Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 4

– Сказаў, – у Юстына з-пад скобкі валасоў вуголлямі гарэлі вочы. – Я сказаў: пастыр лютага статка, люцейшы яшчэ за пасомых.– Што ж, неблагая ўхвала, – усміхнуўся кардынал. – Ідзіце, Пархвер. Каплан меў рацыю. “Забівайце. У імя Бога забівайце!”

Раздзел LІ

Юрась з апошняю кучкай сваіх людзей стаяў у канцы перадмостнага саду, там, дзе ён падступаў да стромы над Нёманам. Усё мацней палымнеў усход, і кожны не мог не думаць, ці паспее ён яшчэ раз убачыць сонца.Нешта загарэлася кропкай у тым баку, дзе яно павінна было ўзысці. Але гэта быў агонь паходні. Пасля запалала яшчэ і яшчэ адна, і Хрыстос зразумеў, што перадышцы канец, што ўвогуле ўсяму канец. Зразумелі і тыя, што не паспелі спусціцца. Чалавек сорак падышлі адтуль і сталі з сябрамі, каб не быць расстралянымі ў паветры ці ў спіну падчас уцёкаў, каб памерці з годнасцю.Ланцуг паходняў паўколам набліжаўся да іх. “Крыжы” не хацелі, каб хаця нейкая дробная рыба прыхавалася і праслізнула праз іхні брэдзень.– Скончана, – сказаў Юрась. – Нейкі там евангеліст сказаў бы, што вось прыйшоў час, вось аддаецца сын чалавечы ў рукі сволачы. Бывай, брат. Бывайце, браты. Даруйце.– Ты нам даруй, – адказаў нехта. – Бывай... брат.Малады пацалаваў Хрыста і раптам адчуў нейкі дзіўны, вільготна-салоны смак на вуснах.– Ты што?– Ціха, – адказаў Юрась. – Зрабіць я ані храна не паспеў. Позна. Шкада. Людзей шкада. Зямлі гэтай. Яна цяперака, бедная, усплача.– Нічога, – сказаў малады. – Нічога.Паходні былі ўсё бліжэй і бліжэй. Былі ўжо відаць залітыя вадкай барваю морды.– Ды што казаць? – Братчык узняў меч. – Бі іх, хлопцы, у маю душу.Кучка асуджаных кінулася на варожы строй. Жорсткая, апошняя завіравала сеча... Недзе далёка, далёка ўсё яшчэ лямантавала, лямантавала дуда. І ворагі ўласнымі целамі, усёй сваёй масай адціскалі і адціскалі апошніх паўстанцаў да крутаяра.Хрыстос адчуваў, што ён як зачараваны. Кідаецца, б’е, сячэ, падаюць вакол сябры (Лотравы людзі пачалі расстрэльваць іх з лукаў), падаюць ворагі, а яму хаця б нехта драпіну нанёс.І гэта было горш за ўсё. Значыцца, хочуць узяць жыўцом. Глупства! Хто перашкодзіць яму кінуцца з урвішча ўніз галавою?– Як на разбойніка! – роў ён. – Выйшлі вы з мячамі і каллём... узяць мяне... Дык наце... Наце... Наце...Ён пачуў уздых і азірнуўся. Малады з непамерным здзіўленнем глядзеў на апераны канец стралы, што тырчэў у яго з грудзей....Калі сонца паказала ўсім свой маленькі чырвоны акрайчык, над абрывам стаяў ужо толькі адзін Юрась. Абадраны, чорны ад куродыму, з цяжкімі ад пылу валасамі, запырсканы крывёй, ён круціў над галавою меч, выскаляў зубы і быў такі страшны, што да яго ніхто не рызыкаваў падыходзіць.– Здавайся! – крыкнуў Басяцкі. – Іначай арканы кідаць будзем.Хрыстос брыдка вылаяўся.– А ражна не хочаш, тхор? Тут камяніскі ўнізе. Пакуль далячу да ракі – разарве. Жывым не возьмеце. Не дамся. Я вам не святая Цэцылія, каб мяне бруднымі лапамі лапаць.– Зірні, – сказаў лыцар Езуса.Варожы ланцуг расступіўся. Варта трымала за рукі Анею і скручанага Раввуні з заторкнутым ротам. Нахабна ўсміхаючыся, падышоў да жанчыны волат Пархвер, чорны і смярдзючы ад поту, як і ўсе. Весела блішчэў сінімі вачыма. Узяў Анею за валасы: спалохана здрыгануліся веі, закаціліся чорныя ў сінь вочы.– Зараз я яе... пры табе, – рагатнуў Пархвер. – Братамі будзем.Пазней ніхто не мог сцяміць, як гэта здарылася, і менш за ўсіх сам Юрась. Вочы нібыта самі заўважылі нажную дзіду побач з трупам паўстанца, цела зрабіла бліскавічны рывок да яе, рука схапіла і накіравала куды трэба.