Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Падалі вакол сябры.– Адступайце, хлопцы! У поле, зямля ім у глотку!.. Ах, ты так?! Двар-раніна, рымскае тваё адроддзе, смарчок атрутны?! З’еш, каб цябе зямля ела! Атрымай, каб цябе так д’яблы за нешта трымалі! Падавіся, каб табою ў голад так твае дзеці давіліся!Ён біўся, як дэман, але, адрэзаны ад астатніх, вымушаны быў адступаць у дзверы надбрамнай капліцы.– Сюды, Тумаш, сюды! – лямантавалі яму з муроў Вястун і Зянон.Яны таксама засталіся амаль адны, але трымаліся яшчэ. Фама, адбіваючыся, адступаў вузкай званічнай клеткай. Тут было зручна, і, хаця сходы вывяргалі да яго ўсё новых і новых ворагаў, ён паспеў наваліць іх цэлую кучу.Чалавек вытрымліваў. Не вытрымала жалеза. Фама ўдарыў і здзіўлена падняў на ўзровень вачэй доўгі эфес з уламкам клінка дзюймаў у дзевяць даўжынёю. Якраз даўжыня яго вялізнай далоні.– Пазычце вашу сківіцу, аслы, – сказаў ён.Жарало сходаў, як жарало гразевага вулкана, зноў выціснула, выкінула ў званічную клетку ўзброеных людзей, мечаных знакам крыжа. Яны падступалі. Фама бачыў сярод іх нават манаха-дамініканца з доўгім медным таўкачом.Агледзеўся ў адчаі, убачыў цьмяны ад яры, бронзавы бок звона з рэльефнымі фігуркамі святых, высока наверсе паваротную балку і вяроўку, што вяла ад яе ўніз, праз падлогу ў ніжні ярус, у памяшканне званароў.Трэба было ратавацца. Яшчэ не ведаючы, што ён будзе рабіць далей, Фама падскочыў і ўсім цяжарам свайго грузнага цела павіснуў на вяроўцы, палез па ёй угору.Цяжкая, на многія і многія бэркаўцы, махіна звона варухнулася спадніцай ледзь не над самай падлогай яруса. Ён лез, і яна хісталася трохі мацней. Унізе рагаталі.– Малпа. Глядзі, малпа. Ану, зрабіце ёй чырвоны азадак.І тут у Фамы перахапіла дых ад раптоўнай радаснай думкі. Дабраўшыся да балкі, ён падцягнуўся на руках.– А я вось вам морды чырвоныя зраблю, кныры! – крыкнуў басам.І, скурчыўшыся між мурам і звонам, са страшэннай напругай выпрастаўся, штурхануў нагамі агромністы звон:– Вялікая Зафея, памажы!І без таго разгайданы, звон цяжка і страшна ўздыхнуў. Пагрозны, да раптоўнай глухаты ўдар перапоўніў і прымусіў трэсціся званіцу, паплыў над горадам.Звон ударыў, – у ляманце і храбусценні паваліліся, пасыпаліся сходамі тыя, хто нападаў, – узвіўся дыбарам, паказаўшы гораду бронзавае рыкаючае горла. І яшчэ. І яшчэ.Цяпер можна было скочыць уніз, зноў падабраць чыюсьці зброю, зноў стаць на старым рубяжы, зноў не даваць хады гэтай свалаце. Тумаш так і зрабіў, падхапіў нечы меч і радасна – унь колькі дабра навараціла Зафея! – зарагатаў.У гэтым запале, чымсьці падобным на шчасце, ён забыў пра ўсё, забыў, з якім зверам ён знаходзіцца ў адной клетцы. Адступіў трохі. Звон, на самай крайняй мяжы свайго палёту, закрануў ягоную галаву. Круглую, заўсёды пыхата закінутую галаву ў футравай шапцы.Фама ўпаў, апошняй іскрай прытомнасці пачуўшы немы крык Вестуна:– Тумаш! Ту-маш!Кірык Вястун якраз у гэтую хвіліну застаўся адзін. Зянон спускаў уніз, на абложнікаў, вялікі камень, і тут страла трапіла яму пад сэрца. Спакойны позірк глыбокіх шэрых вачэй спыніўся на Кірыку, пацьмянеў.Каваль, адчуваючы, што ён задыхаецца, нібы гэта яму ўдарылі пад дых, узяў з-за пояса ў сябра сякерку-клявец – Зянон так і памёр вольны – і пачаў прабівацца, арудуючы зброяй забітага і ўласным мячом.Скочыў з мура ў роў, схаваўся на хвіліну пад смярдзючай вадою, вынырнуў ужо наводдаль, выбраўся на сухое, увесь аблеплены зялёнай тванню, пабег, спаймаў за грыву каня, што хадзіў па полі паміж забітымі, ускінуўся на яго і ахлюпкай паскакаў, знік у лесе.