Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

Раздзел L

Цяпер бойка ішла, калі не лічыць дробных ачагоў, бадай толькі ў самым цэнтры горада. Хрысту і маладому ўдалося згуртаваць тут вакол сябе сотні тры з нечым узброеных людзей, і яны ўдарылі ў тыл белым “крыжам”, пацяснілі, пагналі іх. Паніка, народжаная іх нечаканым з’яўленнем, была такая страшная, што фанатыкі спачатку давалі сябе знішчыць амаль без супраціўлення. Яны гналі, валілі і забівалі іх бесперашкодна і не шкадуючы, бо добра помнілі ўсё, бо яны на кожным кроку бачылі трупы бязвінна зарэзаных.Хрыстос меў намер прабіцца да Лідскай брамы, вывесці людзей з горада, уратаваць іх. І спачатку гэты намер абяцаў увянчацца поспехам. Яны гналі ворага амаль да канца Малой Скідзельскай, але тут дарогу іхнюю загарадзілі новыя сілы: да ворага падышло падмацаванне. Якраз у гэты момант некалькі разоў ударыла Вялікая Зафея, а пасля ў раптоўнай цішыні пачулася ракатанне ланцугоў і бразгат брамы. Прабівацца ў той бок больш не было чаго. Яны былі ў пастцы.Атрад адступаў. Павольна, але няўхільна. Выхад быў адзін. Нёман. А можа, камусьці і пашанцуе спусціцца з берагавой, амаль адвеснай, стромы і ўратавацца ўплынь.“Крыжы” цяснілі іх спачатку па Скідзельскай, пасля Ростанню, Старой вуліцай, Старым рынкам. Вёў іх Пархвер, а за спінамі тых, што наступалі, на адваяванай зямлі мортусы дабівалі параненых.– Забівайце! – ляцеў адтуль голас мніха-каплана, у якім ужо не было нічога чалавечага. – У імя Бога забівайце!– Лотр, навалач! – голы торс маладога быў заліты крывёй. – Басяцкі, навалач! Выходзьце! Мы вам Божым судом давядзём, хто слугі Пана Бога.І ўсё ж супраціўленне мяцежных людзей было такое страшнае, што “крыжы” знемаглі і няздатныя былі ісці наперад. Людзі Хрыста на некаторы час атрымалі перадышку. Скарыстаўшыся з гэтага, ён адвёў іх да ўрвішча, на захад ад замка, загадаў звязаць плашчы і спускацца са стромы ўніз. Сам ён з маладым узначаліў невялікі, даволі слабы людскі ланцуг, што павінен быў прыкрываць тых, якія спускаліся. Ён ведаў: усе спусціцца не паспеюць.І сапраўды – хто абрываўся (не трымалі знясіленыя доўгай сечай рукі), хто падаў на кромцы вады без змогі ўстаць, хто тануў у імклівай плыні Нёмана, закручанай тут сотнямі віроў. А ўсё ж сёй-той ратаваўся, выратоўваўся.Хрыстос ведаў: Лотр збірае сваіх наймітаў у адзін кулак, каб раздушыць ім апошнія сілы тых, што паўсталі. Сілы. Смешна было нават назваць сіламі тое, што ў яго было. Шырокая барва разлівалася на ўсходзе. Людзі чакалі.Лотр стаяў у атачэнні сваіх каля ратушы. Усё яшчэ раўла дуда на званіцы, і ёй туравалі адусюль стогны і крыкі: там дабівалі людзей. Паступова сцягваліся да ратушы банды забойцаў, усе нібы сп’янелыя, паплямаваныя сваёй і чужой крывёй.– Ну дык што? – спытаў Пархвер. – І што рабіць з тымі?– Зараз пойдзеце, – усмешка Лотрава была, як раней, спакойная і высакародная. – А з тымі? Ну што ж. Яго абавязкова вазьміце жывога. Іншых – як хочаце.Да яго падвялі Анею і Раввуні.– Скажыце яму, каб ён здаваўся, – сказаў Лотр. – Іначай у яго хопіць дурасці разбіць галаву, скокнуўшы з яра.Анея маўчала. За яе адказаў Іуда:– А задавіцеся вы! Я быў меднік. Я вывучаў талмуд і таму быў бядняк, бо вывучаў яго не так, як усе. Я нават спрабаваў гандляваць, і гэта былі слёзы, цорэс. Але я не гандляваў людзьмі. І ім – не буду.– Нічога, мы знойдзем спосаб, – сказаў Лотр. – А іншых забіце, Пархвер. Папа Мікалай Першы пісаў балгарскаму цару Багорысу: “Хай правадыр не збаіцца вяршыць забойствы, калі яны могуць трымаць ягоных падданых у паслушэнстве або падпарадкоўваць іх веры...” Вы нешта сказалі, бурмістр?