Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Карніла схапіўся за меч. Цяпер ён не меў перавагі адлегласці і вагі, як тады, калі меў дзіду. Цяпер ён быў у пройгрышным стане: мячы былі аднолькавай даўжыні, а вораг быў больш рухомы. Заставалася спадзявацца на непрабіўны міланскі панцыр.Дзве пары ваякаў біліся сярод поля, і тысячы вачэй глядзелі на іх.– Ану, ану, – задорыў Фама. – Дав-вай, сабачая костка. Дзе табе!.. Мы... ад Усяслава.– Я сам... ад Усяслава, – рохкаў Пархвер.– Ад шашка ты, а не ад Усяслава. Ад тхара і свінні.Пархвер сапраўды пацеў. Але Фаме даводзілася цяжэй. Нягледзячы на вялізную сілу і вагу, перад сотнікам ён быў драбнаваты.– Хам!– Сам хам!Ляскалі мячы. Праменні заранкі гулялі па латах. Усё гэта нагадвала вясёлую і жудасную гульню.– Трым-майся, Хрыстос.– На, табе.– Гы-ых! – адбіў удар мячом Карніла.– Добра, што ты стралу выняў, – выскаляў зубы Юрась. – Нязручна было б з ёю... на... кані.Мячы звінелі ўтрапёна. Карніла шумна выдыхаў і лаяўся.– Жартуеш груба, – кінуў Хрыстос. – Мазгі ў цябе курыныя.– Вернаму... мазгі... без патрэбы.– Дык я іх табе зараз... зусім вышыбу.Няўлоўным выпадам ён адбіў Карнілаў меч і ашаламіў тысячніка. Той крутануўся і грузна, цяжка ахнуўся аб зямлю. Не мог устаць. Юрась схіліўся, падхапіў з зямлі дзіду і паднёс востры канец да грудзей таго, хто ляжаў. Войскі ахнулі.– Трымайся, – сказаў Хрыстос. – Уставай.Карніла ўстаў і крыва пайшоў, сам не ведаючы куды. Жалезныя яшчэ падаліся наперад: вызваляць вожа, спусціліся амаль усе ў лагчыну. З іхніх радоў паказаліся пашчы канонаў. Іх цягнулі, і колы іхнія па калодку загразлі ў зямлі.Юрась некалькімі пляскачамі дзідай накіраваў Карнілу ў патрэбны бок і стаў глядзець на Тумаша. Той біўся адчайдушна, але ўдары волата былі страшныя – двухручны Тумашаў меч кожны раз адлятаў за спіну.Карнілу ўрэшце адцягнулі да сваіх. Ён, апрытомнеўшы, крычаў, загадваў нешта. З ім спрачаліся. І ўсё ж з іхняга боку раптам раўнуў адзін канон: помста рухала тысяцкім.Над галовамі байцоў праляцела ядро, узарала зямлю перад мужыцкім войскам.– Гэй, – крычалі адтуль. – Двабой не скончан! Гаршкі кідаць будзем!Пасля адтуль даляцеў ляск: мужычая катапульта кінула гаршчок з гразёю – на знак папярэджання... Карнілу схапілі за рукі, угаворвалі.Але вынік усяго гэтага сказаўся адразу ж. Быў ён толькі нечаканы. Гаршчок недалётам – відаць, не адрэгулявалі нацяжку жыл катапульты – упаў проста на галаву Пархверу, і тая засела ў ім.– Гэй, кум, памагчы, ці што? – спытаў Фама.Ударыў злёгку па гаршку, раскалоў яго. Па шалому, па твары, па вусах волата плыла вадкая гліністая гразь.– Умыўся б, ці што.Вялізныя сінія вочы Пархверавы загарэліся неўтаймаванай ярасцю. Ён узнёс двухручны меч і слепа апусціў яго. Тумаш ледзь паспеў паставіць свайго лёгкага каня дыбам, і лязо ўторкнулася глыбока ў зямлю. І тады Фама даў ворагу спрытнага выспятка ў адстаўлены азадак. Пархвер вылецеў з сядла. Рогат пакаціўся над полем. Пераможцы памчалі да сваіх.Карніла ўзняў руку ў жалезнай пальчатцы і апусціў яе.– Рушай!Адбылося лёгкае замяшанне. Чвяканне далятала адусюль.– Коні загразнулі, – сказаў нехта. – Не паспеем выбрацца і ўзяць рад.– Чорт! – сказаў Карніла. – Халера! Каноны на лінію!Пачалі цягнуць каноны. Але натоўп на грывах прыйшоў ужо ў рух, паплыў уніз, як белая лава. Павольна і грозна. Гарматныя майстры спяшаліся, але цяжкія каноны завальваліся, паказвалі хобаты небу.