пятро. – Не ўжо, трэба аб раскошы забыць. Досыць. Пагулялі, папілі.– А хрэн з ім, – зарыпеў Баўтрамей. – Скончана роля. Добра, што падрабілі.– Я мянялай буду, – сказаў Мацей.І тут усіх здзівіў жанчынападобны Ян. Сказаў Мацею:– Евангелля палову мне давай.– Н-нашто?– Ты сабе нейкага Луку знойдзеш, – аблічча было юродскае. – Я – Марку нейкага. Пойдзем – будзе чатыры евангеллі. Падправім. Што мне вашы мужыцкія заняткі? Я – прарок. Ісціны хачу, благадаці, славы Божай.– А дулю, – сказаў Мацей.І ўбачыў, што ўвесь хаўрус з кісцянямі, Пятро, Андрэй і Якуб, сталі супраць яго сценкай.– Н-ну.– Дык... Ну вось, і пажартаваць нельга, – сквапна рухаючы вуснамі, Мацей падзяліў рукапіс Іуды напалам і змахлярыў, падкінуў сабе яшчэ аркушаў дваццаць, раздзёр ніткі. – Бярыце.– Пайшлі, – сказаў Піліп. – Скора і разыдземся.Усе рушылі дарогаю прэч ад зарыва. Ішлі моўчкі. Толькі Якуб Алфееў, як заўсёды недарэчы, пачаў спрабаваць голас. Бурсацкая світка біла яго па пятах, асавелыя вочкі глядзелі ў чырвонае, дрыготкае неба.– М-ма, м-ма-ма, м-мма-ма... кх... кх... Тфу... Горра... Го-о-ра... Гора табе, Серазін... Го-ра... Гора табе, Віфсаіда.І так яны зніклі за ўзгоркам. Некаторы час яшчэ даносіўся мядзведжы, яловы голас. Пасля засталіся толькі цішыня і зарыва.

Раздзел ХLVІІІ

Серазіну і Віфсаідзе, гэта значыць Гародні, сапраўды было гора. Забойства і сеча не спыняліся, а, наадварот, нібыта набіраліся сілы і злосці. Забівалі ўсіх, ледзь не да колавай загваздкі. І калі значная частка жанок і дзяцей уратавалася з дамоў, адзначаных крыжамі, у гэтым была вялікая заслуга сівавусага.Гародзенцы ведалі, куды, у выпадку чаго, уцякаць тым, хто не можа трымаць у руках зброі. Пад горадам лабірынтам цягнуліся старыя, даўно спустошаныя і закінутыя каменяломні. Самы блізкі ўваход у іх быў з вуліцы Стрыхалёў, і менавіта туды кінуўся напаўапрануты, спалоханы натоўп жанчын, старых і дзяцей. Толькі б спусціцца пад зямлю, а там – лаві за хвост вецер, за месяц не знойдзеш.