Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Балвановіч узнёс меч – сівавусы адбіў яго. Ён не збіраўся танна прадаваць апошнія хвіліны жыцця. І так яны біліся ў звоне і бразгаце, хаця сівавусы слабеў і слабеў.– Ты памрэш, пёс. Ты здохнеш.Сівавусы пачынаў хрыпець. Чырвонае марыва стаяла перад вачыма. Ён хацеў нешта сказаць, вылаяцца, але чамусьці ўспомніў напышліва:– Смелыя не паміраюць.Балвановіч ударыў яго мячом пад сэрца, адступіў, апусціўшы меч.– Так. Героі не паміраюць. Іх проста аддаюць забыццю, герояў.Смех ягоны захлынуўся, таму што сівавусы, сабраўшы апошнія сілы, ударыў яго вастрыём мяча ў глотку, не прыкрытую кальчугай.– Мы яшчэ даспрачаемся аб гэтым... Там.Пахістаўся трохі і з маху ўпаў ніцма на слізкую ад крыві зямлю. Усталі перад вачыма палі, разор за нарогам, буслы ў паветры, твар Хрыста, царква ў агні. А пасля ўжо нічога не было.

Раздзел ХLІХ

Атрад, які вартаваў Лідскую браму, адрэзалі з самага пачатку, і таму яны толькі чулі роў дуды над горадам, але нічога не ведалі пра астатніх. Фама, што праўда, як толькі пачалася разня, кінуў маладому:– Бяжы да Хрыста, вядзі сюды. Нас тут болей. Ратуй ты яго.І малады прабіўся праз строй. Яго схапілі за плашч, але ён, напаўголы, усё ж вырваўся, пабег.Але пабег ён ужо даўно. Паўтары гадзіны абаронцы брамы не ведалі пра іншых. Не ведалі, што за гэты час схапілі Іуду і Анею, што малады выпадкова сутыкнуўся з Хрыстом і яны збіраюць вакол сябе разрозненыя групкі мяцежнікаў. Не ведалі, што забіты сівавусы, што жанчыны з дзецьмі ўратаваліся ў каменяломнях, што Марка Турай і Кляонік з Фаўстынай, адрэзаныя ад усіх, ледзьве адбіліся і зараз конна ўцякаюць ад пагоні. Не ведалі, што схоплены “крыжамі” стары мечнік Гіаў Турай.А між тым з пачатку бойні мінула зусім няшмат часу. Ледзь пачало чырванець на ўсходзе, і пажары ў цемры яшчэ асвятлялі ваўсю.На забрале, па абодва бакі ад круглай вежы – званіцы, цьмяна кішэла гурма: людзі Кірыка Вестуна і Зянона. Яны пускалі стрэлы ў нападаючых і секліся з тымі, што імкнуліся забралам дабрацца да вежы, апусціць брамныя краты і гэтым самым адрэзаць дарогу ўцекачам з горада.Гэтай дарогі нельга было аддаць. Толькі адсюль яшчэ і маглі выбрацца з пасткі, згубіцца ў палях і пушчах параненыя. Менавіта сюды, па думцы Фамы, павінен быў адвесці баяздатныя рэшткі мяцежнага войска адрэзаны Хрыстос.Ні Тумаш, ні Вястун не ведалі, што Хрыстос не здолее прабіцца сюды праз магутную сцяну варожых ваякаў, што ў яго мала сілы.І менавіта таму, што Тумаш з сябрамі не ведалі гэтага, яны секліся ўтрапёна. Унізе, ля ўвахода ў браму.Фамоў твар яшчэ больш пачырванеў, вочы вырачыліся да таго, што здавалася, вось лопнуць. Вусы луналі, шчокі натужна раздзьмуваліся, цяжка варушыўся, вывяргаючы праклёны, вялікі рот, рот аматара выпіць і задзіры. Ён сек, даваў выспяткі магутнымі ступакамі, падстаўляў ножкі, хакаў, біў з ляза і наводмаш, эфесам. Грозна ўзлятаў у паветра двухручны, у паўтара сажня, меч. Нападаючыя каціліся ад яго гарохам.– Вялікдзень! Вялікдзень! – ляцела адусюль.– А я вось вам, трасца вашай бабулі, дам за тыдзень вялікдзень, за дзесяць дзён пэйсах, – успомніўшы пра Іуду, рыкаў Фама.І даў такога выспятка найміту ў форме польскіх уланскіх войскаў (той нападаў пешы, страціўшы, відаць, каня), што той, падаючы, змёў крыламі яшчэ чалавек дзесяць.Ён губляў надзею, што Хрыстос прарвецца. Цяпер трэба было толькі як мага долей не даць зачыніць браму. А раптам...