Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Лотр, аднак, таксама памятаў аб вуліцы Стрыхалёў і даслаў туды чалавек сорак прыспешнікаў. Безабаронны натоўп сустрэлі мячамі. І, пэўна, бойня не мінула б і слабых, каб не нарваўся выпадкова на брыдоту сівавусы з невялічкім атрадам мяшчан. Яны змялі мечаных, выкінулі іх з вуліцы і сталі заслонам па абодва яе канцы, прапускаючы толькі ўцекачоў. На ўсю даўжыню вуліцы варушыўся, крычаў, плакаў натоўп. Вялікіх сіл каштавала не дапусціць цісканіны: драўляныя дзверы ў каменяломні вялі не з вуліцы, яны былі ў канцы вузкага – рукі расстаў і загародзіш – і доўгага, сажняў на дваццаць, апендыкса, сціснутага між глухіх муроў. Вельмі павольна ўцягваўся натоўп з вуліцы ў гэты апендыкс. А тыя, каго яны прагналі, прывялі між тым дапамогу, процьму людзей з белымі крыжамі на рукавах. Добра, што вуліца Стрыхалёў была вузкая і “крыжы” не маглі скарыстацца са сваёй перавагі.На абодвух канцах вуліцы Стрыхалёў віравала сеча. Людзі спінамі прыкрывалі ўцекачоў і павольна, па меры таго як натоўп уцягваўся ў тупік, адступалі. Адступалі і падалі. З таго канца, дзе біўся сівавусы, кіраваў “крыжамі” і сам секся ў першых радах закуты ў сталь Рыгор Гародзенскі, а ў міру Гіляр Балвановіч. Куды падзелася ягоная друзласць. Нездарма яго параўноўвалі з нападаючым кракадзілам: толькі што было бервяно, і вось – страла. Ён арудаваў мячом са спрытам і ўмельствам.Сівавусы думаў, што ўсе ўжо забітыя, што яны засталіся адны. Ён не схільны быў дарэмна геройстваваць і вырашыў, што і яны адступяць у катакомбы следам за жанчынамі.І якраз у гэты момант зараўла дуда. Раўла няспынна, трывожна, грозна. Значыцца, людзі былі жывыя.– Бач, – здзекаваўся Грынь. – У слове ісціны... Са зброяй праўды ў правай і левай руцэ... Карынфянін.– Хрэн Вельзевулаў, – выплёўваў лаянку сівавусы.Побач з ім біліся мяшчане – майстры з Разьбярнага Кута, пераважна каталікі. І хаця яны спявалі псалмы іншай веры – сівавусы разумеў іх як братоў:Не ўбаюся полчышчаў, што абступілі мяне!Пачуй мя, Пане Божа, уратуй мя, Божа мой!Былі ў іх беларускія твары. Яны біліся разам з ім і гінулі як належыць. Хай сабе словы псалмаў былі лацінскія.Узляталі над іхнімі галовамі двухручныя даўжэзныя мячы, і пяціліся яны не ад недахопу мужнасці, а таму, што было іх мала.З глыбіні пекла ўзлямантаваў я да цябе,і голас мой быў пачуты.– Каталіцкія свінні, – лаяўся Балвановіч. – Дзе вашы... мулы ватыканскіх блудніц?!– Закрый пашчу, прыблуда, – раўнуў сусед сівавусага.Яны сышліся каля тупіка. Сышліся ўдвух. Іншыя перасталі быць. І вось так, плячо да пляча, прыкрываючы апошніх уцекачоў, пачалі адступаць, думаючы аб людзях і яшчэ аб дабрадзейнай цемры, куды за імі не пасмеляцца торкнуцца. Па вусах і грудзях сівавусага сплывала кроў, сусед быў не лепшы. На сярэдзіне завулка ён упаў, прыўзняўся на руках і натужна прахрыпеў апошнія словы псалма:І хвалі абступілі мяне.Упаў галавою на брук.Сівавусы ведаў: бегчы нельга, хаця нікога ўжо не было за яго спіною і дзверы зеўралі чорнай пашчай. Добра, што тут можна біцца – многа што адзін супраць дваіх... Вось зараз адступіць, спусціцца спіною да мяжы між святлом і цемрай, і тады кінуцца ў змрок, і тады......Нейкі грукат аддаўся за ягонай спіною. З аркі над тупіком упалі краты, якімі ў небяспецы перагароджвалі вуліцы: прабраўшыся па дахах, пастараўся нехта з ворагаў. Сівавусы адчуў спіною іхні холад і зразумеў, што гэта канец.